Маці з інфекцыяй COVID-19: рэкамендацыі па грудным выкормліванні
Даказана, што кармленне грудзьмі / кармленне грудным малаком зніжае смяротнасць нованароджаных, немаўлят і малых дзяцей і аказвае пажыццёвы ўплыў на імунітэт. Падчас эпідэмій і іншых стыхійных бедстваў гэта найважнейшы прыродны рэсурс для кармлення нованароджаных і немаўлят.
Маці, якая інфіцыравана COVID-19 і мае лёгкую клінічную карціну, рэкамендуецца працягваць даглядаць дзіця і карміць яго грудзьмі, выконваючы пры гэтым пэўныя гігіенічныя меры. Рэкамендуецца:
- Праветрываць памяшканне на працягу 10 хвілін кожныя 2 гадзіны.
- Рэгулярна чысціць і дэзінфіцыраваць паверхні, да якіх яна дакранаецца.
- Пры доглядзе дзіцяці і кармленні грудзьмі трэба надзяваць чыстую маску, якая павінна закрываць нос і рот. Пасля яе надзявання неабходна мыць рукі. Маску трэба мяняць кожныя 2 гадзіны і адразу пасля намакання. Пры зняцці маскі нельга датыкацца да той часткі, якая прылягала да твару. Выкарыстаную маску нельга надзяваць паўторна, яе трэба выкінуць.
- Перад кожным кантактам з дзіцем трэба мыць рукі вадой з мылам на працягу 20 секунд.
- Няма неабходнасці мыць грудзі да і пасля кармлення імі. Дастаткова падтрымліваць гігіену цела, рэгулярна прымаючы душ і часта мяняючы начную кашулю. Калі пры кашлі макрота пападае на грудзі, іх неабходна памыць вадой з мылам.
- Калі ў інфіцыраванай маці няма катаральных праяў і дзіця знаходзіцца ў тым жа пакоі, ложачак павінен размяшчацца на адлегласці 2 м ад ложка маці, а паміж імі варта паставіць перагародку.
- Калі маці кашляе ці чхае, ёй пажадана не знаходзіцца ў адным пакоі з дзіцем, а ў памяшканні, дзе яно ёсць, насіць ахоўную маску.
- Заражанай маці трэба кашляць ці чхаць у папяровую сурвэтку, пасля чаго неадкладна выкідваць яе ў смеццевае вядро з вечкам. Далей абавязкова мыццё рук вадой з мылам на працягу 20 секунд.
Калі маці не адчувае сябе дастаткова добра, каб карміць дзіця грудзьмі (нядужанне, катаральныя з'явы, павышэнне тэмпературы цела да 38,5 °C), ёй трэба аказаць дапамогу ў сцэджванні, каб забяспечыць харчаванне дзіцяці грудным малаком. Як толькі яе клінічны стан палепшыцца, яна можа працягваць карміць грудзьмі. Сцэджванне таксама патрабуе ад маці захавання пэўных гігіенічных мер:
- Важна надзяваць чыстую маску, якая будзе закрываць нос і рот.
- Рукі трэба мыць вадой з мылам на працягу 20 секунд перад кожным сеансам сцэджвання.
Пры сцэджванні малака трэба аддаць перавагу не ручному спосабу, а выкарыстанню вымытага і стэрылізаванага малакаадсоса: так верагоднасць заражэння малака будзе ніжэйшай.
У выпадку, калі ў маці цяжкі клінічны стан, абавязкі па доглядзе немаўляці павінен узяць на сябе здаровы член сям'і; дзіця варта карміць сумессю. Калі пасля выздараўлення маці захоча карміць грудзьмі, ёй трэба аказаць дапамогу ў падтрымцы лактацыі.