Эмоцыі і гульні: малыя дзеці

Ваша дзіця выяўляе эмоцыі і даведваецца пра іх праз гульню. Вось некалькі ідэй гульняў, якія дапамогуць вашаму дзіцяці праяўляць свае пачуцці і даследаваць навакольны свет.
Body

Дзіцячыя эмоцыі і гульні

Малыя дзеці толькі пачынаюць даведвацца пра свае эмоцыі і пра тое, як іх выяўляць. Гульня — гэта натуральны спосаб, з дапамогай якога дзеці вучацца і развіваюцца, і яна дае ім магчымасць адкрываць для сябе і выказваць такія пачуцці, як шчасце ці расчараванне.

Менавіта вы адыгрываеце ў гэтым працэсе асаблівую ролю. Гуляючы з дзіцем, вы можаце дапамагчы яму навучыцца выяўляць эмоцыі.

Гульня з дзіцем — гэта ўзаемадзеянне паміж вамі. Цацкі — не галоўнае. Проста пакрыўляцца — ужо будзе гульнёй для вашага дзіцяці. І калі вы глядзіце адзін аднаму ў вочы, гэта таксама ўмацоўвае вашу сувязь.

Малыя дзеці могуць многа расказаць вам пра тое, што яны адчуваюць, з дапамогай мовы свайго цела. У нашым навучальным відэароліку «Падказкі ад дзяцей» паказаны агульныя «сігналы», якія дапамогуць вам зразумець, што можа «гаварыць» ваша дзіця.

Чаго чакаць ад дзіцячых эмоцый

Ваша дзіця з вялікай верагоднасцю:

  • будзе смяяцца ўголас ва ўзросце 2–4 месяцаў;
  • пачне з асцярогай ставіцца да незнаёмых людзей і больш баяцца новых людзей, пачынаючы прыкладна з васьмі месяцаў;
  • будзе аддаваць перавагу вам перад любым іншым дарослым і будзе ўвесь час хацець быць з вамі, пачынаючы прыкладна з васьмі месяцаў;
  • праяўляць прыкметы боязі расстання, пачынаючы прыкладна з васьмі месяцаў, нават калі вы проста выходзіце з пакоя ў сябе дома;
  • будзе з любоўю абдымаць вас, пачынаючы з 10-месячнага ўзросту.

Ідэі гульняў для стымулявання эмоцый у малога дзіцяці

Вось некалькі ідэй гульняў, якія дапамогуць вашаму дзіцяці адкрываць для сябе і выяўляць эмоцыі:

  • Стварайце музыку разам з дзіцем. Музычныя гульні, такія як спевы ці стварэнне гукаў з дапамогай цацак або простых інструментаў, могуць дапамагчы дзецям выявіць свае эмоцыі.
  • Дакранайцеся да дзіцяці, калі гуляеце з ім. Гэта дапаможа яму выяўляць эмоцыі. Паспрабуйце вершыкі накшталт «Гусі-гусі, га-га-га» і паказычыце ножкі свайго дзіцяці падчас спеваў.
  • Не бойцеся запэцкацца — пагуляйце з пяском, граззю, фарбамі, пластылінам, салёным цестам, глінай. Гэта дапаможа дзіцяці, якое падрасло, даведацца, што матэрыялы бываюць розныя навобмацак. Напрыклад, ваша дзіця можа радасна пляскаць далонькамі па гразі ці моцна расплюхваць ваду. Проста назірайце за ім.
  • Выкарыстоўвайце лялек ці цацкі, каб растлумачыць простыя эмоцыі. Напрыклад, гуляючы з лялькамі ці цацкамі, можна сказаць нешта накшталт «Машынка радуецца, таму што аўтобус едзе разам з ёй пакатацца» ці «Мышцы сумна, таму коцік абдымае яе».

Хоць гульня важная для навучання і развіцця, галоўнае — каб было весела. Калі гэта не весела, то гэта не гульня. Таму важна браць прыклад са свайго дзіцяці, калі справа даходзіць да гульняў. Мова цела вашага дзіцяці падкажа, калі яму будзе цікава гуляць, а калі надакучыць.

Калі звяртацца па дапамогу, заўважыўшы, што ў дзіцяці праблемы з выяўленнем эмоцый

Дзеці растуць і развіваюцца з рознай хуткасцю. Як правіла, асноўныя моманты ў развіцці дзіцяці адбываюцца ў адным і тым жа парадку, але ўзрост, у якім яны выяўляюцца, можа адрознівацца ў выпадку кожнага канкрэтнага дзіцяці. Нават дзеці з адной сям’і развіваюцца па-рознаму.

Варта звярнуцца да педыятра, калі:

  • ваша дзіця рэгулярна адварочваецца ад вас і не глядзіць вам у вочы;
  • твар вашага дзіцяці рэдка адлюстроўвае тое, што яно адчувае, напрыклад, дзіця не паказвае вам, калі яму весела ці калі яно засмучана.