Кармленне дзіцяці грудным малаком іншай жанчыны (карміцелькі)
На працягу ўсёй гісторыі чалавецтва дзяцей, пазбаўленых мацярынскага малака, часта кармілі грудзьмі іншыя жанчыны; такія дзеці мелі значна больш шанцаў выжыць, чым тыя, якім давалі малако жывёл. Калі дзякуючы тэхнічнаму прагрэсу стала магчымым вырабляць сумесі, патрэба ў карміцельках паменшылася, з’явілася штучнае выкормліванне.
Улічваючы незаменную ролю груднога малака для здароўя дзяцей, Сусветная арганізацыя аховы здароўя і іншыя міжнародныя арганізацыі рэкамендуюць выкарыстоўваць для харчавання дзяцей, якія па нейкіх прычынах не могуць атрымліваць мацярынскае малако, малако іншых жанчын. Маюцца на ўвазе жанчыны, якія кормяць грудзьмі ўласных дзяцей і гатовыя аддаваць лішкі малака для кармлення тых дзяцей, хто мае ў ім патрэбу.
У некаторых краінах для кармлення неданошаных дзяцей і дзяцей з пэўнымі захворваннямі арганізаваны банкі груднога малака, у якіх з захаваннем неабходных гігіенічных нормаў збіраюць, апрацоўваюць і захоўваюць донарскае малако.
Карміць грудзьмі могуць практычна ўсе жанчыны, але ў некаторых мам не наступае лактацыя або яны не могуць карміць грудзьмі па медыцынскіх супрацьпаказаннях: з-за прыёму лекавых прэпаратаў ці атрымання іншага лячэння, раней перанесеных аперацый на грудзях і г. д.
Колькасць малака ў банках груднога малака абмежаваная, і яно не можа давацца здаровым дзецям, у якіх няма доступу да матчынага малака. Іншай крыніцай атрымання груднога малака можа быць нефармальны абмен. Гэта значыць, што дзіця атрымлівае малако іншай жанчыны напрамую, звычайна ад сяброў сям’і ці сваякоў. У апошні час таксама становіцца папулярнай прапанова груднога малака праз інтэрнэт, што, безумоўна, не з’яўляецца рэкамендаванай практыкай.
Калі вы прымаеце рашэнне карміць дзіця малаком іншай жанчыны, вам неабходна ведаць:
- інфармацыю пра стан здароўя жанчыны-донара;
- ці курыць яна, ці ўжывае алкаголь або якія-небудзь прэпараты;
- ці прымае яна якія-небудзь лекавыя сродкі;
- ці праводзіліся тэсты на наяўнасць некаторых вірусаў (ВІЧ, гепатыт В, цытамегалавірус);
- ці выконваюцца пры зборы і захоўванні малака строгія меры гігіены;
- ці правільна транспартуецца малако.
Адказнасць у выпадку нефармальнага донарства груднога малака ляжыць як на жанчыне-донары, так і на бацьках, якія прымаюць яго і выкарыстоўваюць для кармлення дзіцяці. Калі жанчына, якая выступае донарам малака, — гэта хтосьці з вашага асяроддзя, член сям’і ці сябар, удакладніце цікавую для вас інфармацыю пра яе здароўе і лад жыцця. Папрасіце яе здаць аналізы на вірусы, якія могуць перадавацца праз грудное малако, і акцэнтуйце ўвагу на тым, што важна збіраць, захоўваць і транспартаваць малако належным чынам.
Пастэрызацыя атрыманага такім чынам малака змяншае рызыку перадачы віруса. Калі дзіця нарадзілася неданошаным або хворае, карміць яго такім малаком не рэкамендуецца.