Кармленне грудзьмі ў адпачынку

Арганізаваць адпачынак прасцей, калі немаўля на грудным выкормліванні. У гэтым выпадку ежа заўсёды даступная, яна патрэбнай тэмпературы, бяспечная з гігіенічнага пункту гледжання, і дзіця можна пакарміць у любы час.
Body

Кармленне грудзьмі на моры

  • Марская вада не аказвае адмоўнага ўздзеяння на грудное выкормліванне. У ёй не ўтрымліваюцца рэчывы, якія могуць паўплываць на выпрацоўку груднога малака.
  • Плаванне дабратворна ўплывае на арганізм, палягчае болі ў спіне, а таксама спрыяе страце лішняй вагі.
  • Уздзеянне непрамых сонечных прамянёў таксама паказана пры грудным выкормліванні.
  • Сонцаахоўныя сродкі не трапляюць у кроў у вялікай колькасці; тым не менш, рэкамендавана выкарыстанне крэму для загару з натуральных інгрэдыентаў. Карыстаючыся сонцаахоўным крэмам, не наносьце яго на тыя ўчасткі, адкуль ён можа патрапіць у ротавую поласць дзіцяці.
  • Не выкарыстоўвайце сродкі для аўтазагару ў перыяд груднога выкормлівання.
  • Пасля купання здымайце мокры купальны касцюм; вільгаць, назапашаная вакол саскоў у сінтэтычным купальніку, спрыяе развіццю грыбковых інфекцый (малочніцы).
  • Перш чым пачаць карміць дзіця грудзьмі на пляжы, абмыйце іх прэснай вадой, каб выдаліць пот, пясок і марскую соль. Займіце зручнае становішча з дзіцем у цені. Калі вам будзе камфортней — прыкрыйце грудзі тканінай.

Ці трэба часцей карміць дзіця грудзьмі летам

У летнюю спёку немаўляты таксама адчуваюць павышаную патрэбу ў вадкасці. Дзіця, якое знаходзіцца выключна на грудным выкормліванні, атрымлівае ваду толькі з груднога малака, таму варта павялічыць кратнасць кармленняў. Дзіця і само будзе часцей прасіць грудзі; не здзіўляйцеся, калі кармленні будуць кароткімі: дзіця хоча не есці, а піць, таму і пярэдняга малака, якое ўтрымлівае больш вады, будзе дастаткова. Пачынаючы з шасцімесячнага ўзросту і пазней, калі дзіця ўжо спрабуе цвёрдую ежу, можна даваць яму ваду.