Харчаванне маці падчас груднога выкормлівання

У перыяд груднога выкормлівання харчаванне павінна быць збалансаваным, а прыёмы ежы — рэгулярнымі. Няма неабходнасці ўжываць якую-небудзь асаблівую ежу ці цалкам выключаць пэўныя прадукты.
Body

Існуе многа памылковых думак адносна харчавання маці, якія кормяць дзіця грудзьмі: што ім патрэбна асаблівая ежа, што яны павінны есці больш і пры гэтым пазбягаць шматлікіх прадуктаў.

У перыяд цяжарнасці ў арганізме назапашваецца тлушч, пасля родаў выпрацоўка груднога малака забяспечваецца часткова за кошт гэтых запасаў і часткова за кошт ежы, якой вы харчуецеся. У перыяд кармлення грудзьмі вам дадаткова патрабуецца 450–500 калорый. Патрэба ў калорыях найбольш высокая ў першыя 4–6 месяцаў, калі дзіця харчуецца выключна грудным малаком. Дастаткова дадаць у штодзённы рацыён тры лустачкі хлеба, 100 г мяса ці птушкі, адну порцыю садавіны ці гародніны ці малочныя прадукты. Калі дзіця пачне есці дадатковую ежу, прыём гэтых «дабавак» можна будзе спыніць.

Адразу пасля родаў рацыён мамы павінен быць лёгкім і складацца пераважна з вадкай ежы: малако, свежавыціснутыя фруктовыя сокі, кампоты з садавіны або сухафруктаў, хлябцы, супы з гародніны. Аднак ужо на другім тыдні пасля родаў рацыён трэба зрабіць больш разнастайным.

Рэкамендацыі па харчаванні пры грудным выкормліванні

  • Прынамсі адна трэцяя частка бялку, які спажываецца за дзень, павінна быць жывёльнага паходжання — рыба, мяса, малако, яйкі. Мяса таксама задавальняе павышаную патрэбу ў вітаміне B, жалезе і цынку ў гэты перыяд.
  • Амега-3 тлустыя кіслоты неабходны для развіцця мозгу і органаў зроку дзіцяці. Тлустую марскую рыбу варта ўжываць 2–3 разы на тыдзень. Крыніцамі карысных тлустых кіслот таксама з’яўляюцца аліўкавы і гарбузовы алей, семя лёну, кунжуту і семечкі гарбуза.
  • Кальцый — важны кампанент малака і малочных прадуктаў, неабходны для правільнага развіцця касцявога апарата ў дзіцяці; лепш за ўсё ён засвойваецца з малочных прадуктаў, сардзін, тофу, кунжутнай пасты.
  • Старайцеся атрымліваць вітамін C са свежай садавіны і гародніны, а вітамін B з цэльназерневых круп і мяса.
  • Немаўлятам вельмі патрэбны ёд; спажыванне невялікай колькасці ёдаванай кухоннай солі забяспечыць патрэбу арганізма ў ёдзе. Важна не перасольваць ежу.
  • Падчас кармлення грудзьмі таксама павялічваецца патрэба ў вітамінах D, E і A. Калі ваша харчаванне падчас цяжарнасці было дастатковым і збалансаваным, у вас утварыўся запас гэтых вітамінаў, з якога яны зараз трапляюць у грудное малако.

Вітамін D выпрацоўваецца ў скуры пры ўздзеянні сонечных прамянёў.

  • Аддавайце перавагу свежай і прыгатаванай карысным спосабам ежы, пазбягайце смажаных страў, прамыслова перапрацаваных мясных прадуктаў і вяндліны, падвяргайце мяса дастатковай тэрмічнай апрацоўцы.

Некаторыя прадукты з моцным пахам (цыбуля, часнок, брокалі, белакачанная і цвятная капуста, спецыі, бабы) могуць уплываць на пах і смак груднога малака, што можа не спадабацца дзіцяці. У гэтым выпадку некаторы час проста не ўжывайце ў ежу такія прадукты.

Патэнцыяльна алергенныя прадукты: адсутнасць гэтых прадуктаў у рацыёне не выключае агульнай рызыкі ўзнікнення алергіі ў дзіцяці; калі вы не ўжываеце шматлікія прадукты, вы недаатрымліваеце важныя і карысныя пажыўныя рэчывы. Старайцеся знайсці кампраміс.

Прадукты або дабаўкі, якія стымулююць лактацыю                                                             

  • Піўныя дрожджы — багатыя вітамінам B і рэкамендаваны да прыёму падчас груднога выкормлівання, але не ў выглядзе піва, паколькі яно змяшчае алкаголь.
  • Авёс — станоўча ўплывае на гармоны, якія адказваюць за выпрацоўку малака. Можна есці аўсяную кашу, аўсянае пячэнне.
  • Нут у складзе супоў, тушаны або ў выглядзе пасты (хумус) — добра падыходзіць для харчавання маці, якія кормяць грудзьмі; пшанічная каша — яшчэ адна выдатная страва.
  • Семя, асабліва кунжутнае і льняное.

Не трэба ні прымушаць сябе ўжываць вадкасць, ні абмяжоўваць яе ўжыванне. Для здаволення павышанай смагі дастаткова 3–4 дадатковых шклянак вады, пажадана падчас кармлення грудзьмі. Пераважны напітак — вада, акрамя таго, у невялікай колькасцяі рэкамендуюцца свежыя фруктовыя сокі. Выключыце газіраваныя і салодкія напіткі, а таксама тыя, якія змяшчаюць штучныя фарбавальнікі, араматызатары і падсалоджвальнікі; нельга ўжываць энергетычныя напіткі.

Што да кавы, то яе рэкамендуецца піць не больш за 3 кубкі ў дзень. Пры вызначэнні аптымальнай колькасці кавы, якая не акажа негатыўнага ўплыву на дзіця, кіруйцеся яго паводзінамі. Кафеін таксама прысутнічае ў энергетычных напітках, зялёным чаі, кока-коле; ён можа выклікаць перапады настрою, нервовасць, колікі, а таксама парушэнні сну ў дзіцяці.

Практычныя парады па харчаванні пры грудным выкормліванні

  • Важна прымаць ежу і рабіць перакусы рэгулярна; знайдзіце час для сябе.
  • Не адкладайце і не прапускайце сняданак, калі раней у вас была такая звычка.
  • Ежа павінна быць разнастайнай, бо разнастайнасць пахаў і смакаў груднога малака дапаможа вашаму дзіцяці ў будучым лягчэй прывыкнуць да новай ежы.
  • Асабліва важна ўжыванне садавіны і гародніны, таму што яны ўтрымліваюць неабходныя мінералы і вітаміны.
  • Не замяняйце паўнацэнную ежу перакусамі; таксама старайцеся не есці гатовыя прадукты са штучнымі фарбавальнікамі, падсалоджвальнікамі і іншымі дабаўкамі.
  • Радуйце сябе любімым фастфудам толькі зрэдку.
  • Пазбягайце салодкай і тлустай ежы, а таксама цукразмяшчальных сокаў.
  • Піце да таго, як адчуеце смагу. Выпівайце шклянку вады падчас кожнага кармлення грудзьмі; смага — адна з прыкмет аксітацынавага рэфлексу. Піце столькі вадкасці, колькі лічыце патрэбным. Памятайце, што вялікая колькасць вадкасці не павялічвае выпрацоўку малака, а можа нават знізіць яе.
  • Ужывайце прадукты з высокім утрыманнем вітаміну B, бо ён стымулюе выпрацоўку малака. Да іх адносяць дрожджы і цэльназерневыя крупы.
  • Пачакайце з пахуданнем. Калі вы рэзка станеце губляць вагу і пазбягаць пэўных прадуктаў ці есці занадта мала, гэта можа адмоўна адбіцца на грудным выкормліванні.

Многія мамы імкнуцца вярнуць стройную фігуру і асцерагаюцца, што кармленне грудзьмі адкладзе вяртанне да жаданай вагі, якая была ў іх да цяжарнасці. Насамрэч грудное выкормліванне стымулюе спальванне тлушчу, назапашанага за час цяжарнасці, для гэтага трэба толькі цярпенне!