Малочніца (кандыдоз)

Малочніца (кандыдоз) — грыбковае захворванне, якое часцей за ўсё ўзнікае ў роце дзіцяці. Як правіла, яно сустракаецца на першым годзе жыцця і звычайна не з’яўляецца падставай для хвалявання.
Body

Малочніца выклікаецца грыбком Candida albicans, які ў арганізме чалавека жыве ў раўнавазе з іншымі мікраарганізмамі; пры парушэнні балансу паміж імі развіваецца інфекцыйны працэс.

Развіццё дысбіёзу магчыма пры смактанні дзіцем саскоў маці падчас груднога выкормлівання, а таксама прадметаў, такіх як соскі ад бутэлечак, пустышкі, цацкі, на паверхні якіх грыбок прысутнічае ў вялікай колькасці. Большасць немаўлят, народжаных натуральным шляхам, сутыкаюцца з кандыдай пры нараджэнні, бо ў невялікай колькасці яна прысутнічае ў похве.

У некаторых выпадках да развіцця кандыдозу можа прывесці лячэнне дзіцяці антыбіётыкамі.

Прыкметы заражэння

  • У дзіцяці з'яўляюцца белыя плямы на слізістай абалонцы ротавай поласці або сып на ўчастках скуры, якія знаходзяцца пад падгузнікам.
  • Дзіця можа не мець відавочных сімптомаў, аднак пры распаўсюджванні грыбка магчыма адмаўленне ад ежы па прычыне раздражнення; слінавыдзяленне павялічваецца.
  • Пры наяўнасці інфекцыі ў маці пашкоджаныя грыбком саскі могуць выглядаць нармальнымі ці чырвонымі і раздражнёнымі.
  • Інфекцыя саскоў суправаджаецца пачуццём моцнага колючага болю, жанчына адзначае, што саскі «гараць» ці «паколваюць» пасля кармлення грудзьмі.

Змены спачатку адбываюцца на языку дзіцяці; у адрозненне ад астаткаў малака, гэты налёт нялёгка выдаліць. Калі інфекцыя распаўсюджваецца на ўнутраную паверхню шчок і вуснаў, можна ўбачыць невялікія белыя плямы (як быццам яны прысыпаны маннымі крупамі).

Лячэнне маці

  • Па рэкамендацыі ўрача выкарыстоўвайце супрацьгрыбковыя прэпараты.
  • Пасля кожнага кармлення грудзьмі прамывайце саскі цёплай вадой, рэкамендуецца адкрываць іх для ўздзеяння паветра і непрамых сонечных прамянёў.
  • Перад кожным кармленнем грудзьмі працірайце саскі растворам харчовай соды.
  • Мыйце рукі да і пасля кармлення грудзьмі і пераадзявання дзіцяці.
  • Насіце баваўняныя бюстгальтары, якія можна мыць пры 95 °C.
  • Не карыстайцеся падушачкамі для кармлення, бо грыбок «любіць» вільготнае асяроддзе.

Лячэнне дзіцяці

  • Па рэкамендацыі ўрача на працягу 10 дзён выкарыстоўвайце супрацьгрыбковыя прэпараты (кроплі або гель для пераральнага прымянення), яны ўжываюцца пасля ежы.
  • Асцярожна выдаліце ​​грыбковы налёт з рота дзіцяці растворам харчовай соды (1 чайная лыжка на 100 мл кіпячонай астуджанай вады): абгарніце марлю вакол пальца, акуніце яго ў раствор і акуратна правядзіце па языку, дзяснах і слізістых абалонках шчок дзіцяці, рабіце гэта за 30–60 хвілін да ежы.

Пакуль дзіця смокча грудзі, інфекцыя перадаецца ад рота да саска (і наадварот), таму важна лячыць і маму, і дзіця.

Як прадухіліць малочніцу

  • Стэрылізуйце соскі для бутэлечак, накладкі для саскоў, лыжкі.
  • Мыйце цацкі, якія дзіця цягне ў рот.
  • Мыйце рукі да і пасля кармлення грудзьмі і пераадзявання дзіцяці.
  • Калі ў вашага дзіцяці сып/раздражненне скуры пад падгузнікам, неабходна яго вылечыць.

Звярніцеся да ўрача, калі малочніца распаўсюджваецца і дзіця адмаўляецца смактаць грудзі ці есці іншую ежу, калі ў яго гарачка або калі пастаянна адбываецца  рэцыдыў малочніцы. Варта таксама звярнуцца па медыцынскую дапамогу, калі мама адчувае пастаянны боль у выглядзе пякоты або паколвання ў сасках ці глыбокі колючы боль у грудзях.