Вы сталі бацькам: як адаптавацца да новай ролі
Маладыя таты: зносіны з нованароджаным
У першыя дні ці нават тыдні пасля нараджэння немаўляці вы можаце адчуваць ураган эмоцый — радасць і трывогу, захапленне і разгубленасць, аднак памятайце, што маладыя таты цалкам гатовыя да новай ролі. Яны гэтак жа добра, як і мамы, распазнаюць патрэбы сваіх нованароджаных і могуць задаволіць іх. Яны таксама добра клапоцяцца і пра іншых сваіх дзяцей.
Насамрэч, калі вы клапоціцеся пра сваё дзіця, вы робіце гэта менавіта так, як можа толькі тата. Верагодна, вы выхоўваеце дзяцей не так, як ваша жонка/партнёрка, але адаптацыя да розных стыляў выхавання дапамагае вашаму дзіцяці авалодаць рознымі сацыяльнымі навыкамі.
Вось некалькі парад, як наладзіць адносіны з дзіцем.
Удзельнічайце ва ўсім
Удзел у штодзённых клопатах пра дзіця, такіх як адзяванне/пераадзяванне, купанне, змена падгузнікаў, гульня, — гэта выдатны спосаб наладжвання блізкіх адносін з вашым дзіцем. Бацькоўскія навыкі ўдасканальваюцца ў практыцы: чым больш практычнага вопыту вы атрымаеце, тым больш кампетэнтнымі і ўпэўненымі вы станеце.
Спраўляйцеся з цяжкасцямі
Не паддавайцеся жаданню аддаць дзіця назад маці, калі ў вас нешта не атрымліваецца. Праводзьце больш часу з ім сам-насам — гэта дапаможа вам умацаваць вашу ўпэўненасць у сабе і асвоіць новыя навыкі.
Праводзьце час з дзіцем сам-насам
Такі вопыт вельмі важны для наладжвання трывалай эмацыянальнай сувязі паміж вамі і немаўлём. Калі вы бавіце час сам-насам са сваім дзіцем, вы клапоціцеся і пра сваю жонку/партнёрку, даючы ёй магчымасць адпачыць.
Паказвайце сваю прывязанасць
Калі вы чуйна рэагуеце на сігналы дзіцяці і задавальняеце яго патрэбы, у арганізме дзіцяці выпрацоўваецца гармон аксітацын. Дзякуючы яму ваша дзіця добра сябе адчувае, акрамя таго, гэты гармон добра ўплывае на ўстанаўленне сувязей паміж нервовымі клеткамі, стымулюючы развіццё галаўнога мозга немаўляці.
Вы таксама можаце імітаваць выраз твару вашага дзіцяці — хмурыцца, высоўваць язык, усміхацца ці паўтараць за ім гукі. Усё гэта дапамагае ўмацаваць сувязь і прывязанасць паміж вамі і вашым дзіцем.
Размаўляйце з дзіцем
Старайцеся пастаянна размаўляць з дзіцем. Пакуль вы даглядаеце яго, можна прагаворваць усё, што робіце. Напрыклад: «Пара ісці гуляць. Цяпер мы будзем апранацца. Глядзі, вось цёплы камбінезон. Давай мне ножкі, а зараз ручкі — раз, і гатова». Чуючы ваш ласкавы голас, нованароджаны адчувае сябе задаволеным і абароненым.
Размова «сілкуе» мозг немаўлят. Кожнае слова, якое чуе дзіця, стымулюе яго разуменне і развіццё маўлення, а таксама ўмацоўвае вашыя адносіны з ім.
Знаходзьце час для гульняў
Гульні з нованароджаным — гэта не гульні з цацкамі, а эмацыянальнае ўзаемадзеянне паміж вамі і вашым дзіцем. Вось некалькі ідэй:
- Штодня кладзіце дзіця на жывоцік. Гэта стымулюе яго маторнае развіццё і пазнавальную цікавасць. Калі вашаму дзіцяці пакуль складана ўтрымліваць позу лежачы на жываце, крыху дапамажыце яму: размясціцеся насупраць на ўзроўні яго твару і ласкава паклічце дзіця, можна пакласці маленькі валік яму пад рукі.
- Чытайце ці расказвайце дзіцяці вершы, якія вы памятаеце з дзяцінства, спявайце песенькі.
- Пагуляйце з дзіцем у «Ку-ку». Такая простая гульня дапаможа вам весела правесці час, акрамя таго, яна спрыяе развіццю мыслення, маторыкі, камунікацыі і сацыяльна-эмацыянальных адносін у вашага дзіцяці.
Памятайце: актыўны ўдзел бацькі ў жыцці дзяцей спрыяе лепшаму развіццю іх сацыяльных і акадэмічных навыкаў. Удзельнічаць у жыцці дзіцяці ніколі не позна!
Клопат пра вашы адносіны
Большасць пар заўважаюць змены ў адносінах пасля нараджэння дзіцяці. Спачатку гэта вельмі ўзбуджае, і партнёры часта адчуваюць сябе бліжэйшымі адзін да аднаго. Але прыкладна праз месяц многія пачынаюць адчуваць сябе больш стомленымі, напружанымі і перагружанымі клопатам пра дзяцей і хатнімі справамі.
Часам маладыя бацькі высвятляюць, што ў іх розныя ўяўленні пра сямейнае жыццё ці выхаванне дзяцей.
Размова з партнёрам — лепшы спосаб справіцца з гэтымі зменамі і паклапаціцца пра свае адносіны. Прачытайце іншыя артыкулы пра тое, як справіцца са стрэсам і як расслабіцца.
Да 15 % жанчын і 10 % мужчын могуць пакутаваць ад пасляродавай дэпрэсіі. Даведайцеся больш пра яе сімптомы ў жанчын і ў мужчын. Калі вы лічыце, што ў вас ці ў вашага партнёра падобная сімптаматыка, як мага хутчэй звярніцеся да ўрача.
Разуменне змен у вашых сексуальных адносінах
З’яўленне дзіцяці можа змяніць вашы сексуальныя адносіны з партнёрам. Вы і ваша жонка/партнёрка можаце захацець зноў адчуць сябе блізкімі, але займацца сексам часам можа быць складана з-за стомленасці, фізічных змен пасля родаў, змен у сексуальным самаадчуванні вашай жонкі/партнёркі.
Большасць пар аднаўляюць свае сексуальныя адносіны. Вось некалькі парад, якія могуць дапамагчы ў гэтым:
- Пастаўцеся з разуменнем. Вы абое перажываеце сур’ёзныя змены. Важна супакоіць жонку/партнёрку і паспрабаваць зразумець яе пачуцці. Часта парам рэкамендуецца пачакаць да шасцітыднёвага пасляродавага агляду, перш чым аднавіць сексуальнае жыццё. Аднак усе мы розныя, і некаторым мамам, магчыма, давядзецца пачакаць даўжэй.
- Знайдзіце іншыя спосабы быць блізкімі. Паспрабуйце праявіць сваё каханне дадатковымі знакамі ўвагі — пацалункамі або абдымкамі, трымайцеся за рукі, зрабіце масаж або разам прыміце ванну. Нават мімалётны дотык, напрыклад, калі вы праходзіце міма адзін аднаго на кухні ці бераце рэчы з машыны, можа нагадаць вам пра вашу сувязь.
- Падзяліце нагрузку. Калі вы падзяляеце клопат пра дзіця або бераце на сябе дадатковыя хатнія абавязкі, у вашага партнёра з’яўляецца больш часу на аднаўленне.
Пра гэтыя праблемы можа быць складана гаварыць. Калі вам цяжка, вы разам можаце звярнуцца да кансультанта.
Выхаванне ў камандзе
Выхаванне ў камандзе азначае працу над агульнымі бацькоўскімі каштоўнасцямі, сумеснае прыняцце рашэнняў, канструктыўны падыход да праблем і спакойнае вырашэнне канфліктаў.
У бацькоўскай сумеснай працы ёсць некалькі пераваг:
- Калі вы і ваша жонка/партнёрка разам спраўляецеся з праблемамі і радуецеся поспехам сумеснага выхавання, вы становіцеся мацнейшымі і лепш падрыхтаванымі да прыняцця цяжкіх рашэнняў.
- Дзеці вучацца паводзіць сябе, назіраючы за тым, як вы ўзаемадзейнічаеце адзін з адным. Калі вы сутыкаецеся са складанасцямі, стрэсам, але сумесна вырашаеце праблемы і канфлікты канструктыўным чынам, вы паказваеце вашаму дзіцяці прыклад сацыяльна прымальных паводзін.
- Калі ваша дзіця жыве ў атмасферы любві і ўзаемнай павагі, яно адчувае сябе ў бяспецы. Ваша ўзаемадзеянне з жонкай/партнёркай уплывае на развіццё і паводзіны вашага дзіцяці.
У першыя дні і тыдні пасля нараджэння дзіцяці галоўнае — падтрымліваць адзін аднаго і захоўваць пазітыўныя адносіны, бо вы разам адаптуецеся да змен у вашай сям’і і вучыцеся быць камандай. Ніжэй дадзены некалькі парад:
- Прыслухоўвайцеся да інтарэсаў і клопатаў вашай жонкі/партнёркі. Маладыя маці часта кажуць, што цэняць магчымасць падзяліцца тым, што адбываецца, — добрым і дрэнным, з кімсьці, каму сапраўды не ўсё роўна.
- Будзьце гатовыя дапамагчы жонцы/партнёрцы ў моманты, калі ёй трэба зрабіць перапынак ці адпачыць.
- Падтрымлівайце адзін аднаго ў прысутнасці дзяцей і абмяркоўвайце рознагалоссі, калі дзяцей няма побач.
- Старайцеся стрымлівацца, калі хочаце даць «слушную» параду, — часам ваш партнёр проста жадае зняць стрэс, пагаварыўшы з уважлівым слухачом.
- Знаходзьце час, каб дзяліцца ідэямі пра тое, як лепш спраўляцца з праблемамі, — у ідэале рабіць гэта, калі вы адпачылі і спакойныя.
Для атрымання дадатковай інфармацыі прачытайце артыкулы пра важнасць сумеснай працы, падтрымкі адзін аднаго, кіравання канфліктамі.
Перамены ў жыцці і бацькоўскія ролі
Партнёрам варта сумесна абмяркоўваць змены ролі кожнага члена сям’і ў сувязі з нараджэннем дзіцяці. Напрыклад, калі бацька хоча праводзіць больш часу са сваёй сям’ёй, ён можа быць зусім не рады звышурочнай працы. Гэтак жа маладой маці можа быць складана ўвесь час знаходзіцца дома, даглядаючы дзіця, калі яна вяла актыўную прафесійную дзейнасць да яго нараджэння.
Вось некалькі адпраўных пунктаў для сумеснай размовы:
- Што павінна быць зроблена? Складзіце спіс патрэб вашай сям’і, няхай гэта будзе догляд дзіцяці, пакупкі, мыццё адзення, прыгатаванне ежы, мыццё посуду або папаўненне сямейнага бюджэту. Гэта дасць вам адпраўную кропку для планавання таго, хто і што можа рабіць.
- Колькі кожны з вас хоча ці павінен працаваць? Пастарайцеся паглядзець на факты, напрыклад на сямейны даход. Гэта дазволіць вам вырашыць, хто будзе адказны за папаўненне сямейнага бюджэту, а хто можа застацца дома з дзіцем.
- Колькі фінансаў неабходна? Складанне сямейнага бюджэту дапаможа вам вызначыцца, ці магчыма скараціць працоўны час мужа/партнёра, каб ён мог праводзіць больш часу з сям’ёй.
- Чыя праца больш гібкая? Вы можаце заўважыць, што адзін працадаўца больш лаяльны да сямейных праблем і патрэб, чым іншы. Гэта можа мець вялікае значэнне, калі вы ці ваша жонка/партнёрка вернецеся на працу.
- Што зробіць вас шчаслівым? Усё роўна, хто якую ролю адыгрывае ў сям’і, калі вы абое адчуваеце сябе шчаслівымі і задаволенымі.