Малады тата: 10 парад, як пачаць бацькоўства
Вы цяпер малады бацька
Тое, што вы сталі татам, — гэта, мабыць, адна з самых важных падзей у вашым жыцці.
Калі вас перапаўняюць моцныя эмоцыі, якія часта ўзнікаюць у сувязі з нараджэннем дзіцяці (не кажучы ўжо пра тое, што вы недасыпаеце), непазбежна паўстаюць пытанні, з чаго пачаць і што рабіць. Вам нават можа падацца, што з усім спраўляецца ваша партнёрка, і вы не ведаеце, што рабіць вам.
Па-першае, важна ўсведамляць, што ў вас ёсць усё што трэба, каб любіць дзіця, наладжваць зносіны з ім і клапаціцца пра яго. З самага нараджэння яно гатова ўзаемадзейнічаць з абаімі бацькамі. Як тата вы будзеце аказваць вялікі ўплыў на жыццё свайго дзіцяці з першага яго дня. Даглядаць немаўля вельмі карысна для вашага эмацыянальнага стану.
Яшчэ да нараджэння дзіцяці варта падумаць, як распарадзіцца адпачынкам па яго доглядзе, спланаваць працоўную нагрузку на наступныя месяцы і г. д. Гэта трэба, каб вы маглі ўдзяляць досыць часу ды ўвагі дзіцяці і размеркаваць абавязкі па яго доглядзе і хатнія абавязкі са сваёй жонкай/партнёркай. Так вам будзе прасцей адаптавацца да новай ролі.
Быць татам — няпростая навука. Магчыма, вам дапамогуць відэа з інтэрнэту з аповедамі іншых бацькаў пра тое, як даглядаць дзіця, мяняць падгузнікі, трымаць ці супакойваць яго і г. д. Вы можаце даведацца пра школу маладых бацькоў непадалёк ад вашага дома. Хадзіце разам з жонкай/партнёркай на прыём да педыятра і задавайце яму хвалюючыя пытанні пра догляд і развіццё вашага дзіцяці — усё гэта дапаможа павысіць вашу бацькоўскую кампетэнтнасць.
Малады тата: з чаго пачаць
1. Уключайцеся з першых дзён
Ваша дзіця гатова да зносін з вамі з самага нараджэння. Найлепшы спосаб навучыцца новаму і паверыць у свае сілы — штодня ўдзельнічаць у яго доглядзе: адзяваць, укладваць спаць, гуляць, купаць і мяняць падгузнікі. А яшчэ гэта значыць, што вы кожны дзень будзеце праводзіць з дзіцем дастаткова часу сам-насам, што асабліва важна для фарміравання пазітыўных адносін. Пастарайцеся з самага пачатку дамовiцца з вашай жонкай/партнёркай пра раздзяленне хатніх абавязкаў i абавязкаў па доглядзе дзiцяцi.
2. Навучыцеся разумець сваё дзіця
Паводзінамі і рухамі немаўляты паведамляюць вам пра свае жаданні і патрэбы: «я галоднае», «мне сумна», «я стамілася», «мне нязручна» і да т. п. Калі вы будзеце ўважліва сачыць за тым, як паводзіць сябе ваша дзіця, то хутка навучыцеся разумець, што яму трэба.
3. Помніце, што дакранацца — значыць мець зносіны
Калі вы дакранаецеся да дзіцяці, трымаеце яго на руках, яно адчувае сябе спакойна і ў бяспецы. Такое ўзаемадзеянне ўмацоўвае вашу сувязь з немаўлём і стымулюе яго развіццё. Старайцеся як мага часцей браць дзіця на рукі. Калі вы носіце яго на руках, прыціснуўшы да грудзей, немаўля чуе ваша сэрцабіццё. Часты кантакт «скура да скуры», таксама вядомы як «метад кенгуру», мае асаблівае значэнне для здароўя і развіцця, асабліва ў нованароджаных.
4. Размаўляйце з дзіцем як мага часцей
Старайцеся ўвесь час мець зносіны з дзіцем. Вы можаце прагаворваць усё, што вы робіце: «Час мяняць падгузнік. Зараз-зараз цябе пераадзенем. Вось і новы падгузнік. Глядзі, як хутка, — раз, і гатова». Кожнае слова, якое чуе дзіця, стымулюе ў яго разуменне і развіццё маўлення, а таксама ўмацоўвае вашы з ім адносіны. Такі ж эфект дасягаецца, калі вы расказваеце казкі, чытаеце ці спяваеце.
5. Дапамагайце пры грудным выкормліванні
Грудное малако — лепшая ежа для вашага немаўляці. Ваша падтрымка ў працэсе груднога выкормлівання будзе асабліва важнай для вашай жонкі/партнёркі. Прынясіце ёй шклянку вады, падайце дадатковую падушку ці нешта іншае, што ёй можа спатрэбіцца. Калі жонцы/партнёрцы нялёгка даецца грудное выкормліванне, падумайце, да каго звярнуцца па дапамогу, — гэта можа быць кансультант па грудным выкормліванні або патранажная медсястра. Калі акажацца, што па нейкай прычыне жонка/партнёрка не можа карміць грудзьмі, падтрымайце і супакойце яе, прапануйце звярнуцца па кансультацыю.
6. Праводзьце час сам-насам
Гэта асаблівы час для вас і вашага дзіцяці. Калі вы знаходзіце магчымасць будаваць зносіны з дзіцем так, каб уся ваша ўвага была звернута на яго, а яго — на вас, гэта дапамагае вам па-сапраўднаму зблізіцца. Гэта не абавязкова павінна быць нешта сур’ёзнае — можна дурэць і строіць адзін аднаму міны, напрыклад, пакуль вы апранаеце дзіця.
7. Шукайце патрэбную вам інфармацыю
Незалежна ад таго, сталі вы бацькам упершыню ці ўжо маеце пэўны вопыт, заўсёды ёсць чаму павучыцца. Вывучайце больш інфармацыі, чытаючы профільныя сайты ў інтэрнэце, размаўляючы з іншымі татамі ці наведваючы заняткі для бацькоў. І, вядома, лепшы спосаб навучання чамусьці — гэта практыка, таму як мага больш часу аддавайце догляду дзіцяці.
8. Не саромейцеся прасіць дапамогі і прымаць яе
Калі хто-небудзь спытае, ці можна вам нечым дапамагчы, не саромейцеся адказаць станоўча. Пагаварыце са сваёй жонкай/партнёркай пра тое, ці гатовыя вы прыняць дапамогу ад сям’і, сяброў, калег ці суседзяў. Гэта можа быць нешта простае — папрасіць таго, хто ідзе да вас у госці, купіць па дарозе хлеб. Больш за тое, калі вы ў чымсьці не ўпэўнены, не саромейцеся звяртацца па параду да ўрача або медыцынскіх работнікаў.
9. Не пускайце адносіны на самацёк
Нараджэнне дзіцяці можа стаць дадатковай нагрузкай для вашых адносін з жонкай/партнёркай. Паспрабуйце захоўваць пазітыўны настрой і падтрымліваць адзін аднаго, разам даглядаючы дзіця. Будзьце ўважлівыя да вашай жонкі/партнёркі — дайце ёй адчуць ваш клопат. Старайцеся разам абмяркоўваць справы і чаканні. Гэта можа датычыцца ўсяго: ад таго, хто бярэ адпачынак па доглядзе дзіцяці, да таго, хто гатуе вячэру. Калі вы раздзяляеце хатнія абавязкі і абавязкі па доглядзе дзіцяці, гэта зніжае нагрузку кожнага і дапамагае справіцца са справамі, колькасць якіх вырасла. Падтрымлівайце адзін аднаго ў стварэнні пазітыўнай і гарманічнай атмасферы ў сям’і.
10. Беражыце сябе
Калі вы адчуваеце сябе добра, у вас больш сіл і магчымасцей для догляду дзіцяці і падтрымкі жонкі/партнёркі. Старайцеся весці здаровы лад жыцця і знаходзіць магчымасць адпачываць і высыпацца, нават калі не ўдаецца гэта зрабіць ноччу. Выдзяляйце час для сябе.
Калі вы ці ваша жонка/партнёрка адчуваеце, што не спраўляецеся з новай роляй, ці камусьці з вас усё гэта вельмі цяжка даецца, без ваганняў звярніцеся па дапамогу да спецыяліста. Пачытайце інфармацыю пра пасляродавую дэпрэсію ў жанчын і мужчын у нашых артыкулах.