Агульныя рэкамендацыі пры дэфіцыце масы цела ў дзяцей

Зніжэнне вагі (або недастатковы яе набор) у той ці іншай ступені можа назірацца ў любы момант жыцця дзіцяці, а часцей за ўсё ў выніку захворвання і/або недастатковага харчавання. Паўнацэнны рацыён, арганізацыя больш частых прыёмаў якаснай ежы і ўвага бацькоў да патрэб дзіцяці дазволяць паступова кампенсаваць страту або недастатковы набор вагі.
Body

Зніжэнне вагі або неадпаведнасць яе прыбаўкі павелічэнню даўжыні цела/росту дзіцяці часцей за ўсё ўзнікае па прычыне захворвання і/або недастатковага харчавання. У раннім дзяцінстве аптымальнае харчаванне мае важнае значэнне для паўнацэннага развіцця вашага дзіцяці. Разумеючы гэта, вы будзеце імкнуцца стварыць умовы для гарманічнага развіцця дзіцяці і выправіць сітуацыю ў выпадку ўзнікнення праблем.

Ніжэй прадстаўлена некалькі карысных рэкамендацый, якія дапамогуць вам зразумець, што можна змяніць яшчэ да звароту да педыятра:

У перыяд хваробы

• Пры грудным выкормліванні дзіця будзе часцей прасіць грудзі, а час кармлення скароціцца — улічыце гэту акалічнасць.

• Пры натуральным зніжэнні апетыту ў дзіцяці падчас хваробы вельмі важна, каб яно атрымлівала дастатковую колькасць вадкасці.

• Часцей прапануйце вашаму дзіцяці разнастайную ежу больш мяккай кансістэнцыі (супы, булёны, рагу з гародніны (асарці), кавалачкі свежай садавіны, дыні, кавуна), старайцеся даваць яму тыя стравы, якія дзіця любіць больш за ўсё.

• Падчас хваробы расход вадкасці павялічваецца (са стулам, праз скуру, пры дыханні). Папаўняйце баланс вадкасці (лепш пітной вадой), прапаноўваючы яе дзіцяці паміж прыёмамі ежы, нават калі яно можа піць толькі маленькімі глыткамі.

• Сачыце за паводзінамі вашага дзіцяці і рэагуйце на яго патрэбы: давайце яму вадкасць або ежу ў тым аб'ёме, які яно можа спажыць.

 

Пасля перанесенага захворвання або перыяду недастатковага харчавання

(у тым ліку па прычыне эканамічных ці сацыяльна-эмацыянальных абставін):

• Неабходна заахвочваць дзіця есці больш і/або часцей да стабільнага аднаўлення вагі.

• Грудное выкормліванне неабходна працягваць у адпаведнасці з патрэбамі дзіцяці, магчыма, з больш частымі кармленнямі.

• Звярніце ўвагу на рэкамендацыі па аптымальным харчаванні ў адпаведнасці з узростам дзіцяці, улічваючы павышаную патрэбу ў пажыўных рэчывах у перыяд аднаўлення.

• Для адэкватнага задавальнення павышанай патрэбы дзіцяці ў пажыўных рэчывах забяспечце якасны бялковы рацыён: розныя віды мяса, рыбы, птушкі, яек і бабовых (гарох, фасоля, сачавіца) у спалучэнні са злакамі. У такім выпадку дзіця атрымае неабходную колькасць мінералаў — жалеза і цынку.

• Забяспечце павышаную энергетычную каштоўнасць ежы: дадавайце чайную лыжку сметанковага масла ў пюрэ, кашы (манную, кукурузную, крупяныя).

• Прапаноўвайце дзіцяці мясцовую свежую сезонную садавіну і гародніну.

• Працягвайце гатаваць традыцыйную для сям'і ежу.

• Не адмаўляйце дзіцяці ў ежы, не прапаноўвайце дадаткова малочныя сумесі, напіткі і прадукты з даданнем цукру (сокі, газіраваныя напіткі, кандытарскія вырабы, салодкія прысмакі), смажаныя (у фрыцюры) прадукты хуткага прыгатавання. Яны даюць адчуванне сытасці і энергію, але не забяспечваюць неабходнымі і карыснымі пажыўнымі рэчывамі.

Абавязкова пракансультуйцеся з педыятрам наконт абследавання вашага дзіцяці, дадатковых рэкамендацый па харчаванні, а таксама вызначэння плана далейшага назірання за дынамікай яго росту і развіцця.