Прычыны аўтызму і расстройстваў аўтыстычнага спектра
Да нядаўняга часу лічылася, што расстройствы аўтыстычнага спектра могуць быць выкліканы генетычнымі анамаліямі, але апошнія даследаванні паказваюць, што фактары навакольнага асяроддзя не менш важныя. Аднак малаверагодна, што адзін пэўны ген адказвае за развіццё гэтага расстройства. Хутчэй за ўсё, некалькі генаў аб’ядноўваюцца і дзейнічаюць разам. Хаця многія звязваюць аўтызм са страўнікава-кішачнымі расстройствамі, навукоўцы не знайшлі доказаў павелічэння іх частаты ў дзяцей з аўтызмам.
У іншых даследаваннях спасылаюцца на асаблівасці будовы галаўнога мозга, якія адзначаюцца ў некаторых дзяцей з ранняга ўзросту. Было выяўлена, што ў першыя гады жыцця памер мозга ў дзяцей з аўтызмам значна большы, чым у аднагодкаў без асаблівасцей развіцця. Аднак калі параўноўваць гэты паказчык у дзяцей 10–15 гадоў, то не адзначана розніцы паміж дзецьмі з аўтызмам і аднагодкамі, якія развіваюцца нармальна, у той час як у больш сталым узросце назіраецца тэндэнцыя да памяншэння аб’ёму шэрага і белага рэчыва галаўнога мозга ў людзей з аўтызмам.
Дадзеныя вялікай колькасці розных даследаванняў паказваюць, што мы не павінны забываць аб ролі ўздзеяння знешніх фактараў на арганізм маці ў прэ-, перы- і постнатальны перыяды.
Да фактараў навакольнага асяроддзя, якія могуць быць прычынай развіцця аўтызму, адносяць уздзеянне пестыцыдаў, вірусаў (ветраная воспа, краснуха), рэтынолавай кіслаты, ужыванне пэўных лекаў, алкаголю падчас цяжарнасці, узрост бацькоў, ускладненні падчас родаў, звязаныя з траўмай або ішэміяй, і недахоп кіслароду.
Нягледзячы на тое, што навуковых даследаванняў па гэтай тэме праводзіцца многа, прычыны ўзнікнення аўтызму пакуль не ўстаноўлены. Да гэтага часу не існуе дакладных аб’ектыўных метадаў функцыянальнай дыягностыкі, на аснове якіх можа быць пастаўлены дыягназ аўтызму.
Даказанай сувязі паміж вакцынацыяй і развіццём аўтызму няма.