Рвота
Рвота ў малых дзяцей, дзяцей старэйшага ўзросту і падлеткаў
Рвота ў дзяцей узнікае па многіх прычынах, але найбольш распаўсюджанымі з’яўляюцца няцяжкія захворванні (напрыклад, гастраэнтэрыт), часам да рвоты можа прыводзіць нават прастуда.
Да іншых прычын рвоты адносяцца ўкалыхванне ў транспарце, інфекцыі мочавыводзячых шляхоў, а таксама больш сур’ёзныя захворванні, такія як апендыцыт, менінгіт, кішэчная непраходнасць або траўма галавы.
Некаторыя віды рвоты з’яўляюцца звычайнай з’явай. Напрыклад, малыя дзеці часта зрыгваюць невялікую колькасць малака пасля кармлення. Такую з’яву называюць «рэфлюксам».
У дзяцей рвота сустракаецца вельмі часта. Яна можа выклікаць непрыемныя эмоцыі і напалохаць вас і ваша дзіця. Аднак у большасці выпадкаў дзеці вельмі хутка прыходзяць у норму.
Сімптомы, звязаныя з рвотай
Рвота ў дзіцяці часта суправаджаецца болем у жываце, дыярэяй і млоснасцю.
Абязводжванне з’яўляецца адной з сур’ёзных рызык пры ўзнікненні рвоты, асабліва ў малых дзяцей. Да прыкмет абязводжвання адносяцца больш рэдкае мочаспусканне (меншая колькасць мокрых падгузнікаў у немаўлят), запалыя вочы, сухасць языка і ротавай поласці, зніжэнне вагі, стамляльнасць і млявасць.
Ці трэба звярнуцца да педыятра ў выпадку рвоты?
Звярніцеся да ўрача, калі адзначаеце ў дзіцяці нешта з наступных сімптомаў:
- частая рвота;
- дрэннае самаадчуванне;
- непрывычныя паводзіны, напрыклад млявасць ці трывожнасць;
- зніжэнне/недабор вагі ў перыяд, пакуль рвота працягваецца.
Неадкладна выклічце хуткую дапамогу (па тэлефоне 103), калі ў дзіцяці адзначаецца:
- абязводжванне — мочаспусканне адбываецца радзей, чым звычайна, заўважныя бледнасць і зніжэнне пругкасці скурнага покрыва, вочы запалыя, канечнасці халодныя, адзначаюцца санлівасць, млявасць або трывожнасць, зніжэнне вагі;
- рвота ярка-зялёнага колеру або з прымессю крыві;
- моцны або бесперапынны боль у жываце, які суправаджаецца рвотай;
- рвота пасля траўмы галавы;
- дрэннае самаадчуванне.
Рвота «фантанам»
Рвота «фантанам» — рвота, пры якой у малых дзяцей адбываецца вывяржэнне змесціва страўніка з вялікай сілай. Такое бывае ў выпадку сур’ёзнага стану — піларастэнозу. Калі ў дзіцяці захоўваецца частая рвота «фантанам», трэба неадкладна звярнуцца да педыятра.
Вы лепш ведаеце сваё дзіця, таму калі вам здаецца, што яно дрэнна сябе адчувае, даверцеся сваёй інтуіцыі. Да прыкмет таго, што ў дзіцяці развіваецца небяспечны стан, які патрабуе тэрміновай медыцынскай дапамогі, адносяцца моцны боль, санлівасць, бледная ці сінюшная скура, абязводжванне, цяжкае дыханне, прыступы сударгаў і зніжэнне адчувальнасці.
Лячэнне рвоты
Калі ў дзіцяці рвота, самае галоўнае — забяспечыць яму частае піццё ў невялікіх колькасцях. Напрыклад, можна прапаноўваць па некалькі глыткоў вадкасці кожныя 15 хвілін. Лепш за ўсё падыдзе вада або раствор для аральнай рэгідратацыі. Гэта дапаможа прадухіліць абязводжванне. Каб зразумець, ці дастаткова дзіцяці вадкасці, звярніце ўвагу на кратнасць і аб’ём яго мочаспусканняў.
Таксама варта падбадзёрваць і супакойваць дзіця.
Не ўжывайце лекавыя сродкі, якія прадаюцца без рэцэпта, для спынення рвоты ў дзяцей. Пабочныя эфекты ад такіх прэпаратаў могуць быць вельмі сур’ёзнымі. Часам, каб спыніць рвоту, урачы прызначаюць лекі, але толькі пасля ўважлівага медыцынскага агляду.
У выпадку гастраэзафагеальнага рэфлюксу разнастайныя метады лячэння можна прымяняць толькі пасля кансультацыі педыятра.