Пяцівалентная камбінаваная вакцына
Камбінаваная пяцівалентная вакцына выкарыстоўваецца для засцярогі вашага дзіцяці ад дыфтэрыі, слупняку, коклюшу, гепатыту В і гемафільнай інфекцыі (ХІБ-інфекцыі). Гэта вакцына не ўтрымлівае жывых мікраарганізмаў.
Body
Аб вакцыне
- Вакцына ўтрымлівае некалькі антыгенаў: дыфтэрыйны і слупняковы анатаксіны, цэльнаклетачны коклюшны кампанент (інактываваная бактэрыя), паверхневы антыген віруса гепатыту В і кан’югіраваную (звязаную з бялкамі слупняку) вакцыну супраць гемафільнай палачкі тыпу В. Прэпарат таксама ўключае: цукрозу, амінакіслоты, гідраксід алюмінію ў якасці ад’юванта, фенаксіэтанол, траметамол і сляды кампанентаў вытворчага працэсу (неаміцын, стрэптаміцын, поліміксін В). Вакцыны, якія ўтрымліваюць бясклетачны коклюшны кампанент (часткі бактэрыі коклюшу), выкарыстоўваюцца для імунізацыі наступных катэгорый дзяцей: якія маюць супрацьпаказанні да цэльнаклетачных коклюшных вакцын; неданошаных; якія часта і доўга хварэюць; якія маюць у анамнезе фебрыльныя сударгі, алергічныя захворванні (атапічны дэрматыт), а таксама геномную, неўралагічную паталогію (сіндром Даўна, дзіцячы цэрэбральны параліч).
- Згодна з дзеючым нацыянальным графікам вакцынацыі, вашаму дзіцяці ўводзяць гэту вакцыну ў 2, 3, 4 і 18 месяцаў. У 6 і 16 гадоў уводзяць бустарную дозу вакцыны ад дыфтэрыі і слупняку.
- Ін’екцыю выконваюць унутрымышачна ў пярэднебакавую паверхню сцягна.
- Калі вашаму дзіцяці вакцынацыя праводзілася нерэгулярна, звярніцеся да педыятра, каб назначыць увядзенне прапушчанай дозы вакцыны.
- Гэта прышчэпка не назначаецца ў наступных выпадках:
— у дзіцяці была моцная алергічная рэакцыя (анафілаксія) на папярэднюю дозу вакцыны ці праявілася алергія на некаторыя кампаненты вакцыны;
— дзіця мае прагрэсіруючае захворванне цэнтральнай нервовай сістэмы (некантралюемая эпілепсія, энцэфалапатыя).
- Калі ў вашага дзіцяці вострае захворванне, якое суправаджаецца ліхаманкай, вакцынацыю трэба адкласці да яго выздараўлення. Прастуда не з’яўляецца супрацьпаказаннем да прышчэпкі.