Развіццё неданошанага дзіцяці: прычыны для хвалявання
Неданошаныя дзеці і рызыка праблем з развіццём
Сёння неданошанымі лічацца немаўляты, якія нарадзіліся з 22-га па 37-ы тыдзень цяжарнасці. Развіццё неданошанага дзіцяці, безумоўна, мае свае асаблівасці. У большасці выпадкаў гэтыя дзеці «даганяюць» сваіх даношаных аднагодкаў у развіцці і ў далейшым нічым ад іх не адрозніваюцца.
Аднак чым раней нараджаецца неданошанае дзіця, тым больш верагодна, што ў яго могуць узнікнуць праблемы ў развіцці.
Дзеці з лёгкай ступенню неданошанасці
Дзеці, якія нарадзіліся на тэрміне 34–36 тыдняў, маюць лёгкую ступень неданошанасці. У іх ёсць невялікая рызыка ўзнікнення праблем з развіццём і цяжкасцей з дыханнем у параўнанні з даношанымі дзецьмі.
Многія органы такіх немаўлят цалкам развітыя, але ў іх арганізме ўсё яшчэ адбываецца шмат змен.
Магчыма, дзецям давядзецца застацца ў бальніцы, каб набраць вагу і навучыцца есці, каардынуючы смактанне, дыханне і глытанне.
Дзеці з цяжкай ступенню неданошанасці
Неданошаныя дзеці, якія нарадзіліся на тэрміне менш за 28 тыдняў, і малыя дзеці, народжаныя з надзвычай нізкай масай цела — менш за 1 кг, маюць самую высокую рызыку праблем з развіццём. Працэнт гэтай рызыкі павялічваецца пры ўзнікненні медыцынскіх ускладненняў падчас знаходжання дзяцей у аддзяленні інтэнсіўнай тэрапіі нованароджаных (АІТН).
Калі ў вас ёсць якія-небудзь асцярогі наконт развіцця вашага дзіцяці, абавязкова пракансультуйцеся з урачом. Магчыма, вашаму дзіцяці ў найбліжэйшай будучыні могуць спатрэбіцца назіранне і дапамога розных спецыялістаў, такіх як: неўролаг, педыятр, афтальмолаг, ЛОР-урач, аўдыёлаг, фізічны тэрапеўт, інструктар-метадыст ЛФК, стаматолаг, лагапед.
Развіццё маўлення ў неданошаных дзяцей
У неданошаных дзяцей, як і ў іх даношаных аднагодкаў, маўленне развіваецца ў адпаведнасці з пэўнымі ўзроставымі заканамернасцямі, аднак не выключаны затрымкі ў маўленчым развіцці. У неданошанага дзіцяці могуць узнікнуць праблемы з разуменнем і авалоданнем маўленнем у параўнанні з іншымі дзецьмі.
Затрымка маўлення і складанасці з камунікацыяй могуць быць раннімі прыкметамі парушэння слыху ці цяжкасцей з навучаннем.
Фізічнае развіццё неданошаных дзяцей
У большасці неданошаных дзяцей адзначаецца тыповае фізічнае і рухальнае развіццё, хоць у іх, як правіла, ніжэйшыя паказчыкі росту і масы цела, чым у іх даношаных аднагодкаў.
Праблемы з рухамі
Каля 40 % дзяцей з глыбокай ступенню неданошанасці маюць нязначныя рухальныя парушэнні.
Да іх адносяцца праблемы з:
- дробнай маторыкай — напрыклад, авалоданнем пісьмом;
- планаваннем рухаў — напрыклад, прыняццем рашэння, як пераадольваць перашкоды;
- зрокава-маторнай каардынацыяй — напрыклад, лепкай, выразаннем па контуры;
- сэнсарна-рухальнымі навыкамі — напрыклад, уменнем наліць і ўзяць поўную шклянку, не праліваючы яе змесціва.
У дзяцей з глыбокай ступенню неданошанасці і прыроджанымі асаблівасцямі развіцця адзначаецца высокая рызыка развіцця дзіцячага цэрэбральнага паралічу (ДЦП).
Зубы
У неданошаных дзяцей часцей узнікаюць праблемы з зубамі, чым у даношаных.
Сустракаюцца наступныя стаматалагічныя праблемы:
- Анамальная зубная эмаль: зуб можа выглядаць шэрым, карычневатым або мець няроўную паверхню. У зубах з дрэннай эмаллю лягчэй утвараюцца поласці. У падобных выпадках дапамагае рэгулярная чыстка зубоў.
- Познія зубы: у неданошаных дзяцей зубы часта прарэзваюцца на некалькі месяцаў пазней, чым звычайна, але яны ўсё роўна з’яўляюцца ў прывычным парадку.
- Высокая арка або баразёнка на паднябенні: гэта можа паўплываць на маўленне і прыкус. Большасць дзяцей прыстасоўваюцца да формы паднябення, але іншым пазней можа спатрэбіцца кансультацыя артадонта для падбору брэкетаў.
Рэкамендуецца наведаць дзіцячага стаматолага. Пажадана зрабіць гэта да таго, як вашаму дзіцяці споўніцца год.
Сэнсарнае развіццё неданошаных дзяцей: слых, зрок, сэнсарнае ўспрыманне
У большасці неданошаных дзяцей звычайныя слых, зрок і сэнсарнае ўспрыманне.
Слых
У неданошаных дзяцей часцей, чым у даношаных, сустракаюцца парушэнні слыху рознай ступені. Аднак у невялікай колькасці дзяцей адзначаюцца сур’ёзныя праблемы са слыхам, пры якіх ім могуць спатрэбіцца слыхавыя апараты ці кахлеарныя імплантаты.
Ацэнку слыху можна правесці ў радзільным доме або пакуль дзіця яшчэ знаходзіцца ў бальніцы. Скрынінгавы тэст выяўляе большасць праблем са слыхам, але некаторыя з іх дыягнастуюцца пазней. Важна вызначыць парушэнне слыху ў раннім узросце, каб своечасова аказаць дзіцяці неабходную дапамогу. Напрыклад, падабраць слыхавы апарат, пачаць працаваць са спецыялістамі (сурдапедагогам, лагапедам) і стымуляваць развіццё камунікатыўных, маўленчых і сацыяльных навыкаў дзіцяці.
Зрок
Дзеці, народжаныя неданошанымі, часцей пакутуюць ад парушэння зроку, чым даношаныя аднагодкі. У іх могуць развівацца нязначныя праблемы са зрокам, такія як блізарукасць ці дальназоркасць, касавокасць, кантрасная адчувальнасць ці праблемы з успрыманнем глыбіні.
Самыя сур’ёзныя праблемы са зрокам выяўляюцца вельмі рана. У крайне неданошаных дзяцей варта рэгулярна правяраць зрок, важна кансультавацца з афтальмолагам, які можа накіраваць дзіця на ранняе лячэнне.
Сэнсарная адчувальнасць
Некаторыя бацькі заўважаюць, што ў іх неданошанага дзіцяці адзначаюцца асаблівасці сэнсарнай адчувальнасці. Гэта можа быць павышаная адчувальнасць да раздражняльнікаў, такіх як шум ці пэўныя віды тканіны. У многіх неданошаных дзяцей узнікаюць складанасці з кармленнем — ім не падабаецца, калі нешта кладуць у рот, яны не любяць ежу пэўнай тэкстуры. Часта ў неданошаных дзяцей адзначаецца зніжэнне болевага парога ў параўнанні з даношанымі аднагодкамі.
Развіццё мыслення і навучанне неданошаных дзяцей
У большасці неданошаных дзяцей не ўзнікае цяжкасцей з мысленнем і развіццём здольнасцей да навучання, яны добра вучацца ў школе.
У некаторых неданошаных дзяцей могуць з’явіцца складанасці з навучаннем — напрыклад, праблемы з чытаннем, пісьмом або матэматыкай. У іншых адзначаюцца цяжкасці з планаваннем і выкананнем заданняў.
Вы можаце не заўважаць ніякіх праблем, пакуль ваша неданошанае дзіця не пойдзе ў школу. Часам такім дзецям могуць спатрэбіцца дадатковая падтрымка ці суправаджэнне ў школе.
Сацыяльнае і эмацыянальнае развіццё неданошаных дзяцей
Большасць неданошаных дзяцей звычайна развіваюцца ў сацыяльнай і эмацыянальнай сферы, але могуць паводзіць сябе інакш, чым даношаныя дзеці.
Напрыклад, у першы год жыцця неданошаныя немаўляты радзей узаемадзейнічаюць з іншымі. Яны могуць хутчэй стамляцца і перарываць зносіны — адварочвацца, пазяхаць, рэзка і хаатычна варушыць ручкамі і ножкамі, капрызіць.
Па меры сталення паводзіны дзіцяці будуць мяняцца і падобныя праявы стануць вас турбаваць у меншай ступені. А навучыўшыся чытаць мову цела неданошанага дзіцяці, вы зможаце вызначыць, калі яно хоча мець зносіны і гуляць, а калі яму патрэбен адпачынак.
Сацыяльныя і эмацыянальныя праблемы
Калі ў дзіцяці ёсць «сацыяльныя і эмацыянальныя праблемы», то яму складана ўпісацца ў сваё асяроддзе, выконваць правілы і кантактаваць з іншымі дзецьмі і дарослымі.
У большасці дзяцей часам здараюцца істэрыкі, яны хвалююцца і правяраюць межы дазволенага. Але дзеці, народжаныя неданошанымі, часцей адчуваюць цяжкасці з паводзінамі і рэгуляцыяй сваіх эмацыянальных праяў. Ім бывае складана захоўваць спакой, у іх часта ўзнікаюць цяжкасці з прыёмам ежы і праблемы са сном. У многіх адзначаюцца высокі ўзровень трывожнасці, асабліва ў незнаёмых сітуацыях, павышаная адчувальнасць да крытычных заўваг з боку дарослых ці аднагодкаў і нізкая самаацэнка. Такім дзецям бывае складана знаёміцца, наладжваць зносіны, падтрымліваць сяброўскія стасункі з аднагодкамі.
У неданошаных дзяцей часцей, чым у даношаных, адзначаюцца такія станы, як: сіндром дэфіцыту ўвагі, гіперактыўнасць, рассройства аўтыстычнага спектра, павышаная трывожнасць ці дэпрэсія.
Трэба памятаць, што ў неданошаных дзяцей гэтыя праблемы сустракаюцца нячаста.
Дружалюбнае, стабільнае, стымулюючае і бяспечнае хатняе і школьнае асяроддзе, у якім ваша дзіця можа наладжваць блізкія адносіны, падтрымлівае яго развіццё. Падобная атмасфера таксама дапамагае пераадолець некаторыя складанасці з развіццём і дазваляе дзецям з затрымкамі на раннім этапе нагнаць упушчанае ў больш старэйшым узросце.
Скарэкціраваны ўзрост
Інфармацыя пра скарэкціраваны ўзрост вашага дзіцяці можа дапамагчы, калі ў яго назіраюцца праблемы з развіццём.
Скарэкціраваны ўзрост — гэта розніца паміж фактычным узростам дзіцяці ў тыднях і тыднямі гестацыі, якіх не хапае да даношанага тэрміну.
Скарэкціраваны ўзрост важны для ацэнкі псіхафізічнага развіцця дзіцяці і назірання за дынамікай яго развіцця ў першыя гады жыцця. Напрыклад, калі вашаму дзіцяці шэсць месяцаў, а яно яшчэ не сядзіць, вы можаце растлумачыць гэта тым, што яно нарадзілася на тры месяцы раней за тэрмін. І калі вы паглядзіце на яго скарэкціраваны ўзрост, верагодна, заўважыце, што дзіця выконвае ўсё, што звычайна робяць немаўляты ў трохмесячным узросце.
Улічваючы скарэкціраваны ўзрост вашага дзіцяці, вы можаце ацаніць, што яго развіццё ідзе нармальна.
Двайняты, трайняты і чацвярні часта нараджаюцца рана. Калі вы хвалюецеся пра сваіх двайнят, трайнят або чацвярнят, вам будзе карысна даведацца, што вынікі развіцця некалькіх неданошаных дзяцей аналагічныя вынікам развіцця неданошаных аднаяйцавых дзяцей.