1-ы месяц — знаёмства адзін з адным
Развіццё дзіцяці ў 1-ы месяц
Зносіны
Што новага?
На працягу першага месяца жыцця перад немаўлём стаіць вялікая і важная задача — пазнаёміцца з новым асяроддзем, у якім яно апынулася пасля нараджэння. Асноўны спосаб зносін яго з вамі ў гэты перыяд — плач. Калі дзіця плача, яно спрабуе вам нешта паведаміць — што яно галоднае, яму трэба змяніць падгузнік, яно стамілася ці проста засумавала па вашых руках. Немаўля пачынае распазнаваць гукі — асабліва галасы блізкіх. Дзецям вельмі падабаецца чуць высокія гукі, таму і мамы, і таты, вядома, размаўляюць з імі дзіцячымі галасамі.
Што вы можаце зрабіць?
Вельмі важна, каб вы заўсёды адказвалі на запыты дзіцяці ў гэтым раннім узросце. Часам вам можа быць незразумела, чаму ваш хлопчык плача, але нават у гэтым выпадку важна супакоіць яго сваёй прысутнасцю, голасам, абдымкамі, пагладжваннем і пяшчотным гушканнем. Усё гэта дапамагае яму адчуваць сябе ў бяспецы. Адрозніваючы розны плач вашага дзіцяці, вы паступова навучыцеся разумець, што яно спрабуе вам сказаць. Памятайце: вы не распесціце дзіця, трымаючы яго на руках, кормячы, абдымаючы або размаўляючы і напяваючы яму пяшчотным голасам.
Прыслухайцеся да таго, як плача ваш хлопчык, і паспрабуйце зразумець прычыну. Ён можа плакаць, таму што проста хоча, каб вы ўзялі яго на рукі, ці таму, што ён галодны, яму некамфортна (нязручнае становішча цела або мокры падгузнік), ён хоча спаць, у яго сударгі ці нешта баліць. Заўсёды суцяшайце дзіця, размаўляючы з ім ласкавым спакойным голасам, абдымаючы, гушкаючы і пагладжваючы. Не бойцеся, вы яго гэтым не распесціце.
Пачуцці
Што новага?
Ваша дзіця хоча бачыць у першую чаргу ваш твар і твары іншых людзей. Вы — цэнтр яго сусвету. Яно хоча і павінна быць з вамі побач. Гэта яго першыя адносіны з кім-небудзь, і яны вельмі моцныя. Дзіця любіць адчуваць дотыкі, але не занадта рэзкія ці моцныя.
Што вы можаце зрабіць?
Паколькі ваш хлопчык пакуль не бачыць нічога, што не знаходзіцца паблізу ад яго, па магчымасці будзьце як мага бліжэй: «Глядзі, я тут!». Як мага часцей падтрымлівайце фізічны кантакт — трымайце яго на руках, абдымайце. Атрымлівайаце асалоду ад таго, што дакранаецеся да яго і прыкладаеце да сябе. Размаўляйце з дзіцем, глядзіце яму ў вочы і ўсміхайцеся, калі корміце, адзяваеце або купаеце. Няхай яму будзе спакойна — размаўляйце з ім ласкава, пяшчотна, мякка.
Мысленне
Што новага?
Да гэтага часу ваша дзіця развівалася ў бяспецы — у жываце ў мамы. Нараджэнне — гэта вялікая змена. Цяпер немаўля будзе пазнаваць усё вакол праз зрок, слых і дотык. У гэты перыяд твары людзей — гэта самае цікавае для яго. Да канца першага месяца ваш хлопчык, верагодна, зможа сачыць за вашым тварам вачамі, калі ён знаходзіцца дастаткова блізка (прыкладна на адлегласці 20–30 см). Таксама яму будуць вельмі цікавы рэчы яркіх кантрасных колераў — чорна-белыя ці чырвона-белыя. Ён будзе чуць і пазнаваць ваш голас, але рэзкія гукі могуць яго палохаць — і тады дзіця будзе ўздрыгваць усім целам. У канцы гэтага месяца ваш хлопчык стане намнога больш уважлівым і чулым, чым адразу пасля нараджэння, — вялікія змены ўсяго за некалькі тыдняў!
Што вы можаце зрабіць?
Час, які немаўля праводзіць з вамі кожны дзень, мае вырашальнае значэнне для яго агульнага развіцця і развіцця яго мозга. Тое, як вы рэагуеце на патрэбы дзіцяці, сфарміруе для яго вобраз свету і людзей у ім. Гэта так проста і так важна.
Рух
Што новага?
Нягледзячы на тое, што нервовая сістэма ўсё яшчэ фарміруецца на працягу першага месяца жыцця, ваш хлопчык хутка развіваецца. Да канца першага месяца ён можа паспрабаваць ненадоўга падняць галаву, лежачы на жываце, або павярнуць яе ў бок, лежачы на спіне. Гэта дапамагае ўбачыць, дзе вы знаходзіцеся, і аглядаць захапляльны навакольны свет. Часам дзіця будзе моцна сціскаць ваш палец у сваёй руцэ, але большасць часу яго ручкі будуць сціснуты ў кулачкі. Ваш хлопчык можа ўздрыгваць або падрыгваць рукамі і нагамі, гэтыя рухі пазней стануць больш скаардынаванымі. Яшчэ ён часам будзе падносіць рукі да вачэй і рота.
Што вы можаце зрабіць?
У дадатак да таго, каб насіць і трымаць дзіця на руках, укладвайце яго спаць на спіну (з меркаванняў бяспекі) і давайце яму паляжаць на жываце некаторы час у вас на каленях, калі яно не спіць і вы не не трымаеце яго на руках. Давайце вашаму хлопчыку свабодна варушыць рукамі і нагамі, але таксама паспрабуйце ўхутваць (спавіваць) яго, калі ён не можа супакоіцца.
Ёсць шмат іншых гульнявых спосабаў падтрымаць развіццё, вы можаце знайсці іх у раздзеле «Гуляем разам».
Асцярогі бацькоў з нагоды развіцця ў 1-ы месяц
Паколькі ўсе дзеці развіваюцца па-свойму, немагчыма дакладна прадказаць, калі і як ваша дзіця засвоіць пэўныя навыкі. Чаканыя і прапісаныя на гэты перыяд здольнасці (этапы развіцця) даюць толькі агульнае ўяўленне пра змены, якія вы можаце чакаць па меры сталення вашага хлопчыка. Калі ласка, не хвалюйцеся, калі развіццё будзе адбывацца некалькі інакш.
Аднак для ўласнага спакою абавязкова пагаварыце са сваім педыятрам (ці іншым спецыялістам), калі ваш хлопчык, як вам здаецца, перастаў рабіць нешта з таго, што ўжо ўмеў, калі ў вас ёсць іншыя прычыны для хвалявання або калі ў вашага дзіцяці праяўляюцца якія-небудзь з наступных прыкмет магчымай затрымкі ў развіцці:
- ваша дзіця многа плача, вы не можаце яго супакоіць;
- дрэнна смокча і вельмі павольна есць;
- спіць больш чаканага (больш за 16 гадзін у суткі) або спіць неспакойна;
- наогул не варушыць рукамі ці нагамі;
- не ўздрыгвае пры гучным шуме;
- не маргае пры яркім святле.
Reference:
https://raisingchildren.net.au/newborns/development/development-tracker/0-1-month
Laura E. Berk (2006), Child development (7ht edition), Allyn & Bacon
Dr sci Nirvana Pištoljević (2016), Rani razvoj deteta: šta treba znati, Udruženje pedijatara Srbije, Beograd. [Nirvana Pistoljevic, PhD (2016), Early child development: what you need to know, Serbian paediatric association, Belgrade – available in Serbian]