Правільнае становішча дзіцяці пры кармленні
Гарантыя паспяховага кармлення грудзьмі — добры захоп грудзей
Дзіця не можа атрымаць малако, калі проста смокча сасок, як саломінку. Неабходна, каб увесь сасок і як мага большая частка арэолы знаходзіліся ў яго ў роце. Гэта называецца глыбокім захопам, пры якім сасок накіраваны ўверх, у бок паднябення. Так сасок акажацца глыбока ў роце дзіцяці на мяжы мяккага і цвёрдага паднябення; калі сасок знаходзіцца глыбока ў роце, дзіця можа больш эфектыўна смактаць, стымулюючы выдзяленне малака. Калі ж дзіця захопіць толькі сасок без арэолы, апошні будзе прыціснуты да цвёрдага паднябення. У гэтым выпадку дзіця атрымае зусім мала малака, кармленне будзе балючым і ўзнікне рызыка пашкоджання саскоў.
З часам правільны захоп грудзей стане звычайнай практыкай і вам больш не давядзецца пра гэта турбавацца. Праз 4–6 тыдняў, калі дзіця навучыцца кантраляваць галаву і шыю, яно зможа добра захопліваць грудзі самастойна.
Становішча дзіцяці пры кармленні і захоп грудзей:
- Дзіця размяшчаецца так, каб усё яго цела было побач з вашым, а яго галава знаходзілася на ўзроўні вашых грудзей. Галава, шыя і цела дзіцяці знаходзяцца ў адной плоскасці, твар павернуты да вашых грудзей.
- Паднясіце дзіця да сябе; яго цела павінна быць размешчана прама, а вуха, плячо і сцягно — утвараць прамую лінію: у такім становішчы дзіцяці лягчэй глытаць.
- Памятайце правіла: дзіця набліжаецца да маці, а не наадварот!
- Грудзі павінны знаходзіцца блізка да рота дзіцяці, дайце яму магчымасць даследаваць іх.
- Актывізуйце пошукавы рэфлекс дзіцяці, далікатна дакранаючыся да яго рота саском; можна выціснуць кроплю малака і нанесці яе на сасок.
- Калі рот дзіцяці цалкам адкрыты (як быццам яно пазяхае), напраўце сасок да яго паднябення. Пры гэтым сасок заходзіць у адкрыты рот дзіцяці пад верхняй губой, а язык дзіцяці абгінае сасок знізу.
- Падбародак дзіцяці дакранаецца да вашых грудзей, ніжняя губа вывернута наверх у напрамку падбародка, язык знаходзіцца пад саском, а нос крыху павернуты ў бок ад саска.
- Калі дзіця захапіла грудзі, вы можаце ўзмацніць захоп, асцярожна прысунуўшы дзіця бліжэй да сябе.
- Не трэба спрабаваць праціснуць сасок у рот дзіцяці, калі ён не адкрыты шырока.
- Заўсёды падтрымлівайце грудзі свабоднай рукой, каб дзіцяці было лягчэй смактаць. Сачыце за тым, каб вашы пальцы не знаходзіліся занадта блізка да саска: у дзіцяці павінна быць дастаткова месца для захопу грудзей.
- Часам перад кармленнем неабходна дадаткова падрыхтаваць грудзі (напрыклад, пры іх набраканні).
Падрыхтоўка малочнай залозы да кармлення пры набраканні:
- Перад кармленнем на 10–15 хвілін прыкладзіце да грудзей цёплыя кампрэсы, каб стымуляваць выдзяленне малака.
- Затым далікатна памасажуйце грудзі пальцамі, нібы іграеце на піяніна, у напрамку да саска.
- Сцадзіце крыху малака, каб размякчыць вобласць вакол саска, і размяркуйце малако па саску.
Добры захоп і правільная тэхніка кармлення грудзьмі:
- Рот дзіцяці поўнасцю адкрыты.
- Верхняя губа размяшчаецца над саском і арэолай.
- Ніжняя губа вывернута наверх.
- Падбародак дзіцяці дакранаецца да грудзей.
- Сасок знаходзіцца глыбока ў роце, не дакранаецца да цвёрдага паднябення, хутчэй дакранаецца да мяккага, у роце ўтвараецца вакуум.
- Дзіця смокча рытмічна, робіць паўзы для глытання, якое вы можаце бачыць ці чуць; яго шчокі акругленыя, ямачак няма.
Калі дзіця смокча энергічна і рытмічна, апаражняе грудзі і вы не адчуваеце болю падчас кармлення, можаце быць упэўнены, што яно добра захоплівае грудзі.
Дрэнны захоп:
- Сасок выглядае плоскім або маршчыністым, калі вы вынімаеце яго з рота дзіцяці пасля кармлення.
- Дзіця проста трымае сасок у роце (не смокча) або спіць на грудзях.
- Чуваць гукі смактання ці цмокання.
- Вы адчуваеце боль у сасках падчас і пасля кармлення.
Калі дзіця знаходзіцца ў няправільным становішчы ці вы адчуваеце боль, спыніце кармленне, акуратна памацаўшы ніжнюю губу дзіцяці, каб яно асцярожна адпусціла грудзі; адніміце дзіця ад грудзей і пачніце спачатку. Стаўцеся да працэсу прывыкання як да навучання ваджэнню: спачатку вы павінны абдумваць кожнае дзеянне, увесь час кантраляваць сябе і быць засяроджанымі; калі вы навучыліся і прывыклі, усё ідзе гладка і лёгка.
У выпадку ўзнікнення якіх-небудзь пытанняў або сумненняў наконт груднога выкормлівання вы можаце звярнуцца да спецыялістаў сваёй паліклінікі, у «Бальніцу, добразычлівую да дзіцяці» або да кансультанта па грудным выкормліванні.