Грудное малако і грудное выкормліванне: перавагі

Грудное малако ўтрымлівае пажыўныя рэчывы, неабходныя дзіцяці для росту і развіцця, яно абараняе ад інфекцый і захворванняў. Грудное выкормліванне — гэта зручны і бясплатны спосаб харчавання. Яно дапамагае стварыць трывалую сувязь паміж мамай і дзіцем. Рэкамендуецца практыкаваць выключна грудное выкормліванне да таго часу, пакуль дзіця не пачне есці цвёрдую ежу ва ўзросце прыкладна шасці месяцаў, і працягваць карміць грудзьмі, пакуль яму не споўніцца як мінімум 12 месяцаў.
Body

Перавагі груднога малака і груднога выкормлівання

Грудное малако — гэта сапраўдны цуд: паўнацэнная ежа, гатовая ў любы час, дзе б вы і ваша дзіця ні знаходзіліся.

Карміць грудзьмі можа пераважная большасць мам, калі яны валодаюць патрэбнай інфармацыяй і маюць неабходную падтрымку і догляд.

Грудное малако для малых дзяцей: што кажуць эксперты

Вось некалькі аргументаў на карысць таго, што, як лічаць эксперты, грудное малако — натуральная ежа для дзіцяці.

Грудное малако створана прыродай:

  • На працягу мільёнаў гадоў склад груднога малака фарміраваўся такім чынам, каб цалкам адпавядаць патрэбам дзіцяці. І хоць вытворцы дзіцячых сумесей імкнуцца як мага дакладней капіраваць яго склад, сумесь ніколі не будзе дакладна такой жа.
  • Склад груднога малака адаптуецца да зменлівых патрэб дзіцяці па меры яго сталення і памяншэння колькасці кармленняў. Ён змяняецца нават непасрэдна падчас кармлення: спачатку малако спаталяе смагу, затым яно становіцца насычаным, набывае больш шчыльную кансістэнцыю і ўтрымлівае карысныя тлушчы.
  • Смак груднога малака мяняецца ў залежнасці ад харчавання маці. Значыць, дзіця на грудным выкормліванні, хутчэй за ўсё, добра ўспрыме новыя смакі, калі пачне спрабаваць разнастайную цвёрдую ежу.

Грудное малако — паўнацэннае харчаванне:

  • Грудное малако ўтрымлівае абсалютна ўсе пажыўныя рэчывы, неабходныя дзіцяці на працягу першых шасці месяцаў жыцця. У гэты перыяд дзіця не мае патрэбы ў вадзе ці іншых прадуктах, акрамя груднога малака.
  • Грудное малако лёгка засвойваецца і пераварваецца.

Грудное малако — аснова здаровага развіцця:

  • І малодзіва, і спелае грудное малако ўтрымліваюць антыцелы і іншыя рэчывы, якія дапамагаюць абараніць дзіця ад распаўсюджаных дзіцячых інфекцый і ў будучыні знізіць рызыку развіцця такіх захворванняў, як лейкемія, гастраэнтэрыт, алергічныя захворванні, атлусценне, дыябет 1-га тыпу і іншых.
  • Тлушчы, якія ўтрымліваюцца ў грудным малаку, важныя для развіцця структур мозга дзіцяці.
  • Грудное выкормліванне мае вялікае значэнне для развіцця зроку, маўленчага апарату, сківічна-ротавай функцыі дзіцяці.
  • Сярод дзяцей, якія знаходзяцца на грудным выкормліванні, зніжана рызыка раптоўнай дзіцячай смерці (РДС), уключаючы сіндром раптоўнай дзіцячай смерці (СРДС) і няшчасныя выпадкі, якія прыводзяць да смерці дзіцяці ў сне.

Грудное выкормліванне спрыяе ўстанаўленню цеснага кантакту «скура да скуры» і зрокавага кантакту паміж вамі і дзіцем. Фізічная сувязь з вамі дапамагае дзіцяці адчуць вашу блізкасць і адчуваць сябе ў бяспецы, таксама гэта важны этап псіхаэмацыянальнага развіцця дзіцяці.

Грудное выкормліванне: чаму гэта добра для мам

Грудное выкормліванне зручнае. Няма неабходнасці мыць, стэрылізаваць бутэлечкі і соску, браць з сабой бутэлечкі і чыстую ваду, калі вы выходзіце з дому, рабіць сумесь і астуджаць ці грэць яе для кармлення.

За грудное малако не трэба плаціць.

Грудное выкормліванне спрыяе больш хуткаму фізічнаму аднаўленню маці ў пасляродавым перыядзе.

У адрозненне ад тых маці, якія не кормяць грудзьмі, у мам, якія кормяць, паскораны працэсы засынання, іх цыклы сну сінхранізаваны з цыкламі дзіцяці.

Жанчыны, якія кормяць грудзьмі, менш схільныя да рызыкі раку малочнай залозы, астэапарозу і дыябету 2-га тыпу.

Грудное выкормліванне: ваш выбар

У канчатковым выніку рашэнне карміць грудзьмі — гэта выбар толькі маці, але ён павінен быць усвядомленым.

Калі вы вырашылі не карміць грудзьмі, кантралюйце, каб сумесь забяспечвала дастатковае харчаванне дзіцяці. Калі вы выкарыстоўваеце сумесь у якасці дакорму пры грудным выкормліванні, гэта не значыць, што кармленне грудзьмі варта цалкам спыніць.

Як доўга карміць дзіця грудным малаком

Рэкамендуецца карміць выключна грудзьмі да пачатку ўвядзення цвёрдай ежы (прыкорму). Гэта звычайна адбываецца ва ўзросце каля шасці месяцаў, калі ў дзіцяці пачынаюць праяўляцца прыкметы таго, што яно да гэтага гатова. Прыкладна ў гэтым жа ўзросце ў дзяцей узнікае патрэба ў дадатковых пажыўных рэчывах для росту і развіцця.

На працягу першых некалькіх месяцаў пасля пачатку ўвядзення прыкорму дзіцяці неабходна толькі невялікая яго колькасць, а грудное малако застаецца асноўнай крыніцай харчавання. Калі вы пачалі даваць дзіцяці цвёрдую ежу, лепш за ўсё адначасова з гэтым працягваць грудное выкормліванне, пакуль дзіцяці не споўніцца 12 месяцаў.

Пасля года толькі маме і дзіцяці вырашаць, як доўга працягваць грудное выкормліванне. Калі вы вырашыце карміць грудзьмі даўжэй, дзіця атрымае такую ​​дадатковую перавагу, як абарона ад інфекцый у раннім дзіцячым узросце.