Плач нованароджанага
Першыя дні пасля з’яўлення ў сям’і дзіцяці будуць няпростымі для бацькоў. Аднак, удзяляючы дастаткова ўвагі немаўляці, можна хутка навучыцца распазнаваць яго патрэбы і рэагаваць на іх. Перш за ўсё трэба вызначыць асноўныя патрэбы, якія могуць стаць прычынай плачу дзіцяці, і кантраляваць іх задавальненне, арыентуючыся на яго стан. Ніжэй прадстаўлены асноўныя прычыны плачу ў дзіцяці:
- Голад. Чым меншага ўзросту дзіця, тым большая верагоднасць, што яго плач звязаны з патрабаваннем малака. У першую чаргу паспрабуйце пакарміць яго. У першыя дні пасля нараджэння трэба прыкладаць дзіця да грудзей як мага часцей, каб стымуляваць лактацыю пры грудным выкормліванні. Вядома, калі нованароджаны плача, гэта не заўсёды значыць, што ён галодны! Варта арыентавацца на час апошняга кармлення: калі прайшло менш за гадзіну, то, магчыма, прычына плачу заключаецца ў чымсьці іншым. Таксама плач дзіцяці можа быць абумоўлены патрэбай у непажыўным смактанні.
- Мокры/брудны падгузнік. Некаторыя дзеці не адразу рэагуюць на брудны падгузнік, іншыя ж хочуць, каб яго змянілі неадкладна. У любым выпадку трэба пераканацца ў адсутнасці неабходнасці яго памяняць.
- Дзіцяці холадна ці горача. Трэба быць уважлівым да таго, каб немаўляці не было занадта горача. Памятайце аб правіле: нованароджанаму патрэбна ўсяго на адзін слой больш адзення, чым вам. Калі патыліца і спінка дзіцяці гарачыя і мокрыя, верагодна, яму занадта цёпла. Варта стварыць для яго больш камфортныя ўмовы і праверыць тэмпературу паветра ў пакоі. Калі дзіця замерзла, самы хуткі і лепшы спосаб сагрэць яго — гэта прыкласці да сябе, прама да цела — скура да скуры.
- Жаданне пабыць з мамай. Кожнаму дзіцяці патрэбна мацярынская любоў, увага і блізкасць. Магчыма, немаўля хоча, каб яго абнялі і ўзялі на рукі, ці проста пачуць мамін або татаў голас. Часам дастаткова прыціснуць дзіця да сябе, каб яно адчула ваша сэрцабіцце і пах.
- Дзіцячыя колікі. Гэта частая прычына плачу дзіцяці, звычайна яны ўзнікаюць пасля другога тыдня жыцця.
- Настрой дарослага. Ён таксама можа стаць прычынай хвалявання дзіцяці. Успрымаючы раздражняльнасць і стомленасць дарослага, немаўля будзе таксама эмацыянальна рэагаваць. Разуменне таго, што яно часта проста рэагуе на ваш настрой, дапаможа вам быць з дзіцем больш спакойным.
- Залішняя ўвага. Часам яна можа прымусіць засмучанае дзіця плакаць яшчэ мацней. Калі бацькі ўвесь час перадаюць дзіця адзін аднаму, часта змяняюць яму падгузнікі, нават без патрэбы, калі зноў і зноў прапануюць яму есці, занепакоеным тонам абмяркоўваюць яго плач, гэта можа яшчэ больш расстроіць дзіця, і яно будзе плакаць яшчэ мацней.
Пастаянны і няўцешны плач у дзіцяці
У таго, што дзіця плача пастаянна і няўцешна і яго немагчыма супакоіць, могуць быць наступныя прычыны:
- Закладзенасць носа — пры неабходнасці трэба пачысціць дзіцяці кожны насавы праход з дапамогай фізіялагічнага раствору.
- Запаленчы працэс у вуху. Ён таксама можа суправаджацца раптоўным і няўцешным плачам, але гэта значна больш рэдкая прычына плачу, чым лічылася раней.
- Сып у зоне падгузніка.
- Ушчамленне грыжы. Пры падазрэнні на яго неабходна агледзець пахвінную вобласць дзіцяці і вобласць машонкі ў хлопчыка. Праявы ўшчамлення грыжы: цвёрдая пухліна, лакальнае пачырваненне і значная балючасць. У гэтым выпадку патрабуецца тэрміновае хірургічнае ўмяшанне. Дзеці лёгка пераносяць такія аперацыі, сама яна і пасляаперацыйны перыяд непрацяглыя.
Выпадкі, у якіх трэба звярнуцца да педыятра неадкладна
- Пастаянны плач і неспакой дзіцяці суправаджаюцца цяжкім або пачашчаным дыханнем, бледнасцю або пасіненнем вуснаў, рвотай, дыярэяй ці з’яўленнем крыві ў стуле.
- У дзіцяці незвычайны, манатонны плач або крык, пранізлівы крык, які суправаджаецца зменамі ў паводзінах.
- Дзіця горка плача і ў вас не атрымліваецца супакоіць яго ні адным са спосабаў, які дапамагаў раней; вы не можаце высветліць прычыну плачу.
Заўсёды рэагуйце на плач дзіцяці. Гэта дасць яму ўпэўненасць у тым, што яно мае вельмі вялікае значэнне для вас, што навакольнаму свету можна давяраць. Не бойцеся, што гэтым вы распесціце дзіця. Любві, якой вы дзеліцеся з дзіцем, не можа быць замнога. Яна — аснова для яго развіцця, база для таго, каб яно вырасла і стала тым чалавекам, які будзе ўсведамляць увесь свой патэнцыял, будзе ўпэўненым у сабе і задаволеным, здольным дарыць любоў блізкім яму людзям.