Распаўсюджаныя паводзіны ў дзяцей: плач

Немаўляты нараджаюцца са здольнасцю плакаць. Для дзіцяці плач — гэта асноўны спосаб зносін з людзьмі і дэманстрацыі таго, што яно галоднае, стамілася, адчувае боль, яму некамфортна, а таксама гэта сігнал, што яму востра патрэбны ласка, кампанія і адчуванне камфорту.
Body

Характар ​​плачу ў дзіцяці змяняецца па меры таго, як яно расце. У сярэднім немаўляты плачуць да трох гадзін у дзень, а адно з дзесяці немаўлят — нават даўжэй. Больш за ўсё яны плачуць ва ўзросце 6–8 тыдняў; па меры таго, як дзіця расце, яно, як правіла, плача ўсё менш. Немаўляты ва ўзросце да шасці месяцаў звычайна плачуць найбольш інтэнсіўна пасля абеду і бліжэй да вечара. Суцяшэннем можа служыць тое, што гэта звычайна спыняецца, калі дзіцяці спаўняецца пяць месяцаў. Калі дзіця крыху падрасце, яно будзе плакаць днём часцей, але менш працягла і інтэнсіўна і ў асноўным па прычыне таго, што хоча вам нешта паведаміць.

Што рабіць, калі дзіця плача

 Перш за ўсё праверце: магчыма, дзіця галоднае, стамілася ці адчувае сябе некамфортна. У гэтым выпадку будзе лёгка адрэагаваць: трэба проста пакарміць, пакласці спаць ці памяняць падгузнік. Вось яшчэ некалькі варыянтаў таго, што можна зрабіць:

  • Акуратна пагушкайце дзіця. Ласкавыя дакрананні і знаходжанне ў бацькоў на руках могуць мець заспакаяльнае дзеянне.
  • Схадзіце на прагулку з дзіцем (калі вы не занадта стаміліся для гэтага).
  • Выкупайце дзіця або пяшчотна памасіруйце яго. Дакрананні і масаж супакойваюць, а таксама ўмацоўваюць сувязь паміж ім і вамі. Спытайце ў вашай патранажнай медсястры ці ўрача, як бяспечна рабіць масаж дзіцяці.
  • Ласкава паразмаўляйце з дзіцем, паспявайце яму, пагушкайце ці абдыміце яго, уключыўшы пры гэтым ціхую музыку. Часам шум і гукі такіх прыбораў, як фен ці пыласос, могуць супакоіць дзіця.
  • Паменшыце інтэнсіўнасць знешніх раздражняльнікаў, напрыклад, прыглушыце святло.

Плач дзіцяці часам моцна турбуе бацькоў, пры гэтым яны могуць нават адчуваць трывогу, злосць ці стрэс. Старайцеся хаця б ненадоўга пераключаць увагу: можна пагуляць, пачытаць кнігу, заняцца спортам або прыняць ванну. Калі дзіця плача, а вы адчуваеце, што больш не можаце гэтага выносіць, пакладзіце яго ў бяспечнае месца і ненадоўга выйдзіце з пакоя. Ніколі не трасіце дзіця — гэта можа прывесці да небяспечных траўм галаўнога мозга.

Звяртайцеся па дапамогу і адкрыта гаварыце пра свае пачуцці. Вы напэўна робіце ўсё, што ў вашых сілах, каб дзіця перастала плакаць; аднак калі немаўляты плачуць доўга і моцна, многія бацькі адчуваюць стомленасць і раздражненне. Таму важна звяртацца па кансультацыю і гаварыць пра тое, што вы перажываеце і як вы рэагуеце.