Пазітыўная ўвага з першага дня

Клапатлівыя і заснаваныя на спагадлівасці адносіны з дарослымі — аснова для фарміравання ў дзіцяці пачуцця бяспекі і абароненасці. Усміхайцеся дзіцяці, калі яно глядзіць на вас, падтрымлівайце і заахвочвайце, калі яно разгубленае ці напалоханае, звяртайце ўвагу на тое, што яму цікава, матывуйце яго да далейшых дзеянняў — дзякуючы ўсяму гэтаму дзіця адчуе сябе ў бяспецы і будзе гатова даследаваць усё вакол разам з вамі, а пазней і з іншымі дарослымі.
Body

З першага дня жыцця ўдзяляйце дзіцяці пазітыўную ўвагу:

  • усміхайцеся, калі ваша дзіця глядзіць на вас ці ўсміхаецца;
  • суцяшайце дзіця, калі яно плача;
  • рэагуйце на гукі, якія ўтварае дзіця: пераймайце іх ці гаварыце яму што-небудзь;
  • размаўляйце з дзіцем, не адводзячы ад яго погляд;
  • утрымлівайце ўвагу дзіцяці, змяняючы тон свайго голасу ці выраз твару;
  • гаварыце мякка, павольна і ласкава;
  • сачыце за тым, што цікавіць дзіця; усміхаючыся, прагаворваючы, што яно робіць, адзначаючы яго поспехі ці змяняючы інтанацыю, заахвочвайце яго да таго, каб даследаваць усё навокал (браць, дацягвацца, спрабаваць, кідаць, рухаць, сачыць вачамі, шукаць);
  • заўсёды чакайце рэакцыі дзіцяці: давайце яму час адрэагаваць, якой бы простай ні была гэтая рэакцыя (калі вы звяртаецеся да дзіцяці, яму патрэбны час, каб зразумець, пра што вы яго просіце, і паглядзець у ваш бок);
  • будзьце цярплівыя, заахвочвайце дзіця ветлівай усмешкай і мноствам прыемных слоў, калі ў яго нешта атрымліваецца. Калі вы размаўляеце з дзіцем, яно можа ўтвараць гукі, спрабуючы «сказаць» вам нешта ў адказ;
  • давайце дзіцяці магчымасць удзельнічаць ва ўсім. Назірайце за ім, і калі ў яго змяняецца выраз твару ці яно ўтварае гук, заахвочвайце такія паводзіны ўсмешкай і ласкавымі словамі.