Першыя крокі ў зносінах з малым дзіцем
Навука сцвярджае, што першы крок да якаснага выхавання, а таксама да здаровага развіцця вашага дзіцяці — гэта знайсці спосаб наладзіць надзейную сувязь з немаўлём.
Зносіны з немаўлём павінны прадугледжваць рэагаванне на яго патрэбы з пяшчотай, любоўю і клопатам. Калі вы паводзіце сябе такім чынам, вы становіцеся асаблівым чалавекам для дзіцяці — тым, каму яно давярае і на каго спадзяецца, з кім супакойваецца, асвойвае новыя навыкі, ад каго даведваецца пра сябе і свет.
Наладжванне сувязі паміж вамі і вашым дзіцем — адзін з найважнейшых аспектаў яго развіцця. Калі немаўля атрымлівае ад вас тое, што яму трэба (усмешку, абарону, абдымкі, пяшчоту), яно адчувае, што абаронена і што свет вакол бяспечны для вывучэння, гульняў і спазнання. Гэта складае аснову псіхічнага здароўя, дабрабыту і агульнага развіцця ў дзяцінстве і ў пазнейшым узросце.
Каб наладзіць пазітыўную і надзейную сувязь з дзіцем, важна перш за ўсё назіраць: глядзець, слухаць, заўважаць, што яму падабаецца, што яго супакойвае і што турбуе, як яно рэагуе на боль, гукі... Таксама важна разумець «мову» вашага дзіцяці. Немаўляты звычайна «размаўляюць», паварочваючы галаву і водзячы вачамі, накіроўваючы свой позірк або рух у ваш бок, падтрымліваючы зрокавы кантакт, паварочваючыся на гук вашага голасу, утвараючы ціхія гукі або плачучы, расслаблена гледзячы, зацікаўлена разглядаючы або рухаючы рукамі і нагамі пры кантакце з вамі. Сачыце за падобнымі паводзінамі свайго дзіцяці і старайцеся на іх рэагаваць.