Гульні з малымі дзецьмі
Гульні з малымі дзецьмі: чаму яны маюць важнае значэнне для маторыкі і фізічнага развіцця
Калі гульня садзейнічае руху, гэта будзе карысна для агульнага і фізічнага развіцця дзіцяці.
Гульня дапамагае вашаму дзіцяці:
- умацоўваць мышцы шыі і верхняй часткі цела, што патрэба яму, каб утрымліваць галаву і рухацца;
- вучыцца дацягвацца да прадметаў і хапаць іх;
- умацоўваць мышцы, каб навучыцца пераварочвацца, поўзаць і падцягвацца для таго, каб устаць.
Вы — «цацка», якая больш за ўсё будзе цікавіць ваша дзіця. Гуляць і рухацца разам з ім — гэта выдатны спосаб умацаваць сувязь паміж вамі.
Малыя дзеці і маторыка: чаго чакаць
Ва ўзросце 3–6 месяцаў ваша немаўля можа:
- цягнуцца за цацкамі і пераварочвацца на спіну, калі вы кладзяце яго на жывоцік;
- падносіць рукі да рота і дацягвацца да сваіх ножак і цацак, калі ляжыць на спіне;
- спрабаваць пераварочвацца з жывата на спіну і назад на жывоцік.
У 6–9 месяцаў многім малым дзецям спадабаецца ляжаць на жываце, а не на спіне. Калі яны ляжаць на жываце, то могуць дацягвацца да цацак і рухацца па коле. Калі немаўляты будуць гатовыя, яны могуць нават паспрабаваць паўзці. Таксама ваша дзіця ў гэтым узросце можа рабіць іншыя дзеянні:
- пераварочвацца з жывата на спіну і назад на жывоцік;
- сядзець з вашай дапамогай ці самастойна;
- адштурхоўвацца рукамі і ўставаць на калені;
- уставаць на ногі з вашай падтрымкай.
Пачынаючы з 9–12 месяцаў, ваша дзіця можа:
- поўзаць, пераварочвацца і падцягвацца, каб устаць;
- сядзець самастойна і дацягвацца да цацак, не падаючы пры гэтым;
- класціся са становішча седзячы на жывоцік і садзіцца назад;
- гуляць абедзвюма рукамі.
Асноўныя моманты ў развіцці дзіцяці, як правіла, адбываюцца ў адным і тым жа парадку, але тое, калі яны будуць праходзіць, можа адрознівацца ў выпадку кожнага канкрэтнага дзіцяці. Вы можаце даведацца, чаго чакаць у кожны месяц, у нашай храналогіі развіцця дзіцяці.
Становішча лежачы на жывоціку
Час у становішчы лежачы на жывоціку — гэта той час, які дзіця праводзіць на жывоціку, пакуль не спіць. Калі неўзабаве пасля нараджэння ненадоўга класці дзіця на жывоцік, то гэта дапаможа яму ўмацаваць шыю, галаву і верхнюю частку цела, каб поўзаць і падцягвацца, а потым (калі дзіця падрасце) уставаць.
Спачатку вашаму дзіцяці можа не спадабацца ляжаць на жывоціку — найперш вы можаце паспрабаваць класці яго на жывоцік да сябе на грудзі ці на калені. Такое становішча таксама дазваляе дзіцяці бачыць ваш твар.
Вы таксама можаце легчы разам на падлогу. Дайце дзіцяці зразумець, што вы побач. Для гэтага вы можаце спяваць, размаўляць, гладзіць яго па спіне ці лёгенька казытаць яму ручкі.
Вы можаце пачынаць з таго, што будзеце класці немаўля на жывоцік на 1–2 хвіліны, а затым паступова павялічваць час да 5–10 хвілін некалькі разоў на дзень, калі ваша дзіця прывыкне да гэтага.
Калі вашаму дзіцяці проста не падабаецца ляжаць на жываце ці яму становіцца дрэнна, звярніцеся да свайго ўрача.
Ідэі гульняў для развіцця маторыкі
Ва ўзросце 0–6 месяцаў вы можаце паспрабаваць наступныя гульні:
- Заахвочвайце сваё дзіця да таго, каб яно рухала целам, для гэтага напявайце песенькі і пацешкі або патрэсвайце бразготкамі.
- Некалькі разоў на дзень кладзіце дзіця на жывоцік, каб нядоўга пагуляць.
Дзецям ва ўзросце 6–12 месяцаў могуць спадабацца наступныя заняткі, карысныя для развіцця:
- Размяшчайце цацкі далей ад вашага дзіцяці, каб яно магло дацягнуцца да іх і рухацца. Вы таксама можаце прапанаваць памацаць або патрымаць розныя простыя цацкі, напрыклад бразготкі.
- Давайце дзіцяці драўляныя лыжкі, каб яно магло стукаць па каструлях і патэльнях, або закрытыя ёмістасці з пацеркамі ўнутры, каб дзіця трэсла імі.
- Усаджвайце дзіця ў вертыкальнае становішча на падлогу і падтрымлівайце яго, а таксама перамяшчайце перад ім мяч або цацку. Гэта прымусіць ваша дзіця сачыць за прадметам вачамі, цягнуцца за ім і хапаць.
- Стымулюйце дзіця падцягвацца, каб устаць. Усаджвайце яго побач з мэбляй і прымушайце падцягвацца, а потым уставаць. Пераканайцеся, што ваша мэбля ўстойлівая і не ўпадзе.
- Заахвочвайце дзіця да таго, каб яно прысядала на кукішкі, калі крыху пастаіць. Кладзіце цацкі на падлогу перад дзіцем, якое стаіць, каб яму даводзілася прысядаць і паднімаць іх.
- Калі ваша дзіця можа стаяць з падтрымкай, паспрабуйце даваць яму цацкі-каталкі, напрыклад каляскі з канструктарам. Калі каляска едзе занадта хутка, пакладзіце ў яе некалькі цяжкіх кніг або пакет круп, каб яна ехала павольней.
- Рабіце праходы з крэслаў або кардонных каробак, вашаму дзіцяці спадабаецца поўзаць і перамяшчацца паміж імі.
Таксама важнае значэнне маюць ціхія і спакойныя заняткі, якія асабліва добра падыходзяць для развіцця дробнай маторыкі ў вашага дзіцяці. Напрыклад, калі яно будзе паднімаць маленькія прадметы або класці прышчэпкі ў вядзерца, гэта разаўе дробную маторыку рук. А калі ваша дзіця занятае тым, што разглядае прыгожыя кніжкі ці малюначкі, гэта развівае мышцы яго вачэй.
Дзецям ва ўзросце да двух гадоў не рэкамендуецца праводзіць час перад экранам, выключэнне складаюць толькі размовы па відэасувязі з людзьмі, якіх яны ведаюць, напрыклад, з бабулямі і дзядулямі.
Дзеці вывучаюць, як усё працуе і што яны могуць рабіць, метадам спроб і памылак. Часам у малых дзяцей падчас гульняў з’яўляюцца невялікія шышкі і сінякі — гэта нармальна. Але ўсё ж паклапаціцеся пра тое, каб ваш дом стаў бяспечным, тады дзіця зможа гуляць, не прычыняючы сабе шкоды.
Прыстасаванні для малых дзяцей
Дапаможныя прыстасаванні для малых дзяцей, напрыклад стульчыкі для кармлення, аўтакрэслы, каляскі і манежы, карысныя, але ўсё ж яны абмяжоўваюць рухі вашага дзіцяці. Старайцеся не ўсаджваць дзіця ў іх надоўга і выкарыстоўвайце толькі тады, калі ў іх сапраўды будзе патрэба.
Не рэкамендуецца карыстацца дзіцячымі хадункамі і скакункамі. Іх выкарыстанне можа прывесці да таго, што дзіця пачне пазней хадзіць, поўзаць і сядзець без падтрымкі. Яны таксама могуць стаць прычынай траўмаў, калі малыя дзеці без нагляду будуць дабірацца з іх дапамогай да небяспечных месцаў, напрыклад, яны апынуцца каля духоўкі, прыбіральні, ванны ці лесвіцы.