Гульні з малымі дзецьмі
Гульні з малымі дзецьмі: чаму гэта важна
Гульні маюць важнае значэнне для агульнага развіцця, навучання і здароўя дзіцяці.
Праз гульню ваша дзіця даведваецца пра навакольны свет, даследуючы яго і разумеючы, як усё ўладкавана. Напрыклад, калі яно трасе бразготкай, то разумее, што яго дзеянні маюць наступствы (прыводзяць да ўтварэння гуку).
Актыўныя гульні, якія прымушаюць ваша дзіця рухацца, умацоўваюць яго мышцы і развіваюць буйную і дробную маторыку. А любая гульня, у якой трэба глядзець адзін на аднаго, размаўляць, спяваць і чытаць, выдатна дапамагае вашаму дзіцяці даведвацца, што такое эмоцыі, мова і зносіны.
Гульня з дзіцем мае простую мэту — паказаць яму, што яно для вас многа значыць. Яна ўмацоўвае вашу сувязь з дзіцем. А трывалыя адносіны з вамі адыгрываюць важную ролю ў развіцці, таму што даюць дзіцяці ўпэўненасць, каб працягваць адкрываць нешта новае і вучыцца.
Чаго чакаць ад дзіцячых гульняў
Дзецям падабаецца гуляць з людзьмі — дакранацца да іх твараў і слухаць іх галасы.
Малыя дзеці любяць варушыць ручкамі і ножкамі, і яны будуць цягнуцца да ўсяго — цацак, хатніх жывёл, а таксама да сваіх братоў і сясцёр. Гульня становіцца больш актыўнай па меры таго, як ваша дзіця падрастае. Яно можа пачаць высоўваць шуфляды, кідаць ежу на падлогу і націскаць любую кнопку, якую зможа знайсці.
Аднойчы ваша дзіця падчас гульні захоча быць галоўным і пажадае, каб вы паўтаралі за ім. Іншым разам яму, магчыма, захочацца паспрабаваць рабіць самастойна нешта яшчэ. Варта заахвочваць дзіця да таго, каб яно было галоўным у гульні, але вам давядзецца кантраляваць, каб забава заставалася бяспечнай для дзіцяці і не з’явілася рызыка атрымання траўмы.
Ваша дзіця не ўсведамляе небяспекі, таму рэчы, якія нясуць пагрозу, могуць здацца яму вясёлымі. Загадзя падумайце пра тое, як зрабіць ваш дом больш бяспечным для жвавага дзіцяці.
Ідэі гульняў для малых дзяцей
Лепшая цацка для вашага дзіцяці — гэта вы самі, а лепшая дзіцячая гульня — гульня з вамі. Гэта значыць, што дзіцячыя гульні простыя.
Вось некалькі вясёлых ідэй для вас і вашага дзіцяці:
- Пагуляйце ў дражнілкі ці «Ку-ку», пакажыце язык, пакрыўляйцеся. Дзецям падабаецца разглядаць твары, таму такія гульні цікавяць іх больш за ўсё.
- Пашуміце разам. Спявайце разнастайныя песенькі, гучныя і ціхія, хуткія і павольныя. Вы можаце гучна стукаць па каструлях і патэльнях або трэсці бразготкамі ці званочкамі.
- Стварыце ў сваім доме бяспечнае месца, дзе дзіцяці будзе камфортна рухацца і гуляць. Гэта дазволіць яму адпрацоўваць навыкі сядзення, поўзання, падцягвання, хадзьбы з падтрымкай і інш.
- Давайце дзіцяці розныя прадметы, каб яно магло іх памацаць, — яблыкі з гладкай лупінай, буйныя цацачныя кубікі або халодны кубік лёду. Яшчэ дзеці любяць дакранацца да розных частак вашага твару, а таксама, калі вы дакранаецеся да іх тварыка.
- Спявайце простыя пацешкі, напрыклад, «Сарока-белабока». Вашаму дзіцяці спадабаецца слухаць дзіцячыя вершыкі і традыцыйныя песенькі на роднай мове. Дзеці асабліва любяць такія пацешкі ці песенькі, якія прадугледжваюць пэўныя рухі ці дотыкі.
- «Размаўляйце» са сваім дзіцем. Гаварыце ці ўтварайце іншыя гукі і чакайце, пакуль яно адкажа, — магчыма, вы здзівіцеся таму, колькі хоча і можа сказаць ваша дзіця.
- Чытайце свайму дзіцяці. Сумеснае чытанне можа стаць тым асаблівым часам, які вы праводзіце разам. Верагодна, дзіця будзе хацець слухаць адну і тую ж казку зноў і зноў — для яго гэта спосаб больш даведацца пра мову.
Гульня — гэта перш за ўсё весялосць. Ваша дзіця само падкажа вам, ці хоча яно прадоўжыць гуляць, ці стамілася і жадае пабыць у цішыні.