Удзел дарослых у гульнях дзяцей
Дзецям падабаецца гуляць разам з бацькамі ці побач з імі, асабліва ў вельмі раннім узросце. Удзел дарослых у дзіцячых гульнях вельмі важны ў любым узросце.
Body
Ніжэй прыведзены асноўныя прынцыпы арганізацыі гульні з вашым дзіцем.
Давайце магчымасць гуляць, а дзіця няхай прыдумвае, як гэта рабіць.
- для немаўлят гэта можа азначаць проста час, які вы праводзіце разам, абдымаючыся і размаўляючы; дзіця праявіць ініцыятыву і пачне гуляць — рухам, поглядам, голасам;
- для дзяцей старэйшага ўзросту гэта азначае прадастаўленне ім магчымасці свабодна распараджацца сваім часам і прыдумваць сабе заняткі.
Улічвайце інтарэсы дзіцяці і падтрымлівайце яго
- дайце дзіцяці цацкі, а таксама любыя іншыя матэрыялы для гульні: скрынкі, лісце, камяні, слоікі, кардонныя талеркі, старыя каструлі і мн. інш.;
- няхай усё гэта будзе даступна дзіцяці, каб яно магло браць патрэбнае, калі захоча.
Час ад часу дадавайце нешта новае
- зусім не абавязкова купляць дзіцяці новую цацку: апраніце старую па-іншаму, пастаўце ці пакладзіце яе ў што-небудзь; пагаварыце за цацку (агучце яе);
- прапануйце новыя ўражанні ў якасці крыніцы гульнявых ідэй: далучайце дзіця да выканання паўсядзённых спраў (прыгатаванне ежы, ажыццяўленне пакупак), гаварыце пра тое, што вы бачыце падчас прагулкі, даследуйце наваколле, даведвайцеся больш пра жывёл, якія яму падабаюцца, бярыце падчас прагулкі ў рукі цікавыя рэчы: галінкі, лісце, плады…
Паважайце ініцыятыву дзіцяці
- памятайце, што гульня сама па сабе мае сэнс для дзіцяці, нават калі вам здаецца інакш;
- прымайце дзіця, яго ўменні і навыкі, тое, як яно бачыць свет, як яно нешта сабе ўяўляе і робіць высновы; не менш важна навучыцца разумець, што яго цікавіць і што яно хоча даследаваць.
Будзьце цікавым партнёрам па гульні, каб садзейнічаць яе развіццю
- залатое правіла гульні: няхай дзіця вызначае паводзіны, сюжэт, ход і вынік гульні; а вы назірайце, прытрымлівайцеся правілаў, а пры неабходнасці прыўносьце нешта новае ў гульню — «наладжвайце» яе ці трохі змяняйце сцэнарый, напрыклад падкарэкціруйце касцюм персанажа, яго вобраз або паводзіны;
- не перарывайце гульню;
- памятайце, што галоўнае ў гульні не мэта ці вынік (напрыклад, пабудаваць мост з кубікаў), а тое, што адбываецца, калі мы спрабуем сфармуляваць мэту і знайсці спосаб яе дасягнення: хто хацеў пабудаваць мост, з чаго, што адбывалася падчас будаўніцтва маста, хто прыйшоў яго будаваць і г. д.;
- прагаворвайце дзіцяці, што адбываецца і што робіць яно і персанажы ў гульні, як яны сябе адчуваюць, што яны перажываюць;
- будзьце «люстэркам» для дзіцяці, каб яно магло правяраць свае ідэі, змяняць і развіваць іх.