Чытанне дзіцяці і чытанне з дзіцем

Чытанне — гэта адзін са спосабаў «моўнага насычэння» дзіцяці. Чытанне з’яўляецца адным з найбольш комплексных спосабаў стымулявання развіцця дзіцяці ў розных галінах, што даказана даследаваннямі. Яно ўзбагачае слоўнікавы запас дзіцяці, дапамагае яму зразумець і запомніць назвы рэчаў, заняткаў, падзей вакол яго, а таксама яго перажыванняў, пачуццяў і г. д.
Body

Казкі і апавяданні даюць дзіцяці магчымасць зразумець, прааналізаваць тое, што з ім адбывалася, асэнсаваць паводзіны персанажаў, а таксама прычыны і наступствы дзеянняў. Апавяданні даюць дзіцяці магчымасць разважаць і разумець лагічныя сувязі, гаварыць, уяўляць, напрыклад, змяняць ход ці канец казкі і да таго падобнае.

Калі мы гаворым пра чытанне малым дзецям, звычайна маецца на ўвазе рытуал перад сном. Дарослы бярэ кнігу і чытае ўголас. Дзіця можа ўдзельнічаць ці не ўдзельнічаць у гэтым занятку, які ў асноўным накіраваны на тое, каб супакоіць яго. Цёплы голас аднаго з бацькоў, блізкасць, пяшчота пры гэтым вельмі спрыяюць наладжванню цеснага кантакту з дзіцем.

Іншы падыход да арганізацыі чытання

Пры іншым падыходзе да чытання важна, каб дзіця не спала, было гатова актыўна ўдзельнічаць і нават ініцыіравала працэс і кіравала ім.

Сумеснае чытанне трэба арганізоўваць на працягу дня, пры гэтым дзіця павінна быць гатовым да яго і само захацець ім заняцца. Няхай дзіця само выбірае кнігу, пры гэтым, як у любой гульні, важна даваць яму магчымасць кіраваць чытаннем. Цаніце, прызнавайце і ўхваляйце спосабы ўдзелу дзіцяці, стымулюйце яго цікавасць, утрымлівайце ўвагу і стварайце ўмовы для даследавання і навучання праз гульні са словамі і малюнкамі.

Вы можаце чытаць з дзіцем у любы час і ў любым месцы

Вазьміце з сабой кнігу, калі ідзяце на прагулку ці на агляд да ўрача. Няхай кнігі будуць даступныя дзіцяці з першых дзён жыцця: пакладзіце іх у такое месца, дзе яно зможа іх дастаць, няхай яны будуць у кожным пакоі. Майце на ўвазе, што 15 хвілін чытання з дзіцем — гэта істотны аб’ём «моўнага насычэння» для набыцця вопыту і развіцця вашага дзіцяці!