Чытанне з малымі дзецьмі
Чаму важна чытаць разам з малым дзіцем
Штодзённае расказванне гісторый, гульні і спевы з дзіцем спрыяюць яго ўсебаковаму развіццю.
Вы знаёміце сваё дзіця з гукамі, словамі, мовай, друкаванымі літарамі і, нарэшце, з каштоўнасцю кніг і той радасцю, якую прыносіць чытанне. Усё гэта спрыяе развіццю пачатковых навыкаў чытання і пісьма, а таксама дапаможа паспяхова асвоіць самастойнае чытанне, калі дзіця крыху падрасце.
Чытанне казак таксама стымулюе ўяўленне дзіцяці і дапамагае яму спазнаваць свет вакол сябе.
А сумеснае чытанне — гэта той каштоўны час, калі паміж вамі і вашым дзіцем наладжваецца трывалая сувязь.
Вы можаце пачынаць чытаць свайму дзіцяці так рана, як вам захочацца, — чым раней, тым лепш. У нашых артыкулах пра чытанне казак дзецям, а таксама пра развіццё ўмення чытаць і пісаць вы знойдзеце больш падрабязную інфармацыю, якая дапаможа зразумець, з чаго пачаць.
Чытанне кніг разам з дзіцем
Сумеснае чытанне — гэта атрыманне задавальнення ад кніг, асаблівая форма баўлення часу і спосаб выхаваць у дзіцяці любоў да гэтага занятку.
Вось некалькі парад, якія дапамогуць вам і вашаму маленькаму чытачу атрымаць максімальную карысць ад чытання:
- Дапамажыце дзіцяці выбраць кнігу, затым прасіце яго трымаць яе і перагортваць старонкі.
- Няхай дзіця само прагаворвае словы ў знаёмым апавяданні. Таксама паспрабуйце рабіць паўзы і даваць яму магчымасць заканчваць сказы за вас.
- Прасіце дзіця называць тое, што яно бачыць на малюнках.
- Размаўляйце з дзіцем пра тыя гукі, якія ўтвараюць жывёлы.
- Вучыцес разам дзіцячыя пацешкі спявайцеі вясёлыя песенькі.
Ніжэй прадстаўлены агульныя парады, якія будуць карысны падчас чытання і расказвання казак:
- Зрабіце чытанне паўсядзённым заняткам і старайцеся чытаць хаця б адну кніжку кожны дзень. Выберыце спецыяльнае месца для чытання — гэта можа быць вялікае зручнае крэсла для вас дваіх побач са стосам кніг ці кніжнай паліцай.
- Зрабіце так, каб чытанне і расказванне казак былі часам для адпачынку і весялосці, каб ваша дзіця з нецярпеннем чакала гэтага. Будуць такія дні, калі яно не захоча доўга чытаць, — і гэта нармальна. Арыентуйцеся на цікавасць дзіцяці.
- Выключыце гаджэты і знайдзіце ціхае месца для чытання, каб дзіця не пераключала ўвагу і слухала ваш голас.
- Падчас чытання размяшчайцеся побач з дзіцем або садзіце яго сабе на калені, каб яно бачыла ваш твар і кнігу.
- Няхай дзіця прымае ўдзел у чытанні. Прасіце яго паўтараць знаёмыя словы ці ўрыўкі, расказваць вам пра тое, што яно бачыць на малюнках у кнізе. Вымаўляйце смешныя гукі — гуляйце і атрымлівайце задавальненне.
- Калі дзіця хоча, дазвольце яму выбіраць кнігі. У яго могуць быць любімыя аўтары і мастакі. Будзьце гатовы чытаць любімыя кнігі вашага дзіцяці зноў і зноў!
Што чытаць разам з малым дзіцем
Кніг вельмі многа, таму бывае складана зразумець, з чаго ж пачаць.
Малым дзецям падабаюцца творы з добрай рыфмай, рытмам і паўторамі — усё гэта спрыяе навучанню дзяцей. Аб’ём кнігі павінен адпавядаць узросту дзіцяці — тады яно не засумуе.
Малым дзецям асабліва падабаюцца:
- кнігі з жывёламі і гукамі жывёл;
- кнігі на любімую тэму — пра машыны, грузавікі, фей, хатніх жывёл, зоркі і планеты, музыку, замкі, акіяны, прынцэс, цягнікі і г. д. Вы дакладна ведаеце, што спадабаецца вашаму дзіцяці;
- кнігі пра гульні, пра якія ведае дзіця;
- кніжкі-цацкі — у гэтым узросце дзецям падабаюцца кнігі з рухомымі элементамі.
Калі паблізу ёсць бібліятэка, вы можаце хадзіць туды разам з дзіцем і браць кнігі для чытання дома.