Развіццё пісьменнасці
Заахвочванне да развіцця пісьменнасці
Развіццё пісьменнасці — гэта жыццёва важная частка агульнага развіцця вашага дзіцяці. Гэта аснова для паспяховага навучання ў школе, зносін з іншымі людзьмі, развіцця незалежнасці, абыходжання з грашыма і працаўладкавання.
Але перш чым ваша дзіця навучыцца чытаць і пісаць, яму неабходна развіць базавыя элементы пісьменнасці — уменне гаварыць, слухаць, разумець, глядзець і маляваць. Дайце дзіцяці падмурак «вуснага маўлення», ведучы цёплыя размовы, выкарыстоўваючы цікавыя словы і чытаючы ўголас.
Па меры сталення дзіця павінна разумець, як звязаны паміж сабой літары і гукі. Для таго, каб гэта адбылося, яму неабходны разнастайны досвед пра:
- малюнкі і прадметы — як можна выкарыстоўваць словы, каб гаварыць пра іх;
- літары і словы — іх формы, гукі, назвы;
- гукі — як словы могуць рыфмавацца. З узростам дзіця даведаецца, што розныя словы могуць пачынацца і заканчвацца аднымі і тымі ж літарамі, могуць разбівацца на часткі, напрыклад на склады, утварацца шляхам змешвання розных гукаў і гэтак далей.
Вы можаце дапамагчы ў развіцці пісьменнасці вашага дзіцяці на ранніх этапах, калі будзеце
- размаўляць з дзіцем;
- чытаць разам;
- гуляць з ім у рыфмы, утвараць розныя гукі.
Цудоўна, калі вы зможаце рабіць гэта так, каб было весела вам абаім.
Маўленчы досвед, які дзеці атрымліваюць да пачатку навучання ў школе, фарміруе магутныя мазгавыя сувязі. Яны выкарыстоўваюцца для развіцця маўлення, мыслення і разумення. Без такіх заняткаў, як размовы, спевы і чытанне, мозг не развівае гэтыя важныя сувязі.
Размовы: іх роля ў развіцці пісьменнасці
Размовы з дзіцем дапамагаюць развіць у яго здольнасць гаварыць, слухаць і разумець.
Што вы можаце зрабіць
- Капіруйце гукі, якія вымаўляе ваша дзіця. Выкарыстоўваць дзіцячы лепет — гэта нармальна. Гэта падабаецца дзецям і дапамагае ім зразумець механізмы маўлення.
- Спявайце разам з дзіцем.
- Размаўляйце з дзіцем пра паўсядзённыя рэчы, якія бачыце, дзеянні, якія робіце разам. Напрыклад: «Давай зараз памыем бялізну», «Паглядзі на чырвоную птушачку» ці «Ням, які смачны ў нас абед».
- Гаварыце пра пачуцці і абмяркоўвайце іх, напрыклад высветліце, радуецца ваша дзіця ці сумуе.
- Дзяліцеся з дзіцем гісторыямі. Вы можаце падзяліцца гісторыямі са свайго дзяцінства ці расказаць дзіцяці пра мінулае вашай сям’і. Можна прыдумваць гісторыі па чарзе.
- Слухайце сваё дзіця. Калі яно задае пытанне, перш чым адказаць, дайце яму магчымасць падумаць самому. Напрыклад, калі ваша дзіця кажа: «Што гэта за скрынка?», вы можаце спытаць: «А як ты сам думаеш, што гэта?».
Чытанне: яго роля ў развіцці пісьменнасці
Чытанне адыгрывае важную ролю ў развіцці пісьменнасці. Чытайце з дзіцем як мага часцей. Лепш за ўсё пачынаць рабіць гэта з нараджэння дзіцяці, але памятайце, што пачаць ніколі не позна.
Што вы можаце зрабіць
- Для дзяцей малодшага ўзросту выбірайце кнігі, якія можна памацаць, або кнігі з вершаванымі творамі і словамі, якія паўтараюцца.
- Зрабіце сумеснае чытанне шчаслівым інтэрактыўным досведам — гаварыце такія фразы, як «О, што будзе далей?», «Бачыш дзяўчынку з мячом? У цябе таксама ёсць мяч!».
- Заахвочвайце дзіця да таго, каб яно трымала кнігу ў руках і гартала старонкі. Гэта дапаможа яму зразумець, што кніга павінна ляжаць пэўным чынам і што старонкі заўсёды гартаюцца ў адным і тым жа напрамку.
- З дашкольнікамі часам вадзіце пальцам па радку падчас чытання, паказваючы на кожнае слова.
- Звяртайце ўвагу на ілюстрацыі і расказвайце пра малюнкі, на якія паказвае ваша дзіця.
- Пераймайце гукі жывёл ці прадметаў і з’яў, пра якія ідзе размова ў кнізе, — весяліцеся!
- Наведайце бібліятэку — там можна ўзяць шмат розных кніг.
Рыфма: яе роля ў развіцці пісьменнасці
Рыфма — выдатны спосаб, каб навучыць дзяцей разумець сувязь паміж гучаннем слова і тым, як яно напісана.
Што вы можаце зрабіць
- Гуляйце ў гульні з рыфмамі. Яны дапамагаюць дзецям ацаніць пачатковыя і канцавыя гукі — напрыклад, «рэчка — печка». У такія гульні можна гуляць у любы час — у машыне, у магазіне ці за абедзенным сталом.
- Гуляйце ў гульні, якія звязаны з гучаннем і рытмам слоў. Можна паспрабаваць гульню «Я шпіён» ці маўленчыя загадкі.
- Чытайце кнігі з вершаванымі творамі.
Вы можаце прачытаць пра іншыя спосабы развіцця маўлення і пісьменнасці ў раннім узросце. А калі вы турбуецеся, што ў вашага дзіцяці могуць быць праблемы з пісьменнасцю ў раннім узросце, варта пагаварыць з прафесіяналам, напрыклад з урачом ці выхавацелем вашага дзіцяці.