Чытанне і казкі для малых дзяцей і дзяцей крыху старэйшага ўзросту

Чытанне кніг і расказванне гісторый свайму дзіцяці спрыяе развіццю мозгу і ўяўлення, вучыць дзіця мове і эмоцыям, а таксама ўмацоўвае сувязь паміж вамі. Вам не заўсёды трэба чытаць. Паспрабуйце разглядаць кніжкі з малюнкамі, спяваць пацешкі і песенькі або расказваць гісторыі, традыцыйныя для вашай культуры. Старайцеся чытаць дзіцяці хаця б адну кніжку ці расказваць адну гісторыю кожны день.
Body

Чаму чытанне мае важнае значэнне для малых дзяцей

Кожны дзень расказвайце дзіцяці казкі, размаўляйце з ім і спявайце яму — гэта будзе садзейнічаць яго развіццю.

Казкі і апавяданні для вашага дзіцяці — гэта не абавязкова чытанне. Нават калі вы будзеце проста разам з дзіцем разглядаць малюнкі ў кнігах, то можна прыдумаць выдатныя апавяданні, а таксама сваім прыкладам паказаць, як карыстацца кнігамі.

Чытанне апавяданняў з дзецьмі карысна і для дарослых. Гэты асаблівы занятак, і час, які вы праводзіце разам за чытаннем, дапамагае ўмацаваць сувязь паміж вамі.

Пачынайце чытаць свайму дзіцяці ўголас з ранняга ўзросту — чым раней, тым лепш. Вашаму дзіцяці спадабаецца быць у вас на руках, слухаць ваш голас, чуць рыфму і адчуваць рытм, а таксама разглядаць малюнкі.

Апавяданні і песні

Чытанне — гэта не адзіны спосаб, які дапаможа вашаму дзіцяці развіваць маўленне і павышаць пісьменнасць.

Гісторыі, вершыкі, песенькі — гэта выдатныя заняткі для ранняга развіцця навыкаў пісьменнасці, і вашаму дзіцяці яны, верагодна, прыйдуцца даспадобы.

Магчыма, вам захочацца складаць свае ўласныя апавяданні ці дзяліцца сямейнымі гісторыямі. Дзіця будзе вучыць словы і развіваць моўныя навыкі на аснове вашай камунікацыі з дапамогай песенек, апавяданняў і размоў.

Чытанне вашаму дзіцяці на іншых мовах

Вы можаце чытаць, спяваць і расказваць дзіцяці гісторыі на любой мове, на якой вам прасцей за ўсё размаўляць.

Не хвалюйцеся, калі мова большасці жыхароў у краіне не з’яўляецца роднай мовай для вашага дзіцяці. Добры ўзровень валодання першай мовай, насамрэч, будзе асновай, якая дапаможа вашаму дзіцяці пазней вывучыць другую мову з большай лёгкасцю.

Калі ёсць жаданне, вы можаце размаўляць з дзіцем пра малюнкі ў кнізе замест таго, каб чытаць словы, а можаце разам прыдумаць гісторыю —  рабіце тое, што падабаецца, і так доўга, колькі вам захочацца.

Калі трэба чытаць, спяваць і расказваць гісторыі свайму дзіцяці

Перад сном, падчас купання, знаходжання на гаршчку, у цягніку, у аўтобусе, у машыне, у парку, у дзіцячай калясцы, у ложачку, у чарзе на прыём да ўрача і г. д. — любы час будзе прыдатным для гісторыі! Вы можаце зрабіць кнігі часткай свайго паўсядзённага жыцця — браць іх з сабой, каб чытаць і атрымліваць асалоду дзе заўгодна.

Ведаць, калі спыніцца, можа быць нават важней, чым знаходзіць час для таго, каб расказаць гісторыю. Звяртайце ўвагу на рэакцыю вашага дзіцяці на аповед і спыняйцеся, калі ў гэты раз яму не спадабаецца. Вы можаце паспрабаваць пачытаць кніжку, праспяваць песеньку або расказаць гісторыю ў іншы раз.

Калі ў вас пад рукой няма кнігі ці вы не можаце скласці гісторыю самастойна, не хвалюйцеся. Ёсць многа іншых спосабаў, вы і ваша дзіця можаце называць адзін аднаму літары, чытаць словы і паказваць малюнкі. Напрыклад, вы можаце глядзець на:

  • упакоўкі, знаходзячыся дома або ў супермаркеце;
  • адзенне («Што напісана на футболцы? Якога яна колеру?»);
  • лісты і нататкі («Пра што ў іх гаворыцца? Ад каго яны?»);
  • надпісы ў аўтобусах і цягніках падчас паездкі;
  • шыльды ў крамах ці надпісы ў часопісах або каталогах, калі вы дома, — паказвайце дзіцяці шыльды, на якіх ёсць тыя ж літары, што і ў яго імені;
  • меню ў рэстаранах або ў інтэрнэце — дзецям больш старэйшага ўзросту будзе цікава разглядаць меню і вырашаць, што  яны хацелі б з’есці.

Парады, як чытаць кнігі разам з малымі дзецьмі

  • Устанавіце расклад і старайцеся чытаць хаця б адну кнігу кожны дзень. Дзеці, якім чытаюць, будуць самі больш ахвотна чытаць.
  • Знайдзіце ціхае і зручнае для вас абаіх месца для чытання. Выключыце свае гаджэты.
  • Падчас чытання трымайце дзіця блізка да сябе ці на каленях такім чынам, каб яно магло бачыць ваш твар і кнігу.
  • Спрабуйце выкарыстоўваць смешныя гукі — забаўляйцеся і атрымлівайце задавальненне!
  • Зрабіце чытанне кніг «інтэрактыўным» — спыняйцеся і кажыце нешта накшталт: «О, як думаеш, што будзе далей?» або «Бачыш ката? У каго дома ёсць кот?». Уключайце дзіця ў працэс, стымулюйце яго расказваць пра малюнкі і паўтараць знаёмыя словы і фразы.
  • Дазваляйце свайму дзіцяці выбіраць кнігі, калі яно стане дастаткова дарослым для гэтага. І будзьце гатовы чытаць яго любімыя кніжкі зноў і зноў.

Калі ў вас ёсць дзеці старэйшага ўзросту, яны могуць чытаць кніжкі малодшым дзецям ці вы можаце чытаць усе разам, па чарзе задаваць пытанні і слухаць адказы — усё гэта важныя навыкі, якія дапамогуць вашаму дзіцяці, калі яно пачне вучыцца чытаць.

Нават калі чытаць усяго некалькі хвілін, гэта будзе таксама эфектыўна — не заўсёды трэба дачытваць кнігу да канца.

Якія кнігі чытаць з дзіцем

Кніг так шмат, што бывае складана зразумець, з чаго ж пачаць.

Як правіла, дзецям малодшага ўзросту часта падабаюцца кнігі, песенькі і гісторыі, у якіх ёсць выразная рыфма, рытм і паўторы.

Выбірайце такія кнігі, якія будуць падыходзіць для вашага дзіцяці і адпавядаць яго зменлівым інтарэсам.

Каб зразумець, што можа падысці вашаму дзіцяці, варта азнаёміцца ​​з наступнымі артыкуламі:

  • Чытанне малым дзецям з нараджэння.
  • Чытанне малым дзецям ва ўзросце ад 12 месяцаў.
  • Чытанне дзецям крыху старэйшага ўзросту.
  • Чытанне дзецям дашкольнага ўзросту.

Калі вы хочаце паспрабаваць пачытаць новыя кнігі ці часопісы і не траціць пры гэтым шмат грошай, магчыма, вы маглі б арганізаваць абмен кнігамі з сябрамі, у якіх ёсць дзеці такога ж узросту.

Наведванне бібліятэкі

Калі там, дзе вы жывяце, ёсць магчымасць хадзіць у бясплатную бібліятэку, вы зможаце дадаткова знайсці для сябе і для вашага дзіцяці шмат карыснага і цікавага. Магчымасць браць кнігі на пэўны час дазволіць заўсёды мець нешта новенькае, што вы зможаце пачытаць свайму дзіцяці.

Калі вы з дзіцем наведаеце бібліятэку і дазволіце яму самому выбіраць кнігі, то гэта можа стаць для яго займальнай прыгодай.

У многіх бібліятэках ладзяцца сустрэчы для юных чытачоў і мерапрыемствы для маленькіх дзяцей.