Наведванне бібліятэк з дзецьмі ва ўзросце ад 3 да 6 гадоў
Бібліятэкі: чаму яны карысныя для дзяцей
Наведванне бібліятэкі з дзіцем — гэта выдатны спосаб стымуляваць любоў да кніг і чытання.
Вы можаце бясплатна браць цудоўныя дзіцячыя кнігі ў бібліятэках. Таксама там часта бываюць аўдыякніжкі, кнігі на дзвюх мовах, электронныя кнігі і часопісы.
Вашаму дзіцяці будзе цікава самому выбіраць кнігі ў бібліятэцы. Яе супрацоўнікі могуць парэкамендаваць кнігі для вас і вашага дзіцяці.
У бібліятэках для дзяцей таксама ладзяцца сустрэчы аматараў кніг, розныя мерапрыемствы і праграмы падчас школьных канікулаў.
Што патрэбна для наведвання бібліятэкі
Вам усяго толькі трэба даведацца, дзе знаходзіцца найбліжэйшая бібліятэка.
Калі вы жывяце ў сельскай мясцовасці або аддаленай частцы краіны, вы можаце праверыць, ці ёсць магчымасць мабільнага альбо дыстанцыйнага доступу да бібліятэчнага фонду.
Калі вы маеце магчымасць наведваць некалькі мясцовых бібліятэк, вы можаце ўдакладніць, у якой з іх лепшы выбар дзіцячых кніг.
Калі вы запішацеся ў бібліятэку, яе супрацоўнікі раскажуць вам, колькі кніг можа ўзяць ваша дзіця і калі іх неабходна вярнуць.
Як атрымаць найбольшую карысць ад наведвання бібліятэкі
- Перш чым адправіцца ў бібліятэку, пагаварыце пра яе з дзіцем. Напрыклад: «Там мы зможам выбраць некалькі кніг і ўзяць на некаторы час, каб пачытаць. Калі прачытаем, мы павінны будзем аднесці іх назад, каб нехта іншы мог таксама ўзяць іх. У бібліятэках трэба паводзіць сябе ціха. Там нельга бегаць ці крычаць».
- Паспрабуйце дома чытаць ціхім голасам, быццам вы знаходзіцеся ў бібліятэцы.
- У бібліятэцы прапануйце дзіцяці выбраць кнігі ў дзіцячым аддзеле. Дайце яму крыху часу, каб яно магло спакойна іх прагледзець.
- Звяртайце ўвагу на тое, якія кнігі цікавяць ваша дзіця, і гаварыце пра кнігі, на якія яно глядзіць. Напрыклад: «Здаецца, гэта цікавая кніга. Як думаеш, пра што яна?».
- Сядзьце з дзіцем і пачытайце ці пагартайце некалькі кніг разам. Вырашыце з ім, якія з іх узяць, а якія — вярнуць на паліцу.
Калі дзіця спрабуе чытаць розныя кнігі — гэта частка працэсу навучання. Не важна, ці акажуцца некаторыя з кніг, якія выбрала ваша дзіця, занадта складанымі ці не такімі цікавымі, як яно думала. Вы можаце проста вярнуць іх і ўзяць нешта іншае.
Як зрабіць наведванне бібліятэкі цікавым для дзяцей рознага ўзросту
У большасці бібліятэк праводзяцца сустрэчы для юных чытачоў, калі супрацоўнік ці валанцёр выбірае кнігу і чытае яе групе маленькіх дзяцей. Калі яны крыху шумяць і размаўляюць падчас такіх сустрэч, гэта нармальна. Такія заняткі, несумненна, карысныя для маленькіх дзяцей.
Старэйшым дзецям можа спадабацца шукаць кнігі пра тое, што іх цікавіць, напрыклад пра шчанюкоў, балет, вулканы і г. д. Вы можаце паказаць свайму дзіцяці, як карыстацца каталогам для пошуку кніг па вызначанай тэме ці па аўтары.