Пошук слоў: навучанне чытанню і пісьму дзяцей ва ўзросце ад 2 да 5 гадоў
Чаму пошук слоў — гэта добрае практыкаванне для навучання чытанню і пісьму
Такія паўсядзённыя заняткі, як, напрыклад, паход у мясцовыя крамы, — гэта вясёлы спосаб развіваць навык чытання ў дзіцяці. Яго таксама можна развіваць і дома, калі ў вас няма магчымасці часта некуды выходзіць. Такія заняткі для развіцця навыкаў чытання і пісьма не патрабуюць ад вас дадатковых матэрыяльных затрат і не забіраюць шмат часу.
Напрыклад, пошук слоў — гэта простае практыкаванне для навучання чытанню і пісьму.
Навучанне чытанню і пісьму дома ці падчас паходу ў магазін: што трэба для гульні
Вам не спатрэбіцца ніякага спецыяльнага абсталявання. Проста шукайце словы вакол сябе і размаўляйце пра гэта са сваім дзіцем.
Заняткі па навучанні чытанню і пісьму: як шукаць словы
- Калі вы плануеце адправіцца ў магазін, складзіце спіс пакупак разам з дзіцем. Калі яно дастаткова дарослае, то можа напісаць свой спіс. Або дзіця можа зрабіць выгляд, што піша спіс, проста крэмзаючы на паперы.
- Разважайце ўголас аб тым, што вы плануеце купіць, у тым ліку аб любых прадуктах, якія падабаюцца вашаму дзіцяці. Напрыклад: «Давай дададзім у спіс малако. Малако пачынаецца на «м»: ма-ла-ко». Рабіце так, нават калі вы не возьмеце дзіця з сабой у магазін.
- Калі ваша дзіця ідзе з вамі ў магазін, звяртайце яго ўвагу на словы на шыльдах і ўпакоўцы прадуктаў. Пакажыце яму, як карыстацца спісам, каб нічога не забыць купіць. Няхай дзіця дапамагае — выкрэслівае са спіса тое, што вы ўжо ўзялі.
- Калі вы дома, разгледзьце разам з дзіцем паліцы на кухні. Вывучыце скрынкі і ўпакоўку з прадуктамі і знайдзіце словы, якія можна вымавіць. На многіх пакетах ёсць малюнкі, якія могуць служыць падказкамі. У залежнасці ад узросту вашага дзіцяці прапануйце яму называць нейкія словы ці літары. Папрасіце дзіця адгадаць, што азначаюць словы: няхай яно паглядзіць на першую літару, а затым на малюнак на ўпакоўцы. Паглядзіце, ці зможа ваша дзіця знайсці нешта, што пачынаецца з першай літары яго імя.
Адаптацыя практыкавання па навучанні чытанню і пісьму для дзяцей розных узростаў
Магчыма, ваша дзіця малодшага ўзросту пакуль не зможа распазнаваць літары, але з ім усё роўна можна весела гуляць, выкарыстоўваючы словы і гукі. Напрыклад, вы можаце сказаць «Б-бананы. Нам патрэбны бананы». Падымайце прадметы, каб дзіця магло іх бачыць, калі вы называеце іх, і пераканайцеся, што яно сочыць за вашым тварам, калі вы гаворыце. Прасіце яго вымаўляць гукі ці прагаворваць словы.
У старэйшага дзіцяці будзе лепш атрымлівацца пазнаваць літары і шыльды. Магчыма, у яго нават атрымаецца нешта прачытаць. Праверце, ці зможа ваша дзіця сказаць вам, што гэта такое, прачытаўшы назву на этыкетцы. Вы можаце больш уважліва вывучаць этыкетку: пакажыце дзіцяці, дзе можна прачытаць склад або краіну, у якой быў выраблены прадукт.