Праблемы з пісьменнасцю ў раннім узросце

Да праблем з пісьменнасцю ў раннім узросце адносяць праблемы з маўленнем і яго ўспрыманнем, з веданнем літар і вымаўленнем слоў. У малых дзяцей і дзяцей больш старэйшага ўзросту маўленне развіваецца з рознай хуткасцю, таму не ўсе праблемы з маўленнем у раннім узросце з’яўляюцца прыкметамі цяжкасцей з пісьменнасцю. Звярніцеся па кансультацыю да спецыялістаў, калі вас турбуе тое, як ваша дзіця 3–4 гадоў гаворыць, слухае і распазнае літары.
Body

Праблемы з пісьменнасцю ў раннім узросце

Многія дзеці, у якіх ёсць цяжкасці з чытаннем і пісьмом у раннім узросце, у далейшым даганяюць сваіх аднагодкаў. Але некаторым дзецям, у якіх назіраецца павольны прагрэс на раннім этапе, часта патрабуецца дадатковая дапамога. Калі ім цяжка ў дашкольным і малодшым школьным узросце, у іх можа назірацца затрымка ў навучанні чытанню і пісьму ў доўгатэрміновай перспектыве.

Таму рэкамендуецца звярнуцца па кансультацыю да спецыялістаў, калі вашаму дзіцяці 3–4 гады і вас турбуе наступнае:

  • як яно гаворыць і слухае;
  • як умее распазнаваць літары алфавіта;
  • як складае гукі разам, каб атрымаліся словы.

Калі ў кагосьці ў вашым родзе былі праблемы з навучаннем чытанню і пісьму, таксама будзе карысна звярнуцца па кансультацыю.

Калі вам патрэбна дапамога ці кансультацыя, вы можаце пачаць з размовы з выхавацелем або школьным настаўнікам вашага дзіцяці, педыятрам ці лагапедам. Гэтыя спецыялісты пры неабходнасці таксама павінны накіраваць вас для атрымання іншых паслуг і патрэбнай дапамогі.

Прыкметы праблем з пісьменнасцю ў раннім узросце: дзеці 3–4 гадоў

У малых дзяцей і дзяцей крыху старэйшага ўзросту маўленне развіваецца з рознай хуткасцю. Напрыклад, многія дзеці, якія позна пачынаюць гаварыць, даганяюць сваіх аднагодкаў у 3–4 гады. Іншымі словамі, нельга сцвярджаць, што праблемы з маўленнем і словамі ў вельмі раннім узросце з’яўляюцца прыкметамі зыходных праблем з пісьменнасцю.

Але калі дзіцяці 3–4 гады, некаторыя цяжкасці з маўленнем і словамі могуць паказваць на праблемы з пісьменнасцю ў наступных выпадках:

  • дзіця позна пачынае гаварыць і адчувае цяжкасці з вывучэннем і запамінаннем новых слоў;
  • выкідвае словы, неабходныя для таго, каб скласці поўны сказ, напрыклад: «Я іду заапарк», а не «Я іду ў заапарк»;
  • не распазнае літары алфавіта;
  • з цяжкасцю піша крамзолямі, каб атрымліваліся формы, падобныя на літары;
  • не звязвае разам падобныя па гучанні словы, напрыклад: «коцік, жывоцік»;
  • не можа паўтарыць хаця б часткова дзіцячыя пацешкі.

Што датычыцца чытання, звяртайцеся па дапамогу або кансультацыю ў наступных выпадках:

  • ваша дзіця не можа расказаць вам, якое дзеянне адбываецца ў кніжцы з малюнкамі, напрыклад, хтосьці бяжыць, брэша, есць;
  • здаецца, што яно не можа адрозніць пярэдні і адваротны бакі кнігі ці не ведае, як яе трэба трымаць правільна;
  • не можа назваць простыя прадметы, намаляваныя ў кнігах;
  • забывае, якія кнігі чытала раней, нават калі вы паказваеце іх вокладкі;
  • не любіць слухаць, калі дарослыя рэгулярна яму чытаюць.

Праблемы з пісьменнасцю ў дзяцей 5 гадоў і старэйшых

Цяжкасці з граматнасцю вуснага маўлення ў вашага дзіцяці могуць узнікнуць, калі яму складана:

  • разумець простыя інструкцыі, напрыклад: «Надзень, калі ласка, куртку»;
  • ужываць новыя словы падчас гаворкі;
  • выкарыстоўваць заўважна даўжэйшыя сказы, напрыклад, якія складаюцца з больш чым 5 слоў;
  • распазнаваць і прыдумваць словы, якія пачынаюцца аднолькава, напрыклад «кіт, кіпень, кіно», або якія рыфмуюцца, напрыклад «столік, слоік, ролік»;
  • разбіваць простыя словы на састаўныя часткі (склады ці асобныя гукі), напрыклад «ма-ла-ко», або складаць гукі разам, каб атрымліваліся словы;
  • выкарыстоўваць правільныя граматычныя формы, напрыклад, яно кажа: «Пойдзем глядзець на рыбаў» замест «Пойдзем глядзець на рыб»;
  • выкарыстоўваць словы для параўнання, такія як «цяжэйшы», «мацнейшы», «карацейшы» і г. д. Напрыклад, калі вы сказалі: «Машына вялікая, а аўтобус ...?», ваша дзіця павінна адказаць: «Большы»;
  • расказваць ці пераказваць гісторыі, прытрымліваючыся правільнага парадку дзеянняў.

Што датычыцца чытання, ваша дзіця можа адчуваць цяжкасці з пісьменнасцю ў выпадках, калі яно:

  • не праяўляе цікавасці да кніг і чытання;
  • блытае паслядоўнасць падзей у апавяданнях;
  • не можа звязаць тое, што адбываецца ў кнігах, з тым, што адбывалася ў яго ўласным жыцці;
  • пераключае ўвагу ў час чытання кніг уголас, не разумее сэнсу і не атрымлівае задавальнення ад гэтага занятку.

Дзіця можа адчуваць цяжкасці з пісьменнасцю ў сферы ўмення разумець тое, што надрукавана. Напрыклад, яно:

  • не ведае, што надрукаваныя словы адрозніваюцца ад малюнкаў і іх трэба чытаць;
  • не ведае, што ў кожнай літары ў алфавіце ёсць назва і гук;
  • не можа назваць хаця б восем літар;
  • не можа напісаць крамзолямі сваё імя, простыя фразы і г. д. — не важна, ці ўдасца вам прачытаць тое, што яно «піша».

Дапамога дзецям, у якіх адзначаюцца праблемы з пісьменнасцю

Калі ў вашага дзіцяці праблемы з пісьменнасцю, забяспечце яму многа магчымасцей для вывучэння мовы, давайце друкаваныя матэрыялы любых відаў. Гэта дапаможа падрыхтаваць ваша дзіця да выканання заданняў па чытанні і пісьме ў школе.

Вось што вы можаце зрабіць:

  • Актыўна падтрымлівайце дзіця ў яго занятках чытаннем, пісьмом і маляваннем, нават калі яно працягвае рабіць памылкі. Напрыклад, стымулюйце дзіця чытаць, даючы яму шмат кніг, часопісаў, брашур і іншых друкаваных матэрыялаў. Яно з большай верагоднасцю будзе чытаць нешта, калі яму цікава.
  • Як толькі ваша дзіця пачне чытаць, знаходзьце час, каб рабіць гэта разам з ім. Часам яно можа чытаць вам, а часам вы чытайце яму. Калі дзіця адчувае нейкія цяжкасці, дзякуючы вашай падтрымцы яно не будзе хвалявацца занадта моцна.
  • Выкарыстоўвайце любыя магчымасці, каб практыкаваць чытанне і пісьмо. Напрыклад, чытайце шыльды на вуліцы і ў магазінах, меню, цэннікі і этыкеткі ў супермаркеце. Вы таксама можаце напісаць сябру электронны ці папяровы ліст або тэкставае паведамленне. Гэта пакажа вашаму дзіцяці, наколькі карысна ўмець чытаць і пісаць.
  • Зрабіце так, каб пісьмо стала цікавым заняткам. Напрыклад, калі ваша дзіця ўжо спрабуе пісаць, вы можаце прапанаваць яму зрабіць віншавальныя паштоўкі ці скласці спіс пакупак. Можна таксама пісаць дзіцяці запіскі і пакідаць у тым месцы, дзе яно сапраўды іх знойдзе (напрыклад, у яго ссабойцы). Чаму б не папрасіць яго напісаць вам адказ?
  • Запішыцеся ў мясцовую бібліятэку і бярыце ў ёй кнігі бясплатна.
  • Калі ваша дзіця ходзіць у школу, арганізуйце яго час, склаўшы распарадак дня. Добра, калі ў ім будзе вызначаны час для чытання.

Калі ваша дзіця пачне хадзіць у школу, абавязкова цікаўцеся ў настаўніка пра яго паспяховасць. Магчыма, вам давядзецца разам з педагогам распрацаваць план дапамогі вашаму дзіцяці. Чым раней вы і настаўнік пачняце дапамагаць яму, тым лепш у дзіцяці будзе атрымлівацца ў далейшым.

Калі вас цікавяць іншыя падыходы, вы можаце азнаёміцца ​​з нашымі артыкуламі пра чытанне разам з дзіцем і пра сумесныя заняткі па навучанні чытанню і пісьму.