Навучанне дзяцей пісьму і чытанню

Зносіны, спевы, чытанне, расказванне казак, маляванне і пісьмо — усё гэта дапамагае развіццю ў вашага дзіцяці навыкаў чытання і пісьма. Калі ў вас немаўля або дзіця малодшага ўзросту, карысныя будуць песні-пацешкі, гульні з гукамі, творы, у якіх ёсць рыфма, рытм і паўторы і многае іншае. Калі дзіця дасягне дашкольнага ўзросту і яму трэба будзе рыхтавацца да школы, шукайце разам пэўныя словы ў каталогах, на рэкламных шчытах, шыльдах і на ўпакоўках прадуктаў харчавання. Прапануйце дзіцяці спрабаваць пісаць словы. І не пераставайце чытаць!
Body

Навучанне чытанню і пісьму

Размовы, спевы, гульні з гукамі і словамі, чытанне, пісьмо і маляванне разам з дзіцем — усё гэта выдатныя спосабы стварыць добрую аснову для навучання дзіцяці чытанню і пісьму ў будучыні.

Звычайныя паўсядзённыя заняткі ў сябе дома ці мерапрыемствы, якія перыядычна арганізоўваюцца ў кнігарнях ці бібліятэках, — усё гэта выдатныя магчымасці для дзяцей, каб вучыцца чытаць і пісаць.

І вам не трэба шмат часу для заняткаў чытаннем і пісьмом з дзіцем — дастаткова ўсяго пяці хвілін некалькі разоў на дзень. Галоўнае — рабіць гэта ў розны час і выкарыстоўваць розныя магчымасці, каб дапамагчы вашаму дзіцяці вучыцца. Гэта можа быць самы просты занятак, напрыклад складанне спіса пакупак, гульня ў рыфмы ці чытанне казак перад сном.

Ніколі не рана далучаць дзіця да заняткаў, падчас якіх яно будзе вучыцца чытаць і пісаць, — нават немаўляты любяць слухаць апавяданні і ўдзельнічаць у гутарках. Далей прыведзены заняткі для дзяцей розных узростаў. Калі ў вас некалькі маленькіх дзяцей рознага ўзросту, вы можаце камбінаваць ці змяняць заняткі ў адпаведнасці з іх інтарэсамі і навыкамі.

Немаўляты, дзеці ясельнага і дашкольнага ўзросту: навучанне чытанню і пісьму

Размовы і спевы

Размовы і спевы з маленькімі дзецьмі дапамагаюць ім развіваць уменне слухаць і гаварыць. Вось некалькі ідэй, з чаго можна пачаць:

  • Выкарыстоўвайце рыфму, калі ў вас будзе атрымлівацца. Выкарыстоўвайце такія фразы, як «прыйдзе шэранькі ваўчок і ўкусіць за бачок», ці складайце бессэнсоўныя вершыкі пра тое, што вы робіце, напрыклад: «Прыгатую я кату вось такую мілату».
  • Спявайце дзіцяці традыцыйныя песні-пацешкі. Дзякуючы ім дзіця пачынае разумець, што такое мова, рыфма, паўторы і рытм. Успомніце нешта з таго, што вы чулі ў дзяцінстве, — на любой мове.
  • Калі ў вас немаўля, паўтарайце гукі, якія яно ўтварае, або прыдумвайце гукі і глядзіце, ці зможа яно паўтарыць іх. Напрыклад: «Кароўкі кажуць «му-у-у-у». Можаш сказаць «му-у-у-у»?».
  • Падчас ежы расказвайце пра стравы, якія вы гатавалі, пра тое, што вы рабілі з прадуктамі, якая ежа на смак і як яна выглядае.
  • Гаварыце пра тое, што адбываецца на вуліцы: як шамаціць лістота, спяваюць птушкі ці гудуць машыны. Пытайцеся ў свайго дзіцяці, ці можа яно паўтарыць гукі, якія ўтвараюць вецер, дождж, вада, самалёты, цягнікі і машыны.
  • Гуляйце ў «Я — шпіён», каб загадваць колеры. Гэта можа быць вельмі весела, асабліва для дзяцей дашкольнага ўзросту. Напрыклад: «Я – шпіён, і я гляджу цішком і бачу нешта зялёнае. На што зялёнае я магу глядзець?».

Чытанне і заняткі з выкарыстаннем кніг

Нават у малых дзяцей чытанне ўголас развівае слоўнікавы запас, здольнасць слухаць і разумець, а таксама фарміруе аснову для далейшага развіцця здольнасці аб’ядноўваць гукі і словы. Вашаму дзіцяці можа спадабацца:

  • Чытаць кніжкі, у якіх ёсць рыфма, рытм і паўторы.
  • Перагортваць старонкі і гаварыць пра тое, што яно бачыць (для дзяцей дашкольнага ўзросту). Каб накіроўваць погляд дзіцяці, вядзіце пальцам злева направа па старонцы падчас чытання і паказвайце на пэўныя словы ці фразы. Важна, каб дзіцяці было весела.
  • Гартаць кнігі з акенцамі, якія адчыняюцца, або кнігі, якія цікава мацаць, — гэтую дзейнасць асабліва ацэняць дзеці ясельнага ўзросту. Такія кніжкі дапамогуць задаволіць патрэбу малых дзяцей дакранацца, вывучаць і даследаваць. Вы нават можаце зрабіць сваю ўласную кнігу з прадметамі, на якія ваша дзіця любіць глядзець і якія яму падабаецца мацаць.
  • Чытаць апавяданні «інтэрактыўна». Спытайце, напрыклад: «Як думаеш, што будзе далей?» або «Помніш, як мы ехалі ў аўтобусе?».
  • Суадносіць расказанае ў кнігах з рэальным жыццём. Напрыклад, калі вы прачыталі кнігу пра гульні пад дрэвам, вы можаце адвесці дзіця ў двор, пасадзіць пад дрэвам, паказаць лісцікі і галінкі і пагуляць, як было апісана ў кнізе.
  • Рабіць тое, пра што вы чытаеце. Напрыклад, папрасіце яго паскакаць, як кенгуру з кнігі.

Заняткі для развіцця ўмення маляваць і пісаць

«Пісьмо» крамзолямі і маляванне дапамагаюць маленькім дзецям трэніраваць навыкі, якія спатрэбяцца ім пазней для развіцця ўмення пісаць алоўкамі і ручкамі. З дзецьмі ясельнага і дашкольнага ўзростаў можна выконваць наступныя дзеянні:

  • Маляваць і пісаць ручкамі, алоўкамі, крэйдай і фламастарамі. Дзіцяці абавязкова захочацца дадаць свае надпісы або яркі рознакаляровы малюнак на віншавальныя паштоўкі або ў лісты.
  • Напісаць нейкія літары ці сваё імя на ўсіх дзіцячых малюнках: напішыце літары адным колерам і папрасіце дзіця абвесці іх іншым колерам.
  • Зрабіць з салёнага цеста ці пластыліну літары алфавіта ці лічбы.
  • Выкарыстоўваць літары алфавіта ў розных формах — на кубіках, на кавалачках пазла, а таксама магнітныя літары, якія можна павесіць на халадзільнік або дошку.
  • Выразаць ці намаляваць асноўныя прадметы хатняга побыту (крэсла, стол, тэлевізар, сцяну, дзверы і г. д.), затым напісаць іх назвы на асобных невялікіх аркушах паперы. Папрасіце сваё дзіця суаднесці назву прадмета з яго выявай.
  • Заахвочваць дзіця расказваць пра свае малюнкі. Дапамагайце яму запісваць словы, якія яно выкарыстоўвае для іх апісання.

Дзеці старэйшага дашкольнага ўзросту: дадатковыя заняткі для навучання чытанню і пісьму

Акрамя таго, што ўжо было пералічана, па меры таго, як школа становіцца ўсё бліжэй, і пры ўмове, што вашаму дзіцяці гэта цікава, вы можаце паспрабаваць наступныя заняткі:

Вусныя заняткі

  • Гуляйце ў гульні са словамі — дзякуючы такім гульням ваша дзіця вучыць гукі. Напрыклад: «Я загадаю нешта, што пачынаецца на «м». Як думаеш, на што я гляджу, што пачынаецца з гэтай літары?».
  • Прасіце дзіця называць падобныя словы. Напрыклад: «Якія словы гучаць падобна на слова «кот»?».
  • Прапаноўвайце дзіцяці ўтварыць гук ці спалучэнне гукаў, а затым прыдумаць словы з гэтым гукам. Напрыклад: «Што за смешны гук «му»? Што пачынаецца з «му»? Можна мурлыкаць — «му-у-ур», мукаць — «му-у-у»…».
  • Размаўляйце пра мінулае. Папрасіце дзіця расказаць вам пра тое, чым яму спадабалася займацца ў дзіцячым садзе на гэтым тыдні. Часам можна запісваць, што гаворыць дзіця.
  • Размаўляйце пра будучыню. Расказвайце дзіцяці, што вы збіраецеся рабіць заўтра ці на выхадных, ці папрасіце яго расказаць вам аб тым, што яму трэба зрабіць перад сном.

Чытанне і заняткі з выкарыстаннем кніг

  • Чытайце казкі і размаўляйце пра іх. Спытайце дзіця: «Пра што была казка?» або «Табе спадабаўся гэты герой? Чаму?».
  • Старэйшыя дзеці любяць кнігі з алфавітам. Папрасіце дзіця назваць словы, якія пачынаюцца з таго ж гуку, што і літара, на якую вы паказваеце.
  • Прапануйце дзіцяці стварыць кнігу апавяданняў з яго ўласнымі малюнкамі. З вашай дапамогай яно можа зрабіць гэта на камп’ютары ці з выкарыстаннем алоўкаў і паперы. Калі дзіцяці цікава, дапамажыце яму напісаць хаця б некалькі літар у апавяданні.
  • Падчас прагулкі ці паходу ў магазін прасіце дзіця выбраць або назваць пэўныя літары ці словы на рэкламных шчытах, шыльдах крам, дарожных знаках або на таварах у супермаркеце. Тое ж самае можна рабіць дома з каталогамі і рэкламнымі часопісамі.
  • Запішыцеся ў бібліятэку са сваім дзіцем, прапануйце яму ўзяць кнігі дадому. У шматлікіх бібліятэках таксама ладзяцца сустрэчы і мерапрыемствы для юных чытачоў.

Заняткі для развіцця ўмення маляваць і пісаць

  • Папрасіце дзіця напісаць сваё імя і імёны іншых членаў сям’і на віншавальных паштоўках ці на фотаздымках. Як толькі ваша дзіця навучыцца правільна выкарыстоўваць усе літары, яно гатова да таго, каб вучыцца пісаць вялікімі і малымі літарамі.
  • Прапануйце дзіцяці напісаць спіс пакупак ці пагуляць «у рэстаран» і скласці меню для яго.
  • Папрасіце дзіця зрабіць кнігу, каб на адным баку старонкі было слова, а на другім — малюнак з гэтым словам. Калі вы будзеце займацца з дзіцем, дапамагайце яму па меры неабходнасці, зрабіце гэтыя заняткі цікавымі для яго.