Зносіны і гульні: дзеці дашкольнага ўзросту

Да чатырох гадоў у вашага дзіцяці будуць дастаткова развіты маўленчыя навыкі. Яму будзе падабацца размаўляць і задаваць пытанні, нават калі яно будзе рабіць памылкі. У артыкуле прадстаўлена некалькі ідэй для гульняў, якія дапамогуць дзецям дашкольнага ўзросту ў развіцці маўлення і засваенні мовы.
Body

Дзеці дашкольнага ўзросту і зносіны: чаго чакаць

Ва ўзросце трох–чатырох гадоў ваша дзіця зможа:

  • задаваць больш складаныя пытанні і размаўляць з упэўненым, але яшчэ не ідэальным веданнем граматыкі;
  • прамаўляць сказы, якія складаюцца з 5–6 слоў.

Да пяці гадоў ваша дзіця зможа:

  • назваць сваё імя і адрас;
  • выразна гаварыць, выкарыстоўваючы сказы, у якіх будзе да 9 слоў;
  • весці змястоўныя гутаркі і расказваць вам гісторыі з мноствам падрабязнасцей.

У гэтым узросце ваш дашкольнік, верагодна, будзе вельмі хацець як мага больш размаўляць з вамі, са сваімі сябрамі і іншымі членамі сям’і. Калі вы будзеце слухаць яго і гаварыць з ім, гэта будзе сапраўды карысна для развіцця маўлення вашага дзіцяці.

Дзеці ў гэтым узросце хочуць расказаць так многа ўсяго новага, што часам запінаюцца і хвалююцца, — гэта нармальна. Проста не прыспешвайце сваё дзіця і працягвайце слухаць. Яно само абавязкова падбярэ патрэбныя словы.

Калі ўсе члены вашай сям’і, уключаючы дзяцей, дома размаўляюць на мове, якая адрозніваецца ад той, што выкарыстоўваецца ў дашкольнай установе, то цалкам чакана, што маўленчае развіццё вашага дзіцяці будзе такім жа, як і ў яго аднагодкаў, якія размаўляюць толькі на адной мове. Наведванне дашкольнай установы дапамагае дзецям з такіх сем’яў атрымліваць дадатковую практыку выкарыстання другой мовы. У далейшым веданне дзвюх моў можа стаць перавагай.

Гульні для стымулявання дзяцей дашкольнага ўзросту да зносін

У гэтым узросце для развіцця маўлення і мовы дзецям усё яшчэ патрабуецца шмат практыкі і падтрымкі з вашага боку. Чым часцей вы размаўляеце са сваім дашкольнікам або ў яго прысутнасці, тым больш слоў ён запамінае і выкарыстоўвае пры зносінах.

Лепшы спосаб развіваць навыкі зносін у вашага дзіцяці — гэта вясёлыя заняткі накшталт спявання песенек або пацешак, а не адпрацоўка правільнага вымаўлення ці граматыкі.

Ніжэй прадстаўлены некалькі парад, як стымуляваць жаданне дзіцяці гаварыць:

  • Калі вы размаўляеце з дзіцем, рэагуйце на тое, што яму цікава. Калі вашага дашкольніка цікавяць машыны, якія праязджаюць міма, знайдзіце час і пагаварыце пра іх.
  • Гуляйце са сваім дзіцем у лялькі, а таксама ў гульні «не папраўдзе». Дзеці — нават тыя, што звычайна негаваркія, — як правіла больш гавораць, калі могуць некім прыкінуцца (жывёлай, іншым дзіцем, пажарным і г. д.).
  • Чытайце ўголас разам. Калі паблізу ёсць бібліятэка, вы можаце звадзіць дзіця на імпрэзу для юных чытачоў.
  • Расказвайце разам гісторыі: ваша дзіця любіць слухаць іх, яму таксама спадабаецца запамінаць і расказваць вам простыя апавяданні. Якія гісторыі вы памятаеце з дзяцінства? Ці ёсць у вашай культуры традыцыйныя гісторыі? Калі вы будзеце прапускаць словы ў апавяданнях і прасіць вашага дашкольніка называць іх, то гэта таксама будзе весела.
  • Спявайце песенькі разам.
  • Расказвайце забаўныя смешныя гісторыі і загадвайце загадкі. Дзецям дашкольнага ўзросту звычайна падабаюцца простыя гульні слоў, напрыклад пошук зрыфмаваных слоў і нават іх прыдумванне.

Час перад экранам для дзяцей дашкольнага ўзросту

Дзецям ва ўзросце 2–5 гадоў не трэба праводзіць перад экранам больш за адну гадзіну ў дзень. Калі такі занятак займае занадта шмат часу, гэта можа паўплываць на развіццё маўлення; акрамя таго, скарачаецца час, які ваш дашкольнік мог бы прысвяціць іншым заняткам, якія спрыяюць усебаковаму развіццю.

Усе дзеці развіваюцца з рознай хуткасцю. Але калі вас хвалюе які-небудзь аспект развіцця вашага дзіцяці, у тым ліку маўлення і навыкаў зносін, рэкамендуецца пракансультавацца з выхавацелем ці звярнуцца па параду да педыятра.