Як размаўляць з дашкольнікамі і слухаць іх
Размова з дашкольнікам: чаго чакаць
Ад дзіцяці ва ўзросце 3–5 гадоў вы, хутчэй за ўсё, будзеце чуць шмат размоў і пытанняў. Гэта тлумачыцца тым, што дашкольнікі:
- маюць вострую патрэбу практыкаваць ужыванне новых слоў, гукаў і моўных навыкаў;
- увесь час праяўляюць цікавасць да ўсяго, што іх акружае;
- вучацца, размаўляючы з людзьмі, якія ведаюць больш, чым яны.
Слухайце ваша дзіця
Паказвайце дзіцяці, што вы яго слухаеце, дзякуючы гэтаму яно зразумее: тое, што яно думае і гаворыць, важна для вас.
Як слухаць дзіця і паказваць яму, што вы гэта робіце:
- Адкладайце справы і пры любой магчымасці ўдзяляйце дзіцяці ўсю сваю ўвагу.
- Апускайцеся на падлогу або на калені да ўзроўню вачэй вашага дзіцяці, каб усталёўваць зрокавы кантакт.
- Уважліва сачыце за мімікай і жэстамі вашага дзіцяці. Яны могуць шмат што вам сказаць. Напрыклад, малое дзіця можа дрыжаць ад гневу ці падскокваць ад захаплення.
- Калі ваша дзіця нешта кажа вам, рэзюміруйце, каб пераканацца, што вы правільна яго разумееце.
- Выкарыстоўвайце фразы, якія паказваюць, што вам цікава, напрыклад: «Праўда?», «Ого! І што потым?» або «Што было далей?».
- Ківайце, усміхайцеся і праяўляйце добразычлівасць, калі ваша дзіця гаворыць.
- Старайцеся цярпліва слухаць, пакуль ваша дзіця не скончыць сваё апавяданне.
Дашкольнікі любяць гаварыць і расказваць гісторыі! Калі вы не можаце выслухаць дзіця прама зараз, паведаміце яму пра гэта. Напрыклад: «Мы амаль дашлі да сада. Можаш хутка расказаць мне, чым усё скончылася, ці пагаворым пра гэта пазней?» Не забудзьцеся працягнуць размову, калі зможаце.
Як размаўляць з дзіцем
Ваша дзіця можа выкарыстоўваць і разумець шмат слоў, але часам яму ўсё роўна бывае цяжка зразумець, што вы кажаце.
Вось некалькі парад, якія дапамогуць вам выразна і ясна будаваць дыялогі з дашкольнікам:
- Пастарайцеся гаварыць менавіта тое, што вы маеце на ўвазе. Ваша дзіця можа не разумець жартаў, перабольшанняў ці сарказму, больш за тое, гэта можа пакрыўдзіць яго.
- Кантралюйце, каб вашыя жэсты і міміка адпавядалі таму, што вы кажаце. Напрыклад, усміхайцеся і глядзіце ў вочы дзіцяці, калі гаворыце, што любіце яго.
- Калі ваша дзіця не разумее, што вы кажаце, сфармулюйце па-іншаму. Напрыклад: «Павесь сумку на кручок» і «Паднімі сумку і павесь яе на кручок».
- Дапамажыце свайму дзіцяці зразумець «чаму», тлумачачы яму нешта. Напрыклад: «Мы не ездзім на веласіпедах па дарозе, таму што нас можа збіць машына».
- Вучыце дзіця чакаць сваёй чаргі, калі размаўляеце з ім. Уменне прытрымлівацца чарговасці падчас размовы спрыяе развіццю ў дзіцяці навыку слухання: «Ганна, зараз мая чарга гаварыць. Калі я скончу, наступіць твая чарга!»
- Хваліце дзіця і заахвочвайце яго за поспехі ў зносінах. Напрыклад: «Дзякуй, што паспеў усё расказаць да таго, як настаў час абедаць».
Як адказваць на пытанні вашага дзіцяці
Калі вы сур’ёзна ставіцеся да пытанняў дзіцяці і знаходзіце час, каб даць паўнацэнны адказ, вы заахвочваеце яго да таго, каб задаваць іх. Гэта дапамагае вашаму дзіцяці спазнаваць свет. Калі вы не ведаеце, што адказаць, так і гаварыце дзіцяці: «Хммм, я і сама не ведаю гэтага. Складанае пытанне. Давай спытаем пра гэта бабулю наступным разам, калі яе ўбачым».