Развіццё маўлення ў дзяцей: 0–8 гадоў

Цяпер у вашага дзіцяці ідзе актыўны працэс развіцця маўлення. Вы можаце вельмі проста дапамагчы яму ў гэтым: часцей кантактуйце з ім і ўважліва слухайце.
Body

Развіццё маўлення ў дзяцей: што трэба ведаць

Развіццё маўлення — важная частка развіцця дзіцяці.

Развіццё маўлення падтрымлівае здольнасць вашага дзіцяці наладжваць зносіны, выказваць і разумець пачуцці. Яно добра ўплывае на мысленне і здольнасць вырашаць праблемы, а таксама на развіццё і падтрыманне адносін з навакольным светам. Уменне разумець, выкарыстоўваць маўленне і атрымліваць ад зносін задавальненне — гэта важны першы крок да пісьменнасці і аснова для навучання чытанню і пісьму.

Першыя 12 месяцаў у немаўлят фарміруюцца асновы маўленчага і моўнага развіцця. І яны працягваюць развіваць моўныя навыкі з неверагоднай хуткасцю ў першыя тры гады жыцця.

Як стымуляваць ранняе развіццё маўлення ў дзяцей

Лепшы спосаб стымуляваць маўленчае развіццё вашага дзіцяці — гэта многа размаўляць разам пра рэчы, якія яго цікавяць. Трэба падтрымліваць вербальны кантакт з вашым дзіцем, калі яно паказвае вам, што яго цікавіць, махаючы рукой, мармычучы або выкарыстоўваючы словы.

Размовы з вашым дзіцем

Пагаварыце са сваім дзіцем і пачынаючы з першых 12 месяцаў стаўцеся да яго як да чалавека, які ўмее гаварыць. Калі вы скончыце фразу, пачакайце, пакуль дзіця адкажа. А калі яно пачне лепятаць, скапіруйце гукі, якія яно ўтварае, у адказ. Вы, верагодна, заўважыце, што ваша дзіця зноў нешта «кажа» вам. Гэта падтрымлівае размову і прыносіць вялікае задавальненне.

Адказ вашаму дзіцяці

Калі ваша дзіця падрасце і пачне выкарыстоўваць жэсты, вы зможаце рэагаваць на яго спробы наладжваць з вамі кантакт. Напрыклад, калі яно круціць галавой, адказвайце так, як быццам ваша дзіця кажа «не». Калі ваша дзіця паказвае на цацку, адказвайце так, быццам яно запытала: «Можна мне гэта?» ці сказала: «Мне гэта падабаецца».

Калі ваша дзіця пачынае выкарыстоўваць словы, вы можаце паўтараць і развіваць тое, што яно гаворыць. Напрыклад, калі дзіця кажа: «Яблык», вы можаце сказаць: «Хочаш чырвоны яблык?».

Калі вы падтрымліваеце зносіны са сваім дзіцем і адказваеце на яго рухі, гэта стымулюе яго да кантакту. Вы будзеце здзіўлены тым, як многа ваша дзіця скажа яшчэ да таго, як у яго артымаецца вымавіць слова.

Паўсядзённая размова

Сумеснае абмеркаванне таго, што адбываецца ў вашым паўсядзённым жыцці, — выдатны спосаб павялічыць колькасць слоў, якія чуе ваша дзіця. Вы можаце гаварыць пра рэчы, якія маюць сэнс для вашага дзіцяці, напрыклад, пра тое, што вы бачыце ці робіце разам — ідэя ў тым, каб выкарыстоўваць шмат розных слоў і ў розных кантэкстах. Напрыклад, вы можаце пагаварыць з дзіцем пра яблыню і пра тое, як разрэзаць яблык на абед. Гэта дапаможа вашаму дзіцяці даведацца пра значэнне і функцыю слоў у навакольным свеце.

Нястрашна, калі ваша дзіця адразу нешта не разумее: разуменне будзе расці па меры развіцця вашага дзіцяці.

З таго моманту, як ваша дзіця пачне расказваць гісторыі, падахвочвайце яго да размоў пра мінулае і будучыню. Напрыклад, у канцы дня вы можаце абмеркаваць планы на наступны дзень, склаўшы разам спіс пакупак ці вырашыўшы, што ўзяць з сабой у госці да бабулі. Або, вярнуўшыся разам дадому з прагулкі, вы можаце абмеркаваць яе.

Чытанне з малым дзіцем

Чытайце дзіцяці і па меры яго росту выбірайце больш складаныя кнігі. Чытанне дазваляе вашаму дзіцяці чуць словы ў розных кантэкстах, што дапамагае засвоіць  іх значэнне і функцыю.

Паралелі паміж тым, што напісана ў кнізе, і тым, што адбываецца ў жыцці вашага дзіцяці, — добры спосаб разгаварыць яго. Вы таксама можаце падахвочваць да размовы, абмяркоўваючы цікавыя малюнкі з кніг, якія чытаеце разам.

Калі вы чытаеце ўголас з дзіцем, вы можаце паказваць на словы, якія вымаўляеце. Гэта пакажа яму сувязь паміж пісьмовымі і вуснымі словамі і дапаможа даведацца, што словы з’яўляюцца асобнымі часцінамі мовы. Гэта важна для развіцця пісьменнасці дзіцяці.

Бібліятэка недалёка ад дома — выдатная крыніца новых кніг.

Калі ваша сям’я размаўляе на дзвюх мовах, вы можаце заахвочваць маўленчае развіццё вашага дзіцяці на абедзвюх — напрыклад, на беларускай і англійскай. Двухмоўныя дзеці могуць дасягаць моўнага развіцця з той жа хуткасцю, што і дзеці, якія размаўляюць на адной мове.

Развіццё маўлення: першыя восем гадоў

Вось толькі некаторыя з важных этапаў, якія ваша дзіця можа прайсці ў развіцці маўлення ў перыяд ад трох месяцаў да васьмі гадоў.

3–12 месяцаў

Першы год жыцця вельмі важны для маўленчага развіцця дзіцяці, бо ідзе актыўнае выспяванне маўленчых абласцей мозга. Першы год — гэта дамаўленчы перыяд, які з’яўляецца падмуркам для далейшага станаўлення маўлення. Яго ўмоўна можна падзяліць на наступныя этапы:

– першы (0–3 мес.) — развіццё эмацыянальна-выразных рэакцый. Крык — першая галасавая рэакцыя. Крык здаровага дзіцяці звонкі і працяглы. Да 2–3 месяцаў жыцця інтанацыі пры крыку становяцца разнастайнымі. Так, напрыклад, крык галоднага немаўляці пранізлівы і настойлівы, а крык пры дыскамфорце млявы і невыразны. З’яўляецца «комплекс ажыўлення» — найпрасцейшая форма дамаўленчых зносін з дарослым у выглядзе ўсмешкі, агульных хаатычных рухаў, гукаў, прасочвання поглядам за дарослым.

– другі (3–6 мес.) — час з’яўлення галасавых рэакцый (агукання і лепету). Да трэцяга месяца ці крыху раней з’яўляецца агуканне. Агуканне — працяглыя нягучныя пявучыя гукі: «а-а-а-а», «гу-у-у», «а-ам», «бу» і г. д. Гэтыя гукі або простыя для вымаўлення, або звязаныя з актамі смактання і глытання. У перыяд агукання з’яўляецца інтанацыя радасці. Дзіця гуліць, калі яму добра: яно выспалася, сухое і сытае. У 4 месяцы гукавыя спалучэнні ўскладняюцца і з’яўляюцца новыя: «гн-агн», «рн», «кхн» і г. д. Пры нармальным развіцці дзіцяці ў 4–5 месяцаў агуканне плаўна пераходзіць у лепет. Лепет — узнаўленне складовых спалучэнняў, перайманне маўлення навакольных. Найбольш інтэнсіўны працэс назапашвання лепетных гукаў адбываецца пасля шостага месяца.

– трэці (6–10 мес.) — пачатак развіцця разумення маўлення, актыўнага лепету. Ад 7–8 месяцаў і да 1 года новых гукаў з’яўляецца мала. Дзіця шмат разоў запар рытмічна паўтарае «ця-ця-ця…», «гы-га-гы…» і іншыя лепетныя ланцужкі, удасканальваючы майстэрства вымаўлення і адначасова слухаючы сябе. Так паступова колькасць пераходзіць у якасць. З’яўляюцца лепетныя словы, якія дзіця суадносіць з пэўнымі асобамі, прадметамі, дзеяннямі. «Бі-бі» — паказвае на машыну, «топ» — крочыць, «ма-ма» — звяртаецца да мамы і г. д.

У працэсе зносін з дарослымі дзіця спрабуе пераймаць інтанацыі, тэмп, рытм маўлення, якое чуе, захоўваць агульны контур слова.

У гэты перыяд фарміруецца разуменне маўлення навакольных. Ужо ў 7–8 месяцаў дзеці пачынаюць адэкватна рэагаваць на словы і фразы, якія суправаджаюцца жэстамі і мімікай. Дзіця паварочвае галаву ў адказ на пытанні «Дзе тата? Баба?». Рэагуе на сваё імя. Ведае звычайнае месцазнаходжанне хатніх прадметаў (гадзінніка, ложачка), калі іх раней паказвалі і называлі. Іншымі словамі, пачынае развівацца суаднясенне гукавога вобраза слова з прадметам.

– чацвёрты (10 мес.–1 год) — час з’яўлення першых слоў. З’яўляюцца першыя словы — словы-сказы. Адно і тое ж слова можа выказваць пачуцці, жаданні і абазначаць прадмет. «Мама» — гэта і зварот, і просьба, і скарга. Першыя словы складаюцца з парных аднолькавых (значна часцей) і неаднолькавых складоў: «па-па», «дзі-дзі», «бі-ка» і інш. Пры гэтым адзін склад вылучаецца гучнасцю і працягласцю. Так закладваецца націск. Маўленчая актыўнасць у гэтым узросце сітуатыўная і залежыць ад эмацыянальнага ўдзелу дарослага ў зносінах. У 1 год здаровае дзіця валодае 8–10 словамі тыпу «кіс-кіс», «му», «ням-ням».

Ад 12 месяцаў да 3 гадоў

Ад 1 года да 3 гадоў (пераддашкольны ўзрост) адбываецца станаўленне актыўнага маўлення, таму што дзіця пачынае хадзіць. Са з’яўленнем здольнасці хутка перамяшчацца пашыраюцца ўяўленні пра навакольны свет, інтэнсіўна развіваецца маўленне: дзіця пытаецца, што як называецца. У маўленні назіраюцца гукавыя скажэнні, перастаноўка складоў, ужываюцца ўдарныя і пачатковыя склады, прапускаюцца цяжкія гукі.

Да канца другога года жыцця фарміруецца элементарнае фразавае маўленне. У зносінах з дарослым дзіця аб’ядноўвае 2–3 словы, напрыклад, «дай пі» (дай піць), «тата бі» (тата паехаў) і г. д. Паступова фарміруюцца граматычныя катэгорыі (лік, род, склон…).

Да 3 гадоў дзіця самастойна ўжывае самыя простыя граматычныя канструкцыі. Падчас зносін з дарослымі або аднагодкамі дзеці выкарыстоўваюць простыя сказы.

Да 3 гадоў з’яўляецца патрэба ў словатворчасці. Дзіця прыдумвае свае словы, але пры гэтым выкарыстоўвае законы роднай мовы: «капатка» — лапатка, г. зн. дзіця авалодвае асноўнымі заканамернасцямі мовы.

3–5 гадоў

Цяпер вы можаце чакаць больш працяглых, абстрактных і складаных размоў. Напрыклад, ваша дзіця можа сказаць нешта накшталт: «Я вырасту кавуном, таму што я праглынуў кавуновае насенне?».

Ваша дзіця, верагодна, таксама захоча пагаварыць на самыя розныя тэмы, і слоўнікавы запас будзе расці. Яно можа прадэманстраваць разуменне базавай граматыкі, эксперыментуючы з больш складанымі сказамі, у якіх ёсць такія словы, як «таму што», «калі», «так» ці «калі». І вас таксама чакаюць цікавыя гісторыі.

5–8 гадоў

У першыя школьныя гады ваша дзіця вывучыць больш слоў і пачне разумець, як гукі ў мове працуюць разам. Ваша дзіця таксама стане лепш расказваць гісторыі, паколькі навучыцца складаць словы па-рознаму і будаваць розныя тыпы сказаў. Гэтыя навыкі дазволяць вашаму дзіцяці дзяліцца ідэямі і меркаваннямі. Да васьмі гадоў ваша дзіця зможа размаўляць па-даросламу.

Дзеці растуць і развіваюцца з рознай хуткасцю, і існуе вялікі дыяпазон «нармальнага» развіцця. Але вы ведаеце сваё дзіця лепш за ўсіх. Калі ў вас ёсць якія-небудзь асцярогі з нагоды моўнага развіцця вашага дзіцяці, пагаварыце са сваім урачом, медсястрой ці іншым медыцынскім работнікам або звярніцеся да лагапеда.