Развіццё маўлення: 1–2 гады

Развіццё маўлення ў дзяцей ва ўзросце 1–2 гадоў самае актыўнае. Ваша дзіця пачне разумець, што вы яму кажаце. А да канца года вы, магчыма, нават зразумееце нешта з таго, што яно вам гаворыць. Ніжэй прыведзена даведачная інфармацыя адносна таго, чаго можна чакаць у гэтым узросце.
Body

Развіццё слоўнікавага запасу і мовы ў дзяцей 1–2 гадоў

У 1–2 гады ваша дзіця навучыцца выкарыстоўваць і разумець больш слоў. Спачатку яно будзе разумець у асноўным назоўнікі — напрыклад, «сабака», «аўтобус» і «канапа». З часам яно пачне разумець некаторыя дзеясловы, напрыклад, «есці» і «бегаць». Далей ідуць прыметнікі — напрыклад, «вялікі» і «сіні».

Разуменне і развіццё маўлення ў дзяцей 1–2 гадоў

Прыкладна па дасягненні 12-месячнага ўзросту ваша дзіця будзе разумець назвы рэчаў, якія знаходзяцца навідавоку. Напрыклад, яно зразумее словы, якія абазначаюць:

  • звычайныя прадметы, такія як «кубак» ці «лялька»;
  • часткі цела, такія як «жывоцік» або «палец нагі»;
  • адзенне тыпу «шкарпэтка» ці «шапка».

Але пакуль што ваша дзіця можа выкарыстоўваць адно і тое ж слова для абазначэння розных рэчаў. Напрыклад, яно можа называць усіх жывёл «сабачкам».

Прыкладна ў 15 месяцаў ваша дзіця будзе ўказваць на аддаленыя рэчы і прасіць вас назваць іх.

Ва ўзросце каля 18 месяцаў яно будзе называць сябе па імені. А яшчэ праз некалькі месяцаў пачне разумець і выкарыстоўваць займеннік «я» для абазначэння сябе —  діця пачынае разумець, што яно асобны чалавек.

У гэтым узросце ваша дзіця зразумее:

  • знаёмыя фразы накшталт «пацалуй мяне»;
  • простыя інструкцыі, такія як «спыні»;
  • вельмі простыя тлумачэнні.

Ваша дзіця навучыцца вызначаць часткі свайго цела і паказваць на прадметы, калі яго просяць, напрыклад: «Пакажы мне грузавік».

Выкарыстанне слоў і сказаў

Маўленчае развіццё ўключае ў сябе навучанне выкарыстанню слоў і сказаў.

Прыкладна ў 12 месяцаў ваша дзіця пачне размаўляць з вамі словамі. Яго лепет стане ператварацца ў сапраўдныя словы. У гэты перыяд вашаму дзіцяці таксама можа падабацца паўтараць адно і тое ж слова зноў і зноў.

Па меры набліжэння да двухгадовага ўзросту ваша дзіця пачне складаць словы разам («мама ў машыне», «я пайду», «шкарпэткі на нагах»). У гэты перыяд яно будзе выкарыстоўваць толькі некалькі апісальных слоў, напрыклад «вялікі», «чырвоны» ці «сонечны». Яго фразы будуць складацца ў асноўным з назоўнікаў і некаторых дзеясловаў («сабачка есць», «машына едзе»).

Вымаўленне

Ваша дзіця будзе выкарыстоўваць розныя гукі, але вымаўляць словы не так, як гэта робяць дарослыя. Напрыклад, яно можа сказаць «цяй» замест «чай» ці ўвогуле апусціць часткі слоў, напрыклад, «афон» замест «тэлефон».

Часта бывае цяжка зразумець вымаўленне вашага дзіцяці. Але да таго часу, калі яму споўніцца два гады, той, хто дрэнна ведае дзіця, верагодна, усё роўна будзе разумець прыкладна палову сказанага ім.

Размова і зносіны

Уменне гаварыць — гэта частка маўленчага развіцця.

Ваша дзіця можа прыцягнуць увагу да чаго-небудзь, сказаўшы «дай» ці паказваючы пальцам. І яно ўжо ведае, што калі вы скажаце «глядзі» і зробіце ўказальны жэст, вы яму нешта пакажаце.

У названы перыяд ваша дзіця, хутчэй за ўсё, зможа адказаць на простыя пытанні і зразумее розніцу ў вашым тоне, калі вы пытаецеся пра што-небудзь ці гаворыце са сцвярджальнай інтанацыяй. А таксама дзіця ўжо ведае, што значыць, калі вы кажаце «не» ці «нельга».

Ваша дзіця паспрабуе дапамагчы вам зразумець яго, спалучаючы словы, жэсты і гукі, а таксама змяняючы інтанацыю.

Яму падабаецца пераймаць дзеянні навакольных, і дзіця пачне разумець, як прыцягнуць іх увагу з дапамогай «выхваляння».

Дзеці растуць і развіваюцца з рознай хуткасцю. Некаторыя, у якіх першапачаткова маўленне развіваецца больш павольна, часта даганяюць астатніх праз некалькі гадоў. Інфармацыя ў гэтым артыкуле носіць даведачны характар. Вы лепш за ўсіх ведаеце сваё дзіця, таму, калі вас турбуе яго маўленчае развіццё, пагаварыце са сваім урачом ці медсястрой.