Творчае навучанне і развіццё творчых здольнасцей у малых дзяцей
Творчыя гульні: чаму яны важныя для навучання і развіцця малых дзяцей
Сюжэтна-ролевыя гульні, музыка, танцы і выяўленчае мастацтва спрыяюць развіццю творчых здольнасцей і ўяўлення ў дзяцей. Такія заняткі таксама дапамагаюць ім развіваць свае пачуцці, паколькі дзеці даведваюцца і адкрываюць для сябе нешта новае. Акрамя таго, гэтыя заняткі дазваляюць маленькім дзецям выявіць тое, як яны бачаць свет вакол сябе і сваё месца ў ім.
Праз творчую гульню дзеці могуць паказаць свае пачуцці, бо яны не заўсёды здольны патлумачыць прычыны сваёй злосці, засмучэння, радасці ці страху. У спрыяльнай абстаноўцы яны, верагодна, маглі б выкарыстоўваць на занятках назапашаны вопыт, каб выявіць гэтыя пачуцці з дапамогай фарбаў, колераў, рухаў, мімікі, акцёрскай гульні, спеваў ці танцаў.
Творчая гульня дазваляе дзецям рэалізаваць розныя ідэі і спосабы нешта рабіць. Пры гэтым найважнейшым з’яўляецца працэс, а не канчатковы вынік.
Нашы ідэі, якія датычацца творчага навучання і развіцця ў малых дзяцей творчых здольнасцей, дапамогуць вам пачаць займацца з вашым дзіцем нечым займальным і творчым.
Навучанне і развіццё праз сюжэтна-ролевыя гульні
Сюжэтна-ролевая гульня заключаецца ў тым, каб капіраваць дзеянні іншых людзей. Напрыклад, ваша дзіця можа размаўляць, прыклаўшы лыжку да вуха, бвццам гэта мабільны тэлефон. Ці яно можа збіраць прадметы ў вядзерца, нібы яно знаходзіцца ў супермаркеце з карзінай. Такая сюжэтна-ролевая гульня развівае ўяўленне.
Ваша дзіця, верагодна, любіць задаваць пытанне «Чаму?». Сюжэтна-ролевая гульня дапамагае яму самастойна знаходзіць адказы на свае пытанні. Дзякуючы ёй дзіця можа прыдумваць цікавыя і творчыя адказы на пытанні і задачы. Напрыклад, калі ваша дзіця прыкідваецца, што вядзе машыну, яму трэба ўявіць, куды яно накіроўваецца, хто яшчэ едзе з ім у машыне, якое святло гарыць на святлафоры: чырвонае або зялёнае.
Навучанне і развіццё праз выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва
Малыя дзеці любяць маляваць пальцамі, ляпіць, размалёўваць малюнкі, складаць або рваць паперу, а таксама ляпіць з гліны ці пластыліну. Падчас такіх заняткаў можна крыху выпацкацца, але яны дапамагаюць вашаму дзіцяці ў наступным:
- прывыкнуць да новых тэкстур, такіх як вадкая, слізкая ці ліпкая;
- даведацца, як узаемадзейнічаюць фарбы і папера і што яно можа з імі рабіць;
- развіваць дробную маторыку, напрыклад уменне трымаць аловак і карыстацца нажніцамі;
- выказваць свае думкі, перажыванні ці ідэі.
Не трэба ствараць гатовы або ідэальны «твор». Галоўнае, каб дзіця адкрывала ў сабе творчыя парывы, самавыяўлялася і нешта стварала. Ваша дзіця ўсё яшчэ вучыцца разумець, што такое формы і лініі, таму яго малюнак можа нагадваць вам спагецці, але для дзіцяці гэта дрэва!
Навучанне і развіццё праз музыку
Дзецям падабаецца слухаць і назіраць. Яны таксама любяць гуляць у гульні, дзе выкарыстоўваюцца музыка і гукі. Маленькія дзеці часта пачынаюць спяваць самі сабе, калі захоплены іншымі гульнямі.
Песні і музычныя гульні — гэта добрыя спосабы для самавыяўлення.
Спевы прымушаюць ваша дзіця выкарыстоўваць словы і спрыяюць развіццю яго памяці. Паколькі яна яшчэ не поўнасцю развіта, дзіця можа запамінаць за раз толькі некалькі слоў. Але яно можа дадаваць да слоў дзеянні, калі вы пра іх спяваеце, а таксама ўстаўляць словы, якія памятае.
Маленькім дзецям таксама падабаюцца прылады, асабліва тыя, якімі можна трэсці ці стукаць. Па меры набліжэння да трохгадовага ўзросту ваша дзіця будзе ўсё лепш падыгрываць у рытм.
Навучанне і развіццё праз танцы
Малыя дзеці часта пачынаюць рухацца і танцаваць, нават калі вы іх не просіце. Часам можа нават здацца, што падчас танца яны нібыта ўпадаюць у стан трансу — дзеці могуць паглыбляцца ў сябе.
Насамрэч, калі ваша дзіця танцуе, у яго ў галаве мільгае шмат розных думак. Яно адкрывае для сябе фантазіі, думкі і пачуцці, звязаныя з музыкай і навакольным асяроддзем.
Танцы дапамагаюць вашаму дзіцяці развіваць буйную маторыку, а таксама зрокава-маторную каардынацыю.
Яны могуць уключаць хадзьбу, утрыманне раўнавагі, скачкі, падскокванне ў адказ на музыку ці словы ў песні. Не мае значэння, ці пападае дзіця ў такт музыкі або робіць строга вызначаныя рухі. Самае галоўнае — адчуваць гукі і рухацца.