Гатуем разам з дзецьмі ва ўзросце 3–6 гадоў
Гатуем з дзецьмі: чаму гэта добра
Гатаваць разам з дзецьмі — гэта значна больш, чым проста забяспечваць сям’ю ежай.
Дапамагаючы вам на кухні, дзіця:
- вучыцца лічыць, адмяраючы інгрэдыенты;
- развівае пісьменнасць, чытаючы рэцэпты;
- праводзіць з вамі час, што ідзе на карысць вашым адносінам;
- можа праявіць крэатыўнасць, атрымаць практычныя навыкі, пасваволіць і павесяліцца.
Пасядзець усёй сям’ёй за сталом, на якім стравы, прыгатаваныя разам, — выдатны спосаб развіць сацыяльныя навыкі дзіцяці, у прыватнасці, уменне рабіць штосьці разам, гаварыць і слухаць.
Што спатрэбіцца для кулінарных заняткаў з дзецьмі
Добра, калі дзіця зможа само выбраць, што прыгатаваць. Важна, каб рэцэпт быў дастаткова простым, інакш вы рызыкуеце рабіць усё самі, пакуль дзіця будзе назіраць.
Магчыма, у вас на прыкмеце ёсць нешта простае, што можна прыгатаваць разам з дзіцем — напрыклад, яго любімая страва або дэсерт. Калі не, пашукайце рэцэпты для дзяцей у інтэрнэце, сваёй бібліятэцы ці кнігарні.
Калі рэцэпт стравы выбраны, пераканайцеся, што ў вас ёсць усе неабходныя інгрэдыенты і абсталяванне, а працоўнае месца свабодна.
Вам спатрэбіцца шмат часу. Хутчэй за ўсё дзіця будзе змешваць і адмяраць вельмі павольна, да таго ж вам давядзецца прыбіраць тое, што разлілося або рассыпалася ў працэсе. Акрамя таго, дзіця напэўна захоча паспрабаваць усе інгрэдыенты на смак.
На кухні дзяцей можа чакаць небяспека. Не пакідайце дзіця без нагляду побач з гарачымі паверхнямі, вадкасцямі, электрычнымі прыборамі і вострымі прадметамі.
Як гатаваць з дзецьмі
- Спачатку абмяркуйце будучую страву. Пакажыце дзіцяці інгрэдыенты і (калі выкарыстоўваеце) рэцэпт.
- Дазвольце дзіцяці рабіць як мага больш. Яно можа мыць гародніну і садавіну, наліваць і змешваць, дапамагаць адмяраць і адлічваць інгрэдыенты. Дзіцяці нават можна даверыць нарэзку чаго-небудзь нескладанага пад наглядам — напрыклад, мяккай садавіны нажом для масла. Вы можаце спачатку паказаць, што і як рабіць, а потым дзіця можа паспрабаваць выканаць гэта самастойна.
- Прагаворвайце тое, што робіце, ужывайце такія словы, як «нацерці» і «размяць». Можна прапанаваць дзіцяці падбіраць словы для апісання смаку і кансістэнцыі, напрыклад «салёны», «рассыпісты» або «хрумсткі».
- Абмяркуйце, якія прадукты карысныя і чаму.
- Няхай дзіця падзеліцца прыгатаванай стравай з сябрамі ці сям’ёй. Пахваліце яго кулінарныя старанні!
Адаптуем кулінарныя заняткі для дзяцей рознага ўзросту
Для дэбюту дзіцяці ранняга ўзросту на кухні выдатна падыдзе простая зялёная салата. Дапамажыце дзіцяці вымыць лісце і зеляніну, якія яно потым можа парваць рукамі, адмераць і дадаць інгрэдыенты для запраўкі; дайце прыборы, каб змяшаць салату ў місцы.
Пісьмовыя рэцэпты — добрая магчымасць для старэйшых дзяцей развіць навыкі пісьменнасці і ліку. Перш чым прыступіць да прыгатавання, прачытайце рэцэпт разам. Можна выкарыстоўваць такія паняцці, як вага, тэмпература.
Кулінарыя можа стаць акном у іншыя краіны і культуры. Можна расказаць дзіцяці пра краіны, стравы якіх вы гатуеце, і пра людзей, якія там жывуць.