Як зрабіць сямейную трапезу прыемнай: шэсць парад

Рэгулярныя сямейныя трапезы даюць магчымасць гутарыць і разам атрымліваць асалоду ад здаровай ежы. Плануйце канкрэтны час для сямейных застолляў. Няхай у выбары і прыгатаванні агульных страў удзельнічаюць усе. Вучыце дзяцей добрым манерам і заахвочвайце іх спрабаваць новыя стравы.
Body

Перавагі сямейных трапез

Сямейнае жыццё вельмі насычанае, а для сумеснага прыгатавання і прыёму ежы патрабуецца час. Але калі ўсё атрымліваецца, вы разумееце, што рэгулярныя сямейныя сустрэчы за сталом вартыя затрачаных намаганняў.

Няхай гэта будзе позняя вячэра або нядзельны абед з асаблівай нагоды: сямейнае застолле — ідэальны час, каб даведацца пра навіны адзін у аднаго, умацаваць адносіны і проста пагутарыць. Гэта мае асабліва важнае значэнне для занятых старэйшых дзяцей і падлеткаў.

Назіраючы за тым, што вы робіце за сталом, дзіця можа многа даведацца пра прадукты, ежу і сямейныя традыцыі. Калі малыя дзеці ядуць разам з іншымі членамі сям’і, яны вучацца ўжываць такую ​​ж здаровую ежу, як і ўсе астатнія. А пераборлівыя ў ежы дзеці хутчэй паспрабуюць нешта новае.

Сямейныя сустрэчы за сталом — гэта яшчэ і добры спосаб развіць тыя мадэлі паводзін, якія вы хацелі б бачыць у членаў вашай сям’і. Яны садзейнічаюць таму, што дзеці малодшага ўзросту вучацца карыстацца сталовымі прыборамі, а таксама спрыяюць выпрацоўцы звычкі гаварыць па чарзе і слухаць, пакуль іншыя дзеляцца сваімі навінамі.

Дзеці і падлеткі, у чыіх сем’ях рэгулярна арганізоўваюць сумесныя застоллі, дэманструюць больш поспехаў у розных сферах жыццядзейнасці — ад стану іх псіхічнага і фізічнага здароўя да паспяховасці ў школе.

Шэсць спосабаў зрабіць сямейную трапезу прыемнай

1. Выберыце пэўны час для сямейных сустрэч за сталом

Уключыўшы гэты пункт у свой штотыднёвы графік, вы з большай верагоднасцю не прапусціце сямейную вячэру. А паесці за сервіраваным сталом, выключыўшы тэлевізар і тэлефон, будзе ўвогуле цудоўна.

2. Не спяшайцеся

Калі вы выдзеліце на сумесны прыём ежы прыкладна 20–30 хвілін, у дзяцей будзе дастаткова часу, каб паесці. Да таго ж у іх будзе магчымасць паспрабаваць новыя прадукты і сфарміраваць карысныя звычкі ў харчаванні. Вы зможаце расслабіцца, пагутарыць і атрымаць асалоду ад часу, праведзенага з сям’ёй.

Калі ў вас ёсць малое дзіця, якому цяжка ўседзець на месцы на працягу 20 хвілін, дазвольце яму крыху парухацца. Але лепш, калі яно будзе есці толькі седзячы за сталом.

3. Далучыце ўсіх членаў сям’і

Удзельнічаючы ў выбары і прыгатаванні страў для сямейнай трапезы, вашыя дзеці з большай верагоднасцю іх з’ядуць. А пераборлівыя ў ежы дзеці ахвотней паспрабуюць новае.

Дапамагчы прыгатаваць ежу для ўсёй сям’і могуць нават маленькія дзеці. Напрыклад, яны здольны памыць садавіну і гародніну ці перамяшаць салату. Акрамя таго, яны могуць справіцца з заданнем накрыць на стол і нават упрыгожыць яго кветкамі.

Дзецям старэйшага ўзросту і падлеткам можа спадабацца падбіраць новыя рэцэпты і гатаваць для ўсёй сям’і — напрыклад, раз на тыдзень ці два. Пры гэтым яны таксама адчуюць адказнасць за прыгатаванне ежы і атрымаюць магчымасць асвойваць кулінарныя навыкі.

4. Выкарыстоўвайце сямейныя сустрэчы за сталом як магчымасць пагаварыць

Сумесныя абеды могуць стаць выдатным спосабам даведацца пра справы адзін аднаго. Праўда, часам дзецям бывае цяжка апісаць свой дзень словамі. Калі гэта ваш выпадак, вы можаце дапамагчы дзіцяці, задаючы яму пытанні, якія прадугледжваюць разгорнутыя адказы. Напрыклад: «Што класнага адбылося сёння ў школе?».

Яшчэ адна ідэя: кожны па чарзе дзеліцца нечым добрым і дрэнным з таго, што адбылося за дзень. Так ваша дзіця не будзе адчуваць сябе няёмка.

Але калі яно сапраўды не хоча размаўляць, лепш за ўсё не настойваць і не ўзнімаць вострыя тэмы. Для дзіцяці добра ўжо проста пабыць у коле сям’і і паслухаць, як размаўляюць іншыя. Асноўная ідэя — зрабіць сумесны сямейны абед прыемным заняткам і атрымаць магчымасць пагутарыць.

5. Узнагароджвайце за добрыя паводзіны

Калі малодшыя дзеці правільна паводзяць сябе за сталом, дэманструючы добрыя манеры і спрабуючы розныя прадукты, пахваліце іх. Скажыце, што менавіта ў іх добра атрымоўваецца. Можна нават выкарыстоўваць «табліцу ўзнагароджання» за добрыя паводзіны, напрыклад за тое, што дзіця паспрабавала ўсю ежу на талерцы або не забыла сказаць «калі ласка» і «дзякуй».

Не трэба выкарыстоўваць ежу ў якасці пакарання або «хабару». Напрыклад, не варта казаць: «З’еш брокалі — атрымаеш марожанае на дэсерт». Так дзіця можа пачаць аддаваць перавагу прысмакам замест здаровай ежы. Таксама не рэкамендуецца ўзнагароджваць дзіця за колькасць з’едзенай ежы («У цябе сёння чыстая талерка!») —  дзіця павінна есці столькі, колькі трэба яго арганізму, а не столькі, колькі лічыць патрэбным яго маці/бацька. Уменне слухаць свой арганізм і адчуваць момант насычэння —  адна з умоў фарміравання здаровых харчовых паводзін.

6. Праяўляйце вынаходлівасць у планаванні сямейных сустрэч за сталом

Калі ёсць час і магчымасць, прыдумайце вясёлыя ідэі для сямейнай трапезы, каб дамачадцы чакалі яе з нецярпеннем. Вось некалькі ідэй для выхадных:

  • прыгатаваць бліны на сняданак;
  • зладзіць пікнік у парку, у двары ці на падлозе ў гасцінай;
  • запрасіць на вячэру асаблівага госця: сябра, дзядулю ці бабулю, суседа. Такая ідэя можа стаць добрай нагодай пазнаёміцца ​​з сябрамі старэйшых дзяцей;
  • арганізуйце тэматычны абед — напрыклад, прысвечаны кухні краіны, мову якой ваша дзіця вывучае ў школе.