Рэкамендацыі па харчаванні на кожны дзень для дзяцей 1–2 гадоў

Рэкамендацыі па харчаванні ў малюнках: дзеці ад 1 да 2 гадоў © Raisingchildren.net У 1-2 гады да
Body

Ва ўзросце 1–2 гадоў дзецям патрабуецца разнастайная карысная ежа. Вы вырашаеце, якія прадукты з пяці харчовых груп прапаноўваць свайму дзіцяці. Яно вырашае, ці есці тое, што вы яму прапаноўваеце, і ў якой колькасці. Складайце меню для дзіцяці, зыходзячы са складу яго тыднёвага рацыёну, а не штодзённага.

 

У гэтым узросце апетыт і смакавыя перавагі дзяцей мяняюцца вельмі імкліва. Штодня ў харчаванні дзяцей павінны прысутнічаць такія прадукты, як мяса жывёл ці птушкі, малочныя і кісламалочныя прадукты, гародніна, садавіна, хлеб, крупы, алей, сметанковае масла і інш. Напрыклад, штодзённы набор прадуктаў можа быць наступны: ½ порцыі садавіны; 2–3 порцыі гародніны; 1–1½ порцыі малочных прадуктаў; 4 порцыі зерневых; 1 порцыя прадуктаў, якія ўтрымліваюць бялок і карысныя тлушчы: нятлустае мяса, яйкі, бабовыя, сметанковае масла і розныя віды алею.

 

 

Малым дзецям неабходна ўжываць дастаткова вадкасці. Лепш аддаваць перавагу вадзе — гэта самы даступны і ў той жа час найбольш карысны напітак, які спаталяе смагу. Таксама абавязковая прысутнасць у рацыёне малака. Пазбягайце салодкіх газіраваных і энергетычных напіткаў, фруктовых сокаў, араматызаваных малака і вады.

 

Групы прадуктаў: ​​штодзённыя порцыі садавіны, гародніны, круп і злакаў

Садавіна: 1 порцыя = 1 сярэдні яблык, банан, апельсін ці груша; або 2 маленькія слівы, ківі ці абрыкосы; або 1 шклянка нарэзанай кубікамі свежай ці кансерваванай (без дадавання цукру) садавіны; або ½ шклянкі натуральнага хатняга фруктовага соку. Прапаноўвайце ½ порцыі ў дзень.

Гародніна: 1 порцыя = ½ сярэдняга клубня бульбы, морквы, бурака, агурка, тамата, батату (салодкай бульбы) ці кукурузы; або ½ шклянкі варанай гародніны (брокалі, шпінат, морква, гарбуз); або 1 місачка зялёнай ліставай ці сырой салатнай гародніны; або ½ шклянкі варанай фасолі, зялёнага гарошку ці сачавіцы. Прапаноўвайце 2–3 порцыі ў дзень.

Зерневыя прадукты і крупы: 1 порцыя = 1 кавалак хлеба; або ½ шклянкі варанага рысу, макаронных вырабаў з цвёрдых гатункаў пшаніцы; або ½ шклянкі кашы, напрыклад грэцкай; або ⅔ шклянкі аўсяных шматкоў; або ¼ шклянкі мюслі; або 1 здобны хлебабулачны выраб. Прапаноўвайце 4 порцыі ў дзень, лепш цэльназерневыя прадукты.

Групы прадуктаў: ​​штодзённыя порцыі малочных прадуктаў, бялкоў і карысных тлушчаў 

Малочныя прадукты: 1 порцыя = 1 шклянка (250 мл) малака; або 2 лустачкі сыру; або ¾ шклянкі (200 г) ёгурту; або ½ шклянкі рыкоты ці мяккага тварагу. Лепш аддаваць перавагу малаку і кісламалочным прадуктам з тлустасцю 2,5–3,2 %. Прапаноўвайце 1–1½ порцыі ў дзень.

Мяса, рыба, птушка, яйкі, арэхі, бабовыя: 1 порцыя = 65 г нятлустай ялавічыны, цяляціны, свініны ці трусяціны; або 80 г прыгатаванай нятлустай курыцы ці індычкі; або 100 г адваранага рыбнага філе; або 170 г прыгатаванага тофу; або 2 вялікія яйкі; або 1 шклянка варанай сачавіцы, нуту ці кансерваванай фасолі альбо зялёнага гарошку; або 1½ сталовай лыжкі арэхавай пасты. Прапаноўвайце 1 порцыю ў дзень.

Карысныя тлушчы: вы можаце штодня дадаваць у рацыён дзіцяці дадзенага ўзросту 1 порцыю ненасычаных тлушчаў пры прыгатаванні страў, а таксама ў выпечку, пасты ці запраўкі. Адна порцыя = 1–2 чайныя лыжкі (5–10 г) аліўкавага, сланечнікавага алею ці сметанковага масла; або 1–2 чайныя лыжкі (5–10 г) арэхавай пасты; або 1 сталовая лыжка (20 г) авакада. Паспрабуйце выключыць пірожныя, пячэнне, чыпсы, ледзянцы, смажанае і фастфуд. Такая ежа шкодная па прычыне высокага ўтрымання транс-ізамераў тлустых кіслот, цукру і солі.