Як пераканаць дзіця паснедаць

Сняданак дае дзіцяці энергію для гульняў, вучобы, добрай памяці і рашэння задач. Карысны сняданак збалансаваны па ўтрыманні вугляводаў, бялкоў і тлушчаў. Здаровыя варыянты сняданку: каша, мюслі, цэльназерневыя шматкі з нізкім утрыманнем цукру, вараныя яйкі, амлет, тосты з цэльназерневага хлеба, садавіна, ёгурт.
Body

Чаму карысны сняданак мае такое важнае значэнне

Сняданак дае дзецям энергію, якая так неабходна для іх актыўнага жыцця. Пасля карыснага сняданку дзеці даўжэй не адчуваюць голаду. А значыць, могуць сканцэнтравацца на гульнях і вучобе, лепш запамінаць новае і рашаць задачы.

Дзякуючы карыснаму сняданку дзеці лепш паспяваюць у школе.

Дзеці, якія снедаюць:

  • прапускаюць вучобу радзей, чым дзеці, якія ўвесь час прапускаюць сняданак;
  • адрозніваюцца лепшым эмацыянальным здароўем;
  • маюць нармальную вагу, паколькі радзей ядуць салодкае і тлустае ў якасці перакусу.

Як выглядае здаровы сняданак

Каб на працягу ўсёй раніцы энергія заставалася на стабільным узроўні, сняданак павінен быць збалансаваны па ўтрыманні вугляводаў, бялкоў і тлушчаў.

Варыянты сняданку для дзіцяці: каша, аўсяныя шматкі, мюслі, цэльназерневыя шматкі з нізкім утрыманнем цукру, вараныя яйкі, амлет, тосты з цэльназерневага хлеба, садавіна, ёгурт.

Добрым варыянтам будуць цэльназерневыя прадукты — хлеб з некалькіх злакаў, аўсянка або іншая каша. Такія прадукты пераварваюцца і засвойваюцца даўжэй, чым салодкія шматкі глыбокай перапрацоўкі. Яны даюць дзіцяці энергію і пачуццё сытасці на працягу больш доўгага часу.

Як пераканаць дзіця паснедаць

У пытаннях харчавання вы — узор для пераймання. Пакажыце дзіцяці на сваім прыкладзе, што сняданак — гэта смачна, растлумачце, наколькі ён важны і карысны. Так яго будзе лягчэй пераканаць снедаць.

Вось яшчэ некалькі ідэй, якія дапамогуць зрабіць сняданак карыснай ранішняй звычкай:

  • Няхай сняданак стане часам, калі можна пасядзець і паесці разам з дзецьмі. Падаючы добры прыклад, вы можаце ўплываць на іх звычкі.
  • Калі раніцай дзіця кажа, што не галоднае, паспрабуйце замест класічнага сняданку прыгатаваць карысны смузі з малаком, ёгуртам і садавінай, напрыклад бананам.
  • Іншы варыянт — даць дзіцяці дома невялікую порцыю аўсянкі або кавалачак фрукта. А пазней, перад школай, дадаткова прапанаваць яму сэндвіч ці ёгурт з садавінай.
  • Калі з-за насычанага графіку раніцай мала часу на сняданак, паспрабуйце завесці дзіцяці будзільнік на 10 хвілін раней або прыгатуйце сняданак напярэдадні вечарам. Напрыклад, загадзя пакладзіце шматкі ў міску і пакіньце на стале, каб раніцай дзіця проста дадало малако.
  • Калі дзіця пераборлівае ў ежы, падумайце, як зрабіць сняданак разнастайным. Напрыклад, можна намазаць тост з цэльназерневай мукі нятлустай рыкотай, зверху пакласці лустачкі банана і трохі мёду.
  • Калі старэйшае дзіця адмаўляецца снедаць, пастарайцеся не дужа акцэнтаваць на гэтым увагу. Дзіця можа так рабіць, дэманструючы сваю незалежнасць. Прапануйце яму ўзяць фрукт ці смузі з малака, ёгурту і садавіны, якія яно зможа з’есці па дарозе ў школу. А пры сумесных паходах у магазін яно можа само выбіраць прадукты для карыснага сняданку.

Харчовая каштоўнасць сняданку

Арганізм чалавека выпрацоўвае энергію з вугляводаў, трансфармуючы іх у цукар, які называюць глюкозай. За ноч, калі вы не елі, арганізм зрасходаваў глюкозу. І раніцай пачынае выкарыстоўваць запасы энергіі з мышцаў — глікаген і тлустыя кіслоты. Таму перад пачаткам новага дня нам трэба «заправіцца».

Сняданак дасць дзіцяці энергію і запусціць метабалізм. Гэта дапаможа яго арганізму больш эфектыўна засвойваць ежу, якая спажываецца на працягу дня. Дзеці, якія не ядуць раніцай, не «наганяюць» упушчаныя пажыўныя рэчывы да канца дня.