Як прывучыць дзіця есці больш гародніны: парады
Чаму дзецям важна есці гародніну
Гародніна пастаўляе ў арганізм дзіцяці энергію, вітаміны, мінеральныя рэчывы, эфірны алей, антыаксіданты, фітанцыды, клятчатку і ваду. Таксама яна дапамагае абараніць дзіця ад хвароб у больш познім узросце, у тым ліку ад захворванняў сэрца, ад інсульту і некаторых відаў раку. Здаровы рацыён прадугледжвае ўжыванне ў ежу вялікай колькасці гародніны, а таксама разнастайных прадуктаў з іншых асноўных груп.
Паводле рэкамендацый дыетолагаў, гародніна павінна прысутнічаць у рацыёне дзяцей штодня з частатой да 4 раз у дзень, г. зн. яе пажадана ўключаць практычна ў кожны прыём ежы, улічваючы памер порцыі, прыдатнай для дзіцяці пэўнага ўзросту.
У харчаванні дзяцей ва ўзросце да трох гадоў павінна прысутнічаць разнастайная гародніна за выключэннем той, якая мае высокую кіслотнасць і даўкі смак (рэдзька, радыска).
Важна не здавацца, няхай дзіцяці і складана з’ядаць дастатковую колькасць гародніны. Калі вы дапаможаце яму развіць звычкі здаровага харчавання зараз, яны застануцца на ўсё жыццё.
Ніжэй прыведзена некалькі парад, якія дапамогуць уключыць у рацыён вашай сям’і больш гародніны.
Для атрымання дадатковай інфармацыі вы можаце прачытаць нашы артыкулы пра здаровае харчаванне дзяцей ад нараджэння да школьнага ўзросту.
Парада 1: падавайце добры прыклад
Харчовыя прыярытэты дзіця пераймае ад вас, таму найлепшы спосаб заахвоціць яго есці гародніну — гэта паказаць яму, што вы ясце яе самі і атрымліваеце ад гэтага задавальненне.
Сумесныя прыёмы ежы — выдатны спосаб далучэння дзіцяці да здаровага харчавання, у тым ліку да гародніны. Такія хатнія стравы, як рагу, кары, смажаніна і паста, па-першае, смачныя, а па-другое, гатуюцца з вялікай колькасцю гародніны. Хуткі і смачны варыянт — міска салаты. Калі дзіця ўбачыць, што вы (ці хто-небудзь з членаў сям’і) кладзяце ў талерку многа гародніны, таму што яна вам падабаецца, цалкам верагодна, што і яно зробіць тое ж самае.
Парада 2: не здавайцеся, прапаноўвайце гародніну
Калі дзеці ўпершыню каштуюць гародніну і кажуць, што ім не спадабалася, гэта нармальна. Калі ваша дзіця сцвярджае, што яму не падабаецца гародніна наогул ці не спадабалася нешта канкрэтнае, працягвайце прапаноўваць розныя віды гародніны падчас ежы. Старайцеся пераканаць дзіця хаця б спрабаваць.
Хутчэй за ўсё, рана ці позна дзіця зменіць сваё стаўленне да гародніны. Некаторым дзецям трэба паспрабаваць новую ежу разоў 10, перш чым яны яе прымуць, і яшчэ прыкладна столькі ж, перш чым яны вырашаць, што яна ім падабаецца.
Парада 3: хваліце дзіця, калі яно спрабуе гародніну
Хваліце дзіця кожны раз, калі яно есць ці каштуе гародніну, тады яно з большай верагоднасцю будзе рабіць гэта зноў. Пахвала працуе найлепш, калі вы ўдакладняеце, што менавіта дзіця зрабіла добра. Напрыклад: «Міша, ты такі малайчына, што паспрабаваў гарбуз і брокалі!».
Пастарайцеся, каб пахвала не стала галоўным элементам прыёму ежы. Ваша мэта — не проста далучыць дзіця да ўжывання гародніны, а зрабіць так, каб яно ела яе, таму што яна яму падабаецца, а не таму, што дзіця хоча ад вас пахвалы і ўзнагароды.
Калі караць дзіця за тое, што яно не есць гародніну, яна можа пачаць асацыіравацца ў яго з чымсьці негатыўным. Калі дзіця адмаўляецца ад ежы, хвілін праз 20 прыбярыце яе. Паспрабуйце не надаваць гэтаму вялікага значэння — проста зрабіце яшчэ адну спробу ў іншы раз.
Не трэба казаць фразы накшталт: «З’ясі брокалі — атрымаеш на дэсерт марожанае». Так дзіця можа больш зацікавіцца заахвочвальнымі салодкімі прысмакамі, чым здаровай ежай. Акрамя таго, яно будзе ўспрымаць ужыванне карыснай ежы руцінным абавязкам. Усё гэта можа прывесці да пераядання.
Парада 4: далучыце дзіця да прыгатавання страў з гародніны
Калі вы далучыце дзіця да планавання меню і прыгатавання страў з агародніны, яно, хутчэй за ўсё, захоча іх паспрабаваць, паколькі дапамагала гатаваць.
Вось некалькі прыкладаў, як дзіця можа ўдзельнічаць у працэсе:
- выбіраць гародніну для абеду ці вячэры, калі вы разам робіце пакупкі;
- класці нарэзаную гародніну ў параварку ці каструлю;
- выкладваць нарэзаны перац, памідоры і грыбы на аснову для піцы;
- мыць і перамешваць лісце салаты.
Дзіця старэйшага ўзросту можна папрасіць надраць на тарцы ці нарэзаць гародніну, калі вы лічыце, што яно ўжо здольна асцярожна абыходзіцца з вострымі кухоннымі прадметамі.
Па магчымасці бярыце дзіця з сабой рабіць пакупкі. Калі дзеці бачаць мноства самай рознай гародніны, у іх прачынаецца цікаўнасць і жаданне яе пакаштаваць.
Парада 5: прапануйце гародніну ў якасці закускі
З гародніны можна зрабіць выдатны перакус. Калі захоўваць дома многа гародніны і абмежаваць колькасць нездаровых прадуктаў, дзіця, прагаладаўшыся, з большай верагоднасцю выбера карысны перакус.
Вось некалькі ідэй закусак з гародніны:
- Трымайце ў халадзільніку ёмістасць з нарэзанай гароднінай — агурком, морквай, салодкім перцам. Таксама можна паставіць у зоне доступу міску з памідорамі чэры.
- Прапануйце дзецям больш старэйшага ўзросту замарожаны малады гарошак. Улічыце, што для малых дзяцей ён уяўляе небяспеку: гарошынай можна падавіцца.
- Падавайце палачкі з гародніны з соусам, натуральным ёгуртам, сырам або лавашом з цэльназерневай мукі.
Парада 6: больш рознай гародніны і смакаў — больш весялосці
Прапануйце гародніну рознай формы, колеру, кансістэнцыі і смаку: чым больш варыянтаў, тым большая верагоднасць, што дзіця знойдзе тое, што яму спадабаецца. Калі вы падаяце новую гародніну разам з ежай, якая падабаецца вашаму дзіцяці, гародніна не патрапіць у цэнтр увагі.
Памятайце, што смак мае значэнне. Можна паспрабаваць абсмажыць гародніну са свежымі злакамі і лімонным сокам або выкарыстаць дробна нарэзаную брокалі для рагу або піцы. Такая ежа, хутчэй за ўсё, спадабаецца дзіцяці больш, чым буйныя кавалкі гародніны, прыгатаваныя на пары.
Дзецям, асабліва малодшага ўзросту, напэўна спадабаюцца «забавы з гароднінай». Напрыклад, можна зрабіць «смайлік» з гародніны: валасы з дранай морквы, вочы з памідораў чэры, нос з фасолі і рот з палоскі салодкага перцу.
Больш ідэй для карысных страў і здаровага харчавання можна запазычыць з нашых рэцэптаў для малых дзяцей, дашкольнікаў і дзяцей школьнага ўзросту.
Парада 7: дадавайце гародніну ў ежу рознымі спосабамі
Нейкі час гародніну можна ўключаць у любімыя стравы вашага дзіцяці ў «замаскіраваным» выглядзе, напрыклад, дадаваць яе ў якасці пюрэ ці ў працёртым стане ў соусы для пасты ці супы.
Аднак гэта не зменіць паводзіны дзіцяці і яго стаўленне да гародніны, таму важна рэгулярна даваць яе ў натуральным выглядзе. Так дзіця зможа пазнаёміцца з гэтымі прадуктамі і прывыкнуць да розных смакаў і кансістэнцый.
Калі вас хвалююць харчовыя паводзіны вашага дзіцяці, варта пракансультавацца з дыетолагам.