Звычкі здаровага харчавання ў дзяцей
Здаровае харчаванне і апетыт дзіцяці
Вы можаце хвалявацца пра тое, ці дастаткова есць ваша дзіця ці, наадварот, ці не есць яно занадта многа і ці не перавышае норму маса яго цела.
Як маці/бацька вы даяце дзіцяці здаровую ежу і магчымасць яе есці. Дзіця ж само вырашае, колькі яму есці і ці есці ўвогуле.
Апетыт у дзяцей змяняецца вельмі імкліва — гэта нармальна. Часам дзіця есць шмат — важна кантраляваць, каб ежа была здаровай. Часам яно не хоча есці. Пастарайцеся не хвалявацца, таму што яно напэўна нагоніць упушчанае падчас наступнага прыёму ежы ці нават на наступны дзень.
Калі дзіця не хоча есці, не прымушайце яго і не прапаноўвайце салодкія прысмакі ў якасці ўзнагароды. Прымус да ежы часта прыводзіць да таго, што дзіця ў далейшым не прыслухоўваецца да свайго апетыту.
Калі дзіця добра расце і развіваецца, хутчэй за ўсё, яно атрымлівае дастаткова ежы.
Самы дзейсны спосаб далучыць дзіця да здаровага харчавання — паказаць яму, што вы самі кожны дзень робіце выбар на карысць правільнай ежы. Гледзячы на вас, дзіця будзе пераймаць вашыя звычкі.
«Сігналы жывоціка» і здаровае харчаванне
Разуменне таго, як жывоцік дзіцяці «размаўляе» з яго мозгам, дапаможа вам перастаць хвалявацца пра тое, што дзіця недаядае або пераядае.
Мозг дзіцяці «разумее», што жывоцік поўны, толькі праз 20 хвілін пасля таго, як ежа патрапіла ў страўнік. Таксама пачуццё голаду ў дзіцяці часткова залежыць ад таго, наколькі яно фізічна актыўнае і ці трэба яму «нагнаць упушчанае», калі яно мала ела на працягу апошніх двух дзён.
Прыём ежы і перакусы ў адзін і той жа час спрыяюць паляпшэнню апетыту. Такі рэжым можа стаць часткай сістэмы здаровага харчавання.
Пераяданне
Калі вы занепакоеныя тым, што ваша дзіця схільнае да пераядання, паспрабуйце наступнае:
- Прапануйце яму крыху меншую порцыю ежы. Калі яно з’есць усё, можна даць дабаўку. Так мозг дзіцяці атрымае правільныя сігналы ад жывоціка.
- Калі дзіця не есць штосьці з таго, што вы прапаноўваеце, напрыклад, гародніну, — гэта яго выбар. Не трэба прапаноўваць дадатковыя порцыі іншай ежы, напрыклад мяса, каб папоўніць недахоп гародніны.
- Падавайце дзіцяці ежу на талерцы невялікага памеру. Так яно атрымае порцыю патрэбнай велічыні, але пры гэтым «поўную талерку» ежы.
- Падчас ежы пазбягайце фактараў, якія адцягваюць увагу, такіх як тэлевізар ці цацкі. Так дзіця будзе засяроджанае на ежы і яму будзе прасцей зразумець, ці галоднае яно яшчэ, ці ўжо сытае.
Недаяданне
Калі вам здаецца, што дзіця мала есць ці ў яго адсутнічае апетыт, прытрымлівайцеся наступных рэкамендацый:
- Прапаноўвайце ежу кожны дзень прыкладна ў адзін і той жа час. Калі дзеці ядуць у адзін і той жа час, яны з большай верагоднасцю прагаладаюцца менавіта да гэтага моманту.
- Заахвочвайце дзіця да таго, каб яно ела больш падчас асноўных прыёмаў ежы, робячы перакусы невялікімі. Рэгулярныя карысныя перакусы патрэбныя для папаўнення запасаў энергіі, але калі іх занадта шмат ці яны грунтоўныя, дзіця можа насыціцца да асноўнага прыёму ежы.
- Не прапануйце дзіцяці альтэрнатыву, калі яно не есць. Проста ў гэты момант у яго няма апетыту.
Калі вас непакояць тэмпы росту дзіцяці або яго харчовыя звычкі, запішыцеся на прыём да тэрапеўта, педыятра ці дыетолага.
Рэкамендацыі па забеспячэнні здаровага харчавання для дзіцяці
Здаровыя харчовыя звычкі фарміруюцца дома.
Вельмі важна, каб дзіця ўжывала здаровую і пажыўную ежу. Карысна таксама стварыць атмасферу, якая культывуе звычкі здаровага харчавання і падкрэслівае значэнне карысных прадуктаў. Так дзіцяці будзе прасцей рабіць выбар на карысць здаровай ежы.
Вось некалькі ідэй:
- Пастаўце вазу са свежай садавінай у межах бачнасці і дасяжнасці, напрыклад на кухонны стол ці лаўку. Вы можаце прапанаваць садавіну ў якасці перакусу або ў тым выпадку, калі дзіця ўжо паела, але ўсё яшчэ галоднае.
- Запоўніце кладоўку і халадзільнік карыснай і пажыўнай ежай, а непажаданыя прадукты пакідайце на паліцах супермаркетаў.
- Выбірайце садавіну і гародніну рознага колеру, тэкстуры і смаку: чым больш разнастайнасці, тым большая верагоднасць, што дзіця знойдзе тое, што яго зацікавіць.
- Далучайце дзіця да планавання меню і прыгатавання ежы. Калі дзіця дапамагала гатаваць, яно з большай верагоднасцю будзе есці гэтую страву.
- Як мага часцей разам усёй сям’ёй ешце карысную ежу. Старайцеся знаходзіць магчымасць сабрацца разам за сняданкам і па выхадных.
- Выключайце тэлевізар падчас яды. Гэта дапаможа дзіцяці засяродзіць увагу на працэсе яды і карысных прадуктах, якія вы прапаноўваеце.
- Чытайце з дзіцем кнігі пра здаровае харчаванне, напрыклад, з малюнкамі садавіны і гародніны. Папрасіце яго паказаць розныя віды, колеры, формы і гэтак далей.
Няхай у вас дома будуць пад рукой карысныя закускі, а нездаровую ежу старайцеся не купляць. Дзеці выберуць здаровы варыянт, калі ён у іх адзіны. Напрыклад, на стале ў вас можа стаяць ваза са свежай садавінай, а ў халадзільніку — кантэйнер з палачкамі з агародніны.