Дзеці вучацца есці самастойна

У дзіцяці, якое вучыцца есці само, развіваюцца самастойнасць і дробная маторыка, з’яўляецца разуменне працэсу прыёму ежы. Спачатку няхай дзіця паспрабуе есці рукамі, затым дайце яму магчымасць актыўна практыкавацца з лыжкай. Дзіцяці можна даваць піць з невялікага пластыкавага небіткага кубка, які яно спачатку можа ўспрыняць як цацку. Магчыма, вас засмуціць беспарадак, які ўзнікае падчас яды. Каб крыху яго мінімізаваць, выкарыстоўвайце нагруднік, пад дзіцячае крэселка падкладайце кляёнку ці паперу.
Body

Дзеці ядуць самі: чаму гэта важны этап

Этап, калі дзеці вучацца есці самі, мае важнае значэнне па многіх прычынах.

Па-першае, дзеці трэніруюцца самастойна прымаць ежу, а гэта навык, які ім неабходна развіваць у раннім дзяцінстве і на ўсё жыццё.

Па-другое, дзеці актыўна мацаюць ежу, камячаць яе і выпускаюць з рук. Гэта адзін са спосабаў развіцця дробнай маторыкі ў дзіцяці, у прыватнасці ўмення трымаць лыжку, праўда, у працэсе можа ўзнікаць некаторы беспарадак.

Па-трэцяе, так дзіця больш даведваецца пра смак, тэкстуру, пах і тэмпературу ежы. Напрыклад, яно ўсведамляе, што кавалачак банана або ківі ўзяць лягчэй, чым зачэрпнуць жменю ёгурту або спагеці «Баланьезэ».

Чаго чакаць, калі дзеці вучацца есці самастойна

Пасля ўвядзення цвёрдай ежы дзіця можа дэманстраваць жаданне есці самастойна. Напрыклад, яно пачынае цягнуцца за лыжкай ці спрабуе ўзяць ежу з вашай талеркі.

Ваша дзіця хоча есці само — гэта нармальна. Падтрымлівайце гэтае яго жаданне, хоць часта такія «практыкаванні» прыводзяць да непажаданага беспарадку.

Набярыцеся цярпення: рана ці позна дзіця справіцца з гэтым. Добра мець пад рукой камеру, каб захаваць на памяць вясёлы бок гэтага этапу кармлення.

Пачынаем есці з дапамогай рук

Пальчыкавая ежа — гэта мяккія яе кавалачкі «на адзін укус», якія дзіця можа лёгка ўзяць рукой і размяць дзяснамі або зубамі. Калі дзіця праяўляе цікавасць да самастойнага прыёму ежы, пачніце з прадуктаў, якія вы можаце даць яму ў руку, напрыклад з невялікіх кавалачкаў мяккай садавіны ці адваранай гародніны, такой як бульба ці гарбуз.

Галоўная парада: пакладзіце некалькі кавалачкаў у межах дасяжнасці дзіцяці. Калі яно іх з’есць або выпусціць з рук, вы можаце пакласці яшчэ. Так уся ежа не апынецца на падлозе ў самым пачатку.

Яда з дапамогай лыжкі

Большасць дзяцей не могуць карыстацца лыжкай, пакуль ім не споўніцца 18 месяцаў. Будзе добра, калі вы дазволіце дзіцяці карыстацца ёй у больш раннім узросце. Звычайна дзеці самі даюць зразумець, калі хочуць пачаць: увесь час цягнуцца за лыжкай.

Галоўная парада: карміце дзіця адной лыжкай, пакуль яно трымае другую.

Каб дзіця не папярхнулася, заўсёды сачыце за ім, калі яно вучыцца есці самастойна. Пераканайцеся, што дзіця сядзіць, а не гуляе і не поўзае. Некаторыя прадукты, напрыклад цэльныя арэхі і цвёрдая ежа, такая як нарэзаная сырая морква, небяспечныя і могуць выклікаць удушша. Дзецям, якія толькі вучацца есці, нельга даваць гэтыя прадукты.

Як справіцца з беспарадкам і гульнёй падчас яды

Беспарадак і гульня з ежай — нармальныя з’явы, калі дзіця вучыцца есці самастойна, яны спрыяюць развіццю дзіцяці.

Ніжэй прыведзена некалькі парад, як можна справіцца з непажаданым беспарадкам:

  • надзявайце дзіцяці нагруднік;
  • наразайце ежу палоскамі ці брусочкамі, каб яе было лягчэй узяць і з’есці;
  • дазвольце дзіцяці есці рукамі;
  • падкладзіце пад дзіцяче крэселка кляёнку ці паперу;
  • пастаўце дзіцячае крэселка ў двары дома, калі ў вас ёсць бяспечнае роўнае месца.

Калі ваша дзіця выпускае з рук або кідае ежу на падлогу — гэта нармальна. Калі вы адрэагуеце на гэтыя дзеянні, яно можа падумаць, што гэта пачатак новай захапляльнай гульні. Адзін са спосабаў справіцца з гэтым — не звяртаць увагу. Спакойна і без мітусні падніміце ежу ці пакіньце яе на падлозе, пакуль дзіця не закончыць есці. Пазней можна будзе прыбраць усё адразу.

Выкарыстанне кубка

Калі дзіцяці споўніцца шэсць месяцаў, яно будзе гатова вучыцца піць з кубка. Як і ў выпадку з ежай, гэта працяглы і спалучаны з некаторым беспарадкам працэс.

Вось некалькі парад, дзякуючы якім дзіцяці будзе прасцей вучыцца піць з кубка:

  • дайце дзіцяці невялікі пластыкавы небіткі кубак, які лёгка ўзяць у рукі і ўтрымліваць;
  • дазвольце дзіцяці спачатку пагуляць з кубкам, каб яно прывыкла да яго;
  • першыя некалькі разоў, калі дзіця карыстаецца кубкам, падтрымлівайце яго (кубак) сваёй рукой;
  • каб дзіця не пралівала вадкасць з кубка, налівайце яе патроху;
  • падчас сумесных прыёмаў ежы выкарыстоўвайце кубак самі, каб паказаць дзіцяці, як гэта робіцца: малыя дзеці любяць капіраваць паводзіны бацькоў.

Дзецям ва ўзросце 6–12 месяцаў варта ўжываць толькі астуджаную кіпячоную ваду з-пад крана, грудное малако ці дзіцячую сумесь. Пасля 12 месяцаў можна даваць цэльнае каровіна малако. Фруктовы сок, салодкія прахаладжальныя напіткі і араматызаванае малако не рэкамендуюцца для немаўлят і дзяцей. У такім пітве шмат цукру, што павялічвае рызыку ўзнікнення карыесу.