5–6-ы месяцы — актыўнае даследаванне
Развіццё дзіцяці ў перыяд з 5-га па 6-ы месяц
Зносіны
Што новага?
У гэты перыяд вы заўважыце, што ваша дзяўчынка намнога актыўней кантактуе з вамі. Вы будзеце чуць яе буркаванне, агуканне — часцей за ўсё гэта галосныя, працяжныя гукі і спалучэнні, такія як «а-а-а-», «гу-у-у», «бу»... У гэты час, верагодна, дзіця пачне ўскладняць гукавыя спалучэнні і ў яго актыве з'явяцца больш працяглыя гукі, якія яно будзе спалучаць з зычнымі ( «т-а-а», «м-а-а», «п-а-а»), што будзе нагадваць словы. Часта гэта адбываецца ў адказ на тое, што вы кажаце яму. Ваша дзяўчынка можа таксама паспрабаваць імітаваць гукі, якія вы ўтвараеце, і паўтараць ваш выраз твару. Нарэшце, у гэтым узросце яна можа навучыцца разумець некаторыя словы, напрыклад сваё імя або слова «не», і рэагаваць на іх.
Што вы можаце зрабіць?
Вялікае значэнне мае тое, што вы робіце разам з дзіцем падчас паўсядзённых сітуацый. Старайцеся ствараць спрыяльную абстаноўку для зносін, паспрабуйце знаходзіцца на ўзроўні дзіцяці, наладжвайце зрокавы кантакт, калі размаўляеце з ім або калі слухаеце яго «размову». Заахвочвайце дзіця сваёй усмешкай і паўтарайце гукі, якія яно ўтварае, каб дыялог паміж вамі працягваўся як мага даўжэй.
Размаўляйце са сваёй дзяўчынкай кожны дзень. Падахвочвайце да зносін з вамі рознымі спосабамі — спявайце ёй, разглядайце разам з ёй карцінкі, паказвайце на рэчы і прадметы ў доме, на вуліцы і апісвайце іх. Чытайце ўголас простыя дзіцячыя кнігі, вершыкі, пацешкі або расказвайце казкі, утвараючы пры гэтым цікавыя і незвычайныя гукі (кошка мяўкае: Мяў!», карова мычыць: «Му-у-у!»). Калі ваша дзіця на нешта глядзіць, старайцеся апісваць гэта. Размаўляйце з ім, калі рыхтуецеся карміць грудзьмі ці гатуеце ежу («Зараз я дам табе пюрэ») — апярэджванне падзей дапамагае арыентавацца ў сітуацыях і праяўляць цярпенне. Словы вельмі многа значаць!
Пачуцці
Што новага?
У гэты перыяд большасць немаўлят пазнаюць родных людзей — бацькоў, іншых блізкіх членаў сям'і (братоў і сясцёр, бабуль і дзядуль) — і дзецям падабаецца кантактаваць з імі. Ваша дзяўчынка пачынае разумець, што ад гэтых людзей можна чакаць суцяшэння і дапамогі. Яна паступова ўсведамляе, хто знаёмы, а хто не —можа нават праяўляць страх, убачыўшы новых людзей. Дзіця цяпер можа выкарыстоўваць гукі, каб ясна выказваць свае пачуцці. Радасць і весялосць ваша дзяўчынка паказвае віскам або іншымі захопленымі гукамі, а моцную незадаволенасць, гнеў або абурэнне — хныканнем і г. д.
Што вы можаце зрабіць?
Дзіцяці неабходна эмацыянальная падтрымка, якая ідзе ад вас, таму ў гэты перыяд важна, каб вы былі побач, асабліва калі вакол чужыя людзі. Будзьце бліжэй да сваёй дзяўчынкі, трымайце яе на руках, усміхайцеся ёй і размаўляйце. Суцяшайце голасам, калі побач з'яўляюцца незнаёмыя людзі. Гэта дапаможа ёй адчуваць сябе ў бяспецы і лягчэй прывыкаць да новых людзей. Будзьце ўважлівы да настрою вашага дзіцяці. Працягвайце рабіць тое, што падабаецца яму, калі ж яно засмучана — зрабіце перапынак і супакойце яго.
Мысленне
Што новага?
Актыўнае даследаванне навакольнага свету дапамагае дзяўчынцы развіваць пазнавальныя здольнасці. Яна з цікаўнасцю разглядае прадметы і абстаноўку вакол. Калі штосьці знаходзіцца па-за зонай яе дасяжнасці, яна спрабуе дацягнуцца да гэтага прадмета, каб лепш яго даследаваць. Дзіця перакладае прадметы з адной рукі ў другую, пачынае маніпуляваць імі і цягнуць усё ў рот.
Што вы можаце зрабіць?
Ваша дзяўчынка сама знойдзе многа спосабаў для вывучэння навакольнага свету, але ў вас ёсць магчымасць паказаць ёй, як можна па-рознаму цікава гуляць з цацкамі ці іншымі прадметамі (напрыклад, трэсці, стукаць, штурхаць, кідаць, гуляць з дзвюма цацкамі адначасова). Можаце паспрабаваць актыўныя гульні перад люстэркам, каб яна бачыла сябе з боку. Увесь час важна памятаць пра бяспеку, асабліва калі дзіця даследуе прадметы ротам.
Калі ваша дзяўчынка выпусціць які-небудзь прадмет, то падніміце яго і вярніце ёй. Такое ўзаемадзеянне дапамагае дзіцяці зразумець прычынна-выніковыя заканамернасці («калі я зраблю так, то адбудзецца вось гэта») і лепш усведамляць навакольную прастору.
Рух
Што новага?
У гэты перыяд ваша дзяўчынка, верагодна, можа самастойна падымаць, трымаць галаву і свабодна круціць ёю ў розныя бакі. Яна можа пераварочвацца са спіны на жывот і назад. Верагодна, ёй удасца нейкі час сядзець з вашай падтрымкай, а можа быць, і самастойна. Усе гэтыя магчымасці раскрываюць перад ёй зусім новы погляд на свет — зараз яна можа бачыць тое, чаго не магла бачыць, лежачы на спіне. Паколькі дзіця можа змяняць сваё становішча, яго пачынае цікавіць усё больш і больш рэчаў вакол. Яно ўважліва глядзіць на прадметы, якія яго акружаюць, засяроджана сочыць за аб'ектамі, якія рухаюцца. На працягу гэтага перыяду дзіця будзе захоплена вывучаць прадметы — перамяшчацца, каб дацягнуцца да іх, захопліваць, утрымліваць, перакладаць з рукі ў руку, не забываючы цягнуць іх у рот.
Што вы можаце зрабіць?
Гуляйце з дзіцем на падлозе кожны дзень. На працягу дня стварайце разнастайныя сітуацыі, каб ваша дзяўчынка магла даследаваць цікавыя аб'екты побач. Давайце ёй магчымасць зірнуць на навакольны свет па-новаму, выкладваючы ў розныя становішчы або садзячы яе. Вы можаце пакласці любімы прадмет далей ад яе і даць ёй магчымасць дацягнуцца да яго самастойна. Падумайце, якія бяспечныя і простыя прадметы можна даць дзіцяці для вывучэння. Што яно можа падняць, памацаць і перавярнуць? Усё гэта развівае рухальныя навыкі і адкрывае новыя магчымасці для вывучэння свету.
Ёсць шмат іншых гульнявых спосабаў падтрымаць развіццё, вы можаце знайсці іх у раздзеле «Гуляем разам».
Асцярогі бацькоў з нагоды развіцця ў перыяд з 5-га па 6-ы месяц
Паколькі ўсе дзеці развіваюцца па-свойму, немагчыма дакладна прадказаць, калі і як ваша дзіця засвоіць пэўныя навыкі. Чаканыя і прапісаныя на гэты перыяд здольнасці (этапы развіцця) даюць толькі агульнае ўяўленне пра змены, якія вы можаце чакаць па меры сталення вашай дзяўчынкі. Калі ласка, не хвалюйцеся, калі развіццё будзе адбывацца некалькі інакш.
Аднак для ўласнага спакою абавязкова пагаварыце са сваім педыятрам (ці іншым спецыялістам), калі ваша дзяўчынка, як вам здаецца, перастала рабіць нешта з таго, што ўжо ўмела, калі ў вас ёсць іншыя прычыны для хвалявання або калі ў вашага дзіцяці праяўляюцца якія-небудзь з наступных прыкмет магчымай затрымкі ў развіцці:
- дзіця часта і многа плача, яго немагчыма суцешыць;
- не глядзіць вам у вочы ці не сочыць вачамі за аб'ектамі, якія рухаюцца;
- не агукае і не паварочваецца да крыніцы гуку;
- не смяецца і не вішчыць;
- не пераварочваецца;
- не трымае галаву;
- не можа сядзець нават з вашай дапамогай і падтрымкай;
- зусім не цягнецца да прадметаў, нават калі вы падахвочвае яго да гэтага;
- не спрабуе схапіць тое, што знаходзіцца ў межах дасяжнасці;
- з цяжкасцю падносіць прадметы да рота.
Reference:
https://raisingchildren.net.au/babies/development/development-tracker-3-12-months/5-6-months
https://raisingchildren.net.au/babies/development/development-tracker-3-12-months/6-7-months
Laura E. Berk (2006), Child development (7ht edition), Allyn & Bacon
Dr sci Nirvana Pištoljević (2016), Rani razvoj deteta: šta treba znati, Udruženje pedijatara Srbije, Beograd.