Узаемаадносіны і развіццё дзіцяці

Устойлівыя адносіны паміж дзіцем і яго бацькамі, пабудаваныя на любві і спагадлівасці, з’яўляюцца асновай яго гарманічнага развіцця. Праз узаемадзеянне з навакольнымі людзьмі дзеці вучацца думаць, разумець, будаваць зносіны, правільна паводзіць сябе, рэгуляваць свае эмоцыі і развіваць сацыяльныя навыкі. Гульня з дзіцем умацоўвае вашы адносіны і падахвочвае яго даследаваць, назіраць, эксперыментаваць і вырашаць розныя задачы.
Body

Чаму важныя любоў і клопат у адносінах

Развіццё маленькага дзіцяці часта вызначаецца тым, як яно ўспрымае і адчувае навакольны свет. Дзякуючы ўзаемадзеянню з навакольнымі людзьмі дзеці вучацца разумець, будаваць зносіны, думаць, рэгуляваць свае эмоцыі, правільна паводзіць сябе ў грамадстве.

Асновай узаемаадносін паміж дарослым і дзіцем служыць тое, што дзіця можа выявіць сябе — плачам, смехам, пытаннем — і ў далейшым атрымаць адказ у выглядзе абдымкаў, усмешкі або слоўнага выказвання. Дзіця зацікаўлена ва ўзаемадзеянні з дарослым, т. як. дзякуючы яму яно даведваецца новую, важную інфармацыю аб свеце і аб тым, як у ім існаваць.

Назірайце за сваім дзіцем, імкніцеся інтэрпрэтаваць і падтрымліваць яго камунікатыўныя сігналы. На першым годзе жыцця ваша дзіця будзе кантактаваць з вамі з дапамогай плачу, мімікі, простых жэстаў. Напрыклад, рухі галавой могуць быць сігналам пры згодзе ці нязгодзе з чым-небудзь.

Замацоўвайце камунікатыўныя навыкі ў розных жыццёвых сітуацыях. Напрыклад, падчас падвячорка вы можаце прапанаваць дзіцяці выбар: «Ты будзеш пюрэ або тваражок?». Дзіця пакажа на жаданы прадукт і пацвердзіць свой выбар жэстам згоды. Такое ўзаемадзеянне дэманструе дзіцяці вашу ўвагу і любоў, дапамагае яму засвоіць і развіць новыя камунікатыўныя навыкі.

Праводзьце больш часу са сваім дзіцем, ініцыіруйце і падтрымлівайце адносіны з ім. Дзякуючы вашай чуласці і ўвазе вы можаце наладзіць устойлівую сувязь з вашым дзіцем.

Разам з вамі яно адчувае сябе ўпэўнена, адчувае сябе ў бяспецы пры даследаванні свету навокал. Заахвочвайце і падтрымлівайце дзіця ў яго імкненні да новых ведаў, дзяліцеся ўласным досведам.

Пабудова ранніх устойлівых адносін паміж дзіцем і блізкім дарослым будзе садзейнічаць развіццю дзіцяці ў розных сферах, а таксама фарміраванню ў яго пазітыўнага вобразу сябе.

Вашы адносіны з іншымі

Чалавек — сацыяльная істота, і ён жыве ў грамадстве. Таму трэба памятаць, што не толькі адносіны з вамі вызначаюць развіццё вашага дзіцяці. Калі дзіця бачыць, як вы паводзіце сябе і арганізоўваеце зносіны з іншымі людзьмі, яно часам будзе капіраваць вашы паводзіны. Імкніцеся быць узорам для пераймання для свайго дзіцяці ва ўчынках і адносінах.

Чаму гульня – гэта вельмі важна

У раннія гады асноўным спосабам навучання і развіцця дзіцяці з’яўляецца гульня.

Працэс гульні дастаўляе дзіцяці задавальненне і дае яму магчымасць даследаваць, назіраць, эксперыментаваць, вырашаць праблемы і вучыцца на сваіх памылках. Для гэтага яму патрэбна ваша падтрымка і адабрэнне. Даросламу важна паспрабаваць знайсці баланс паміж дапамогай дзіцяці і прадастаўленнем магчымасці рабіць памылкі, бо самастойнае спазнанне свету з’яўляецца важнай часткай навучання.

Гуляйце, размаўляйце са сваім дзіцем і слухайце яго! Ваша з дзіцем сумеснае баўленне часу дапамагае яму авалодваць навыкамі, неабходнымі ў жыцці.

Памятайце, што гульня з’яўляецца выдатным інструментам для пабудовы адносін.

Гульня і адносіны ў дзеянні: на прыкладзе «Ку-ку»

Простая гульня ў «Ку-ку» — выдатны прыклад таго, як наладжваць узаемаадносіны з дзіцем і развіваць яго ва ўсіх сферах.

Калі вы гуляеце з дзіцем у «Ку-ку», вы хаваеце твар рукамі і зноў паказваеце яго. У гэты момант ваша дзіця, верагодна, працягвае рукі і ўсміхаецца. Гэта спосаб вашага дзіцяці паведаміць вам: «Хачу яшчэ! Мне весела!». Вы прадаўжаеце гульню зноў і зноў, і ваша дзіця шчаслівае. Але праз некаторы час яно можа адвярнуцца. Гэта яго спосаб сказаць, што хопіць гуляць — час зрабіць перапынак.

Прыклад гульні ў «Ку-ку» паказвае, што дзіця гатова падтрымаць вашу ініцыятыву, што яно прывязана да вас і зацікаўлена ў зносінах. Надзейная прывязанасць — аснова сацыяльнага і эмацыянальнага развіцця дзіцяці.

Падчас гэтай гульні дзіця вучыцца наладжваць сувязь, калі глядзіць на вас і працягвае рукі, усміхаецца ці вакалізуе. Калі вы адказваеце яму, то падахвочваеце да працягу камунікацыі.

Гульня ў «Ку-ку» спрыяе развіццю мыслення і самарэгуляцыі ў вашага дзіцяці, паколькі яно вучыцца чакаць, а затым даведваецца, што будзе далей, калі вы знікаеце, а затым зноў з’яўляецеся.

Акрамя таго, калі дзіця віскоча і працягвае да вас рукі, у яго развіваюцца маторныя і сацыяльныя навыкі.

Калі вы правільна інтэрпрэтуеце сігналы дзіцяці, напрыклад просьбу прадоўжыць гульню або адпачыць, яно разумее, што вам можна давяраць. Дзякуючы гэтаму ў дзіцяці ўзнікае пачуццё бяспекі і абароненасці, яно ўсведамляе, што яго любяць. Пачуццё бяспекі ў сваю чаргу надае дзіцяці ўпэўненасці ў спазнанні свету.

Гэта прыклад простай гульні, якая закладвае асновы камунікацыі, мыслення, рухаў дзіцяці, а таксама яго сацыяльна-эмацыянальнага развіцця.

Адносіны: карысць для жыцця

Цёплая, прасякнутая любоўю сувязь паміж вамі і вашым дзіцем спрыяе развіццю ў яго ўпэўненасці ў сабе, смеласці і навыкаў міжасобасных зносін.

Такія адносіны падрыхтоўваюць ваша дзіця да далейшага жыцця, а менавіта да рашэння праблем, пераадолення стрэсу і фарміравання здаровых адносін з іншымі людзьмі ў падлеткавым і дарослым узросце.

Устойлівая прывязанасць і цёплыя адносіны ў раннім узросце закладваюць аснову псіхічнага здароўя дзіцяці на ўсё астатняе жыццё.