Агульныя рэкамендацыі па ўвядзенні цвёрдай ежы
Уводзім цвёрдую ежу: навошта яна немаўлятам
Па меры сталення ў малых дзяцей узнікае неабходнасць у цвёрдай ежы, з якой арганізм будзе атрымліваць дастатковую колькасць жалеза і іншых пажыўных рэчываў, неабходных для росту і развіцця.
На працягу першых шасці месяцаў арганізм дзіцяці выкарыстоўвае жалеза, назапашанае ў перыяд, калі дзіця знаходзілася ва ўлонні маці, частка яго паступае з груднога малака і/або сумесі. Але па меры росту дзіцяці гэтыя запасы ў арганізме заканчваюцца. А жалеза, якое дзіця атрымлівае з груднога малака ці сумесі, ва ўзросце шасці месяцаў ужо не хапае.
Дзякуючы ўвядзенню цвёрдай ежы дзіця таксама вучыцца есці, яно знаёміцца з новымі смакамі і кансістэнцыяй розных прадуктаў. Пры гэтым у яго развіваюцца зубы і сківіцы, таксама яно набывае навыкі, якія пасля спатрэбяцца для развіцця маўлення.
Прыкметы таго, што прыйшоў час уводзіць цвёрдую ежу
Вы зразумееце, калі прыйдзе час уводзіць цвёрдую ежу, па тым, як развіваецца і паводзіць сябе ваша дзіця.
Прыкметы таго, што дзіця гатова да прыёму цвёрдай ежы:
- добра трымае галаву і шыю і можа сядзець прама з падтрымкай;
- выяўляе цікавасць да ежы, напрыклад, разглядаючы змесціва вашай талеркі;
- цягнецца за вашай ежай;
- адкрывае рот, калі вы прапануеце яму ежу з лыжкі.
Усё індывідуальна, але ў цэлым у большасці дзяцей гэтыя прыкметы выяўляюцца прыкладна ў шэсць месяцаў.
Не рэкамендуецца ўводзіць цвёрдую ежу раней, чым у чатыры з паловай месяцы, за выключэннем тых выпадкаў, калі стан здароўя і нутрытыўны статус дзіцяці патрабуюць гэтага. Удакладніць гэтыя пытанні вы можаце ў свайго педыятра.
Калі вашаму дзіцяці хутка сем месяцаў, а яно яшчэ не пачало прымаць цвёрдую ежу, вам трэба пракансультавацца з медыцынскай сястрой ці педыятрам.
Выбіраем правільны момант для знаёмства з цвёрдай ежай
Лепш за ўсё прапаноўваць дзіцяці цвёрдую ежу ў першы раз тады, калі і вы, і яно ў добрым настроі.
Таксама дзіця больш ахвотна паспрабуе новую ежу пасля груднога малака або сумесі. Справа ў тым, што, калі дзіця сапраўды галоднае, яно хоча толькі малака ці сумесі, таму што ведае, што насыціцца. Пры гэтым у яго жываце ўсё роўна застанецца месца для іншай ежы.
З часам вы навучыцеся вызначаць, галоднае ці сытае ваша дзіця, хоча яно нешта спрабаваць ці стамілася.
Прыкметы таго, што дзіця галоднае:
- дзіця ажыўляецца, калі бачыць, што вы яму гатуеце;
- нахіляецца ў ваш бок, седзячы ў дзіцячым крэсле;
- адкрывае рот, калі вы збіраецеся яго пакарміць.
Прыкметы таго, што дзіця больш не хоча есці:
- дзіця адварочваецца;
- губляе цікавасць ці пераключае ўвагу;
- адштурхоўвае лыжку;
- сціскае вусны.
Якімі порцыямі ўводзіць дзіцяці новую ежу? Пачніце з 1–2 чайных лыжак і павялічвайце аб’ём у залежнасці ад апетыту дзіцяці. Да 12 месяцаў яно павінна есці прыкладна тры разы на дзень невялікімі порцыямі, плюс грудное малако ці сумесь.
Кансістэнцыя цвёрдай ежы
Першая цвёрдая ежа можа мець аднародную кансістэнцыю, быць працёртай або складацца з мяккіх кавалачкаў — усё залежыць ад пераваг дзіцяці. Затым дзіця можа хутка перайсці да старанна здробненых, а затым і проста да дробна парэзаных прадуктаў.
Дзіцяці патрэбна ежа рознай кансістэнцыі. Дзякуючы гэтаму яно навучыцца жаваць, а жаванне ў сваю чаргу спрыяе развіццю маўлення. Таксама гэта стымулюе дзіцяці вучыцца есці самастойна і зніжае рызыку ўзнікнення праблем з харчаваннем па меры развіцця дзіцяці.
Да 12 месяцаў дзіця ўжо павінна есці тое ж, што і астатнія члены сям’і. Магчыма, некаторыя прадукты давядзецца рэзаць больш дробнымі кавалачкамі, а гародніну добра разварваць.
Не пакідайце дзіця без нагляду падчас ежы, сачыце, каб яно не падавілася. Будзьце асабліва асцярожнымі з такімі прадуктамі, як арэхі і мяса з дробнымі касцямі, таму што імі лёгка падавіцца. Калі дзіця ўжо можа перамяшчацца, то на час прыняцця ежы паспрабуйце яго пасадзіць. Калі вы сядзіце побач пакуль дзіця есць, яно, хутчэй за ўсё, будзе паводзіць сябе больш спакойна.
Віды прадуктаў пры ўвядзенні цвёрдай ежы
Дзіця будзе рада паспрабаваць любую новую ежу, таму не трэба гатаваць яму нешта асаблівае.
Уводзіць цвёрдую ежу можна ў любым парадку пры ўмове, што вы ўключаеце прадукты, багатыя жалезам, і гатуеце ежу правільнай кансістэнцыі.
Да прадуктаў, багатых жалезам, адносяцца наступныя:
- узбагачаныя жалезам дзіцячыя кашы;
- мясны фарш, птушка і рыба;
- тофу і бабовыя, якія прайшлі дастатковую тэрмічную апрацоўку;
- вараныя яйкі (не давайце сырыя яйкі і яйкі ўсмятку).
Да багатых жалезам прадуктаў мэтазгодна дадаць і іншыя карысныя складнікі здаровага рацыёну:
- гародніна: вараная бульба, морква ці зялёная гародніна, такія як брокалі, кабачок, шпінат, седьдэрэй;
- садавіна: яблык, груша, банан, дыня;
- злакі: авёс, грэчка, рыс і макаронныя вырабы;
- малочныя прадукты: ёгурт і сыр.
Гэтыя прадукты можна спалучаць. Прапаноўваючы дзіцяці разнастайную ежу, вы даяце яму магчымасць спрабаваць разнастайныя новыя смакі і атрымліваць мноства пажыўных рэчываў.
Дзякуючы ўвядзенню цвёрдай ежы вы можаце зацікавіць дзіця новымі прадуктамі, а працэс прыёму ежы зрабіць больш простым і прыўнесці ў яго элементы гульні.
Грудное малако і сумесь пры ўвядзенні цвёрдай ежы
Працягвайце карміць дзіця грудзьмі або сумессю як мінімум да 12 месяцаў, адначасова ўводзячы цвёрдую ежу.
Калі вы не ўпэўнены, што дзіця атрымлівае патрэбную колькасць малака з пачаткам увядзення цвёрдай ежы, звярніце ўвагу на яго самаадчуванне і стан.
Напрыклад, калі дзіця з’ела шмат цвёрдай ежы і не даядае малако або адмаўляецца ад яго, магчыма, штодзённыя кармленні малаком трэба зрабіць менш частымі, але больш працяглымі. Калі дзіця не хоча есці цвёрдую ежу, магчыма, яно занадта насыцілася малаком. Гэта можа быць сігналам таго, што порцыі малака трэба паменшыць.
Прыкладна да дзевяці месяцаў дзеці звычайна развіваюць дастаткова жавальных і глытальных навыкаў для таго, каб есці цвёрдую ежу да малака, а не пасля.
Цвёрдая ежа не замяняе грудное малако ці сумесь. Калі пераход на ўжыванне толькі цвёрдай ежы замест малака і/або сумесі адбываецца занадта хутка, дзіця можа прапусціць важны этап у сваім харчаванні.
Увядзенне вады
Ва ўзросце шасці месяцаў дзіцяці ўжо можна прапаноўваць астуджаную кіпячоную ваду ў кубку падчас прыёму ежы ці ў іншы час. Гэта трэба для таго, каб дзіця вучылася піць з кубка, аднак у гэтым узросце яму па-ранейшаму не патрэбны іншыя вадкасці, акрамя груднога малака ці сумесі. Калі дзіцяці споўніцца год, яму можна прапаноўваць звычайную пітную ваду без кіпячэння.
Ежа і напіткі, якіх трэба пазбягаць
Некаторыя прадукты не трэба даваць дзецям да пэўнага ўзросту:
- мёд да 12 месяцаў — каб пазбегнуць рызыкі дзіцячага батулізму;
- сырыя яйкі, яйкі ўсмятку і прадукты, якія змяшчаюць сырыя яйкі, такія як хатні маянэз, да 12 месяцаў — гэта небяспечна і можа стаць прычынай інфіцыравання;
- абястлушчаныя малочныя прадукты да двух гадоў;
- цэльныя арэхі і падобныя цвёрдыя прадукты да трох гадоў — з-за небяспекі аспірацыі.
Таксама да пэўнага ўзросту дзецям не трэба даваць некаторыя напіткі:
- пастэрызаванае цэльнае каровіна малако ў якасці асноўнага напітка да 12 месяцаў;
- соевае, казінае і авечае малако да двух гадоў (узбагачаныя соевыя прадукты дапускаюцца);
- рысавае, аўсянае, міндальнае або какосавае малако да двухгадовага ўзросту, калі іншае не рэкамендаваў педыятр ці медсястра;
- фруктовы сок — яго трэба абмяжоўваць у любым узросце (сама садавіна ўтрымлівае неабходныя для дзіцяці пажыўныя рэчывы).
Незалежна ад узросту, не рэкамендуецца ўключаць у рацыён дзіцяці розныя віды непастэрызаванага малака, чай, каву або цукразмяшчальныя напіткі, прадукты глыбокай перапрацоўкі ці фасаваныя прадукты з высокім утрыманнем тлушчу, цукру і/або солі (пірожныя, пячэнне, чыпсы, смажаная ежа і падобнае); таксама не трэба самім дадаваць соль і цукар у ежу.
Харчовая алергія і ўвядзенне цвёрдай ежы
Ранняе ўвядзенне алергенных прадуктаў можа знізіць рызыку развіцця харчовай алергіі ў дзіцяці.
Усім дзецям, у тым ліку тым, у каго ёсць высокая рызыка развіцця алергіі, варта спрабаваць ежу, якая змяшчае патэнцыяльныя алергены, асцярожна, з кантролем рэакцыі на яе і не раней, чым у шэсць месяцаў. Да такіх прадуктаў адносяцца звараныя ўкрутую яйкі, ежа, якая змяшчае арахісавае масла, пшаніцу (пшанічны хлеб, крупы і макароны) і каровіна малако (але не ў якасці асноўнага напітка) і таму падобнае.
Рэкамендуецца пракансультавацца са спецыялістам (медсястрой, дыетолагам, педыятрам, алерголагам або імунолагам) у наступных выпадках:
- у дзіцяці ўжо ёсць харчовая алергія;
- у вашай сям’і ёсць выпадкі харчовай алергіі і вы асцерагаецеся ўводзіць цвёрдую ежу дзіцяці;
- вас турбуе яго рэакцыя на прадукты.
Верагоднасць развіцця харчовай алергіі больш высокая ў дзяцей з цяжкай формай экзэмы і ў тых, чые бацькі пакутуюць ад харчовай алергіі. Аднак у большасці дзяцей з харчовай алергіяй бацькі ад гэтай хваробы не пакутуюць.