Фізічная актыўнасць для маленькіх дзяцей

У раннім узросце фізічная актыўнасць можа быць часткай паўсядзённай гульні. Пры выбары заняткаў для маленькіх дзяцей помніце, што яны павінны быць займальнымі. Калі даваць дзецям ляжаць на жываце не менш за 30 хвілін кожны дзень, гэта дапаможа іх росту і развіццю. Дзецям ва ўзросце ад 1 года да 5 гадоў неабходна фізічная актыўнасць, уключаючы рухомыя гульні, на працягу не менш як трох гадзін у дзень.
Body

Штодзённая фізічная актыўнасць: галоўнае — каб было весела

Пры выбары фізічнай актыўнасці для немаўлят, малых дзяцей і дзяцей дашкольнага ўзросту неабходна засяродзіцца на тым, каб заняткі былі займальнымі.

Калі дзецям падабаецца тое, што яны робяць, яны, хутчэй за ўсё, захочуць гуляць яшчэ і яшчэ. А фізічная актыўнасць, якая падабаецца дзецям, умацуе ў іх упэўненасць у сабе і палепшыць іх рухальныя здольнасці.

Фізічная актыўнасць з’яўляецца адной з найважнейшых умоў здаровага росту і развіцця вашага дзіцяці. Практыкаваць яе можна з самага ранняга ўзросту, зрабіўшы часткай паўсядзённай гульні вашага дзіцяці.

Фізічная актыўнасць для дзяцей ва ўзросце ад 0 да 2 гадоў

Перш чым дзіця навучыцца хадзіць

Нават немаўлятам падабаецца пацягвацца і гуляць. Стварыце для гэтага бяспечнае, чыстае і ўтульнае месца. Напрыклад, рассцяліце вялікую коўдру на падлозе (або на траве на прыродзе), каб ваша дзіця магло паляжаць на жываце. Гэта дапамагае яму ўмацоўваць мышцы, таксама дзіця будзе вучыцца паднімаць галоўку.

Акрамя таго, разасланая на падлозе ці зямлі коўдра — гэта добрае месца для таго, каб немаўля вучылася пераварочвацца, поўзаць і сядзець. Пакладзіце цацку ці нейкі прадмет далей ад дзіцяці, каб яно не магло дастаць яго адразу і яму было весела спрабаваць дацягнуцца.

Пакуль ваша дзіця ляжыць на жываце, давайце яму нешта, што можна хапаць і трымаць, — так яму будзе цікавей. Яркія колеры, узоры з кропак, квадрацікаў або зорачак, бліскучыя паверхні, розныя тэкстуры і гукі таксама могуць зацікавіць ваша дзіця.

Акрамя таго, вы можаце рабіць так, каб вашаму дзіцяці хацелася глядзець, пляскаць у далоні, дацягвацца да крыніцы гуку або рухацца да яго, — гаварыце, спявайце, рыфмуйце словы, гуляйце ў актыўныя гульні, такія як «Ладкі» і «Ку-ку».

Калі вы кладзяце дзіця на падлогу, сачыце за тым, каб на ўзроўні вачэй дзіцяці не было патэнцыйнай небяспекі. Для бяспекі дзіцяці не адыходзьце ад яго.

Калі дзіця пачынае хадзіць

Калі ваша дзіця пачне хадзіць, заахвочвайце яго рухацца і дазваляйце яму рабіць гэта як мага часцей.

Самы час падумаць, якія прадметы і заняткі будуць стымуляваць рух, напрыклад, гэта можа быць пад’ём па лесвіцы (з вашай дапамогай).

Гуляйце са сваім дзіцем і хваліце яго, калі яно вучыцца бегаць, скакаць, танцаваць і кідаць, — гэта стымулюе яго працягваць далей.

Фізічная актыўнасць для дзяцей ва ўзросце ад 2 да 5 гадоў

Малым дзецям і дзецям дашкольнага ўзросту трэба шмат вольнага часу і прасторы, каб проста бегаць і гуляць дома або на вуліцы. Важна, каб пры гэтым была гарантавана бяспека і кантроль з боку дарослых і каб дзіцяці было весела і цікава.

Вось некалькі ідэй, як зрабіць фізічную актыўнасць займальнай:

  • Прапаноўвайце дзіцяці вялікія мяккія мячы, каб яно вучылася абыходзіцца з імі: лавіць, біць па іх нагамі і да т. п. Калі гульня з сапраўдным мячом небяспечная, яго можна замяніць клубком са згорнутых шкарпэтак.
  • Прыдумвайце гульні, у якіх выкарыстоўваюцца розныя віды рухаў, — даганялкі, хадзьба па намаляванай крэйдай лініі, скачкі праз лужыны.
  • Уключайце розную музыку ці стварайце гукі пры дапамозе свайго голасу або інструментаў.
  • Вы можаце гуляць з дзіцем у гульню «Угадай жывёлу», у якой будзеце рухацца, як малпачка, скакаць, як заяц, махаць, як птушка крыламі, і гэтак далей.
  • Прапануйце дзіцяці цацкі-каталкі, якія можна штурхаць перад сабой, напрыклад грузавікі, лялечныя каляскі і цацачныя газонакасілкі. Калі дзіця будзе гатова, навучыце яго катацца на самакаце або на звычайным ці трохколавым веласіпедзе. Памятайце, што рабіць гэта яно павінна пад вашым наглядам.

Як многа фізічнай актыўнасці патрэбна вашаму дзіцяці? Малым дзецям і дзецям дашкольнага ўзросту патрабуецца не менш за тры гадзіны фізічнай актыўнасці штодзень. Усім дзецям неабходна гуляць у энергічныя гульні кожны дзень, а дзецям, старэйшым за тры гады, патрабуецца не менш за адну гадзіну энергічнай гульні кожны дзень.