Фізічная актыўнасць для немаўлят і дзяцей: навошта і колькі

Фізічная актыўнасць жыццёва важная для здароўя і развіцця дзіцяці. Да яе адносяць любую дзейнасць, якая прадугледжвае рух дзіцяці. У залежнасці ад узросту дзецям патрабуецца розны аб’ём фізічнай нагрузкі. Аднак яна неабходная кожнаму дзіцяці.
Body

Фізічная актыўнасць: чаму яна карысная для дзіцяці

Фізічная актыўнасць жыццёва важная для здароўя дзіцяці, добрага самаадчування, а таксама росту і развіцця ў цяперашні момант і ў будучыні.

Фізічная актыўнасць спрыяе:

  • умацаванню касцей, мышцаў, сэрца і лёгкіх;
  • паляпшэнню каардынацыі, раўнавагі, паставы і гібкасці;
  • захаванню здаровай вагі;
  • зніжэнню рызыкі развіцця сардэчна-сасудзістых, анкалагічных захворванняў, дыябету 2-га тыпу ў больш познім узросце.

Фізічная актыўнасць таксама станоўча ўплывае на самаадчуванне дзяцей. Актыўныя дзеці часцей:

  • упэўненыя ў сабе і адчуваюць сябе «сваімі» сярод аднагодкаў;
  • не напружаны і добра спяць;
  • лепш канцэнтруюцца ў школе;
  • ладзяць з іншымі і лёгка заводзяць сяброў;
  • дзеляцца, саступаюць першынства і супрацоўнічаюць.

Фізічная актыўнасць — важная частка гульні і працэсу навучання. Выконваючы фізічныя практыкаванні з роднымі ці іншымі людзьмі, дзеці вучацца наладжваць адносіны як у сваёй сям’і, так і ў грамадстве.

Фізічная актыўнасць — гэта яшчэ і добрая забава для дзяцей.

Што такое фізічная актыўнасць

Фізічная актыўнасць — гэта любая дзейнасць, звязаная з рухам дзіцяці. Да яе адносяцца паўсядзённая дзейнасць, фізічна актыўныя гульні, а таксама арганізаваныя заняткі спортам і фізкультурай.

Лёгкая фізічная актыўнасць уключае прагулкі, ігру на музычным інструменце або маляванне стоячы за мальбертам.

Умераная фізічная актыўнасць прадугледжвае некаторыя фізічныя намаганні. Такую нагрузку забяспечваюць наступныя віды дзейнасці:

  • хуткая хадзьба;
  • паездка ў дзіцячы сад, школу або да сяброў на механічным сродку для перамяшчэння (самакаце, веласіпедзе, роліках і г. д.);
  • танцы, скачкі, напрыклад праз скакалку ці па лужынах, запуск паветраных змеяў;
  • плаванне.

Пры высокіх фізічных нагрузках патрабуюцца значныя фізічныя намаганні. Такую нагрузку даюць наступныя віды дзейнасці:

  • гульні, звязаныя з бегам, напрыклад, даганялкі;
  • хуткая язда на ровары;
  • заняткі арганізаванымі відамі спорту, такімі як футбол, баскетбол, валейбол і інш.

Дзеянні, накіраваныя на ўмацаванне мускулатуры і касцей, прымушаюць мышцы працаваць больш інтэнсіўна і даюць дадатковую нагрузку на косці і суставы. Гэта могуць быць, напрыклад, скачкі, бег, лазенне і падняцце цяжараў. Умераныя і інтэнсіўныя фізічныя нагрузкі спрыяюць павелічэнню мышачнай масы, умацаванню касцей і суставаў.

Энергічныя гульні — натуральная для дзяцей форма рухальнай актыўнасці. Напрыклад, немаўляты перакочваюцца і стукаюць ножкамі. Старэйшыя дзеці бегаюць, скачуць, круцяцца, штурхаюць і кідаюць прадметы, танцуюць пад музыку, гуляюць на дзіцячых пляцоўках і ў цэлым мітусяцца.

Нормы штодзённай фізічнай актыўнасці для дзяцей

Неабходна, каб дзеці ва ўзросце да 1 года многа гулялі на падлозе. Важна, каб немаўляты, якія не пачалі хадзіць, значную частку часу няспання праводзілі на жываце (як мінімум ад 30 хвілін у дзень).

У дзяцей ва ўзросце ад 1 года да 3 гадоў не менш за тры гадзіны штодня павінна быць адведзена на фізічную актыўнасць, у тым ліку на энергічныя гульні.

Агульны час фізічнай актыўнасці дзяцей ва ўзросце ад 3 да 5 гадоў павінен складаць ад трох гадзін кожны дзень, пры гэтым важна, каб энергічная гульня займала больш за адну гадзіну.

Дзеці ва ўзросце ад 5 да 18 гадоў павінны штодня не менш за адну гадзіну прысвячаць практыкаванням з умеранай або высокай фізічнай нагрузкай плюс некалькі гадзін лёгкай фізічнай актыўнасці. Пры гэтым важна, каб як мінімум тры разы на тыдзень яны ўдзялялі час заняткам, якія ўмацоўваюць косна-мышачны апарат.

Дзіця можа выконваць фізічныя практыкаванні ў некалькі падыходаў на працягу дня. Галоўнае, каб агульнай фізічнай нагрузкі было дастаткова для дзіцяці. Чым больш дзіця фізічна актыўнае і чым менш часу яно праводзіць седзячы, тым лепш для яго.

Фізічная актыўнасць і дзеці з дадатковымі патрэбамі

Фізічная актыўнасць важная для кожнага дзіцяці.

Калі дзіця мае дадатковыя патрэбы, звязаныя з захворваннем або інваліднасцю, а таксама калі ў вас ёсць якія-небудзь асцярогі наконт аб’ёму і тыпу штодзённай фізічнай нагрузкі дзіцяці, пракансультуйцеся са спецыялістам.