Заахвочванне да добрых паводзін: 15 парад
Як заахвочваць дзіця да добрых паводзін
Выкарыстанне пазітыўнага і канструктыўнага падыходу ў выхаванні дзіцяці з’яўляецца найлепшым спосабам кіравання яго паводзінамі. Гэта азначае, што вам трэба ўдзяляць дзіцяці больш увагі, калі яно паводзіць сябе добра, а не выкарыстоўваць негатыўныя наступствы (пакаранні) для таго, каб зменшыць верагоднасць дрэнных паводзін дзіцяці ў будучыні.
Вось некалькі практычных рэкамендацый, як ажыццявіць пазітыўны падыход.
Парады па фарміраванні добрых паводзін
1. Будзьце ўзорам для пераймання
Дзіця назірае за вамі, каб зразумець, як сябе паводзіць, — тое, што вы робіце, значна больш важнае за тое, што вы гаворыце. Напрыклад, калі вы хочаце, каб дзіця сказала «калі ласка», ужывайце гэтае слова самі. Калі вы не хочаце, каб дзіця павышала голас, гаварыце ціха і спакойна. Старайцеся сваімі паводзінамі накіроўваць дзіця.
2. Пакажыце свайму дзіцяці, як яго паводзіны могуць уплываць на вашы пачуцці
Калі сапраўды паведамляць дзіцяці пра тое, як яго паводзіны ўплываюць на вашы пачуцці, гэта будзе дапамагаць яму ўсведамляць свае ўласныя эмоцыі і развіваць эмпатыю ў адносінах да вас і іншых людзей. Калі вы пачынаеце сказ з займенніка «я», гэта дае вашаму дзіцяці магчымасць зірнуць на рэчы з вашага пункту гледжання. Напрыклад: «Я засмучаюся, калі так шумна і я не магу размаўляць па тэлефоне».
3. Заўважайце добрае ў паводзінах дзіцяці
Калі ваша дзіця паводзіць сябе так, як вам падабаецца, дайце станоўчую зваротную сувязь. Напрыклад: «Ух ты, як прыгожа ты намаляваў сабаку! Мне вельмі падабаецца, што ты сабраў свае фарбы, і было б увогуле выдатна, калі б ты памыў за сабой пэндзлі». Гэта спрацуе лепш, чым калі вы скажаце: «Ну вось, зноў непарадак на стале! Хутка памый свае пэндзлі і складзі ўсё на месца!».
Такія станоўчыя каментарыі часам называюць апісальнай пахвалой, таму што яны ўказваюць дзецям, што канкрэтна тыя робяць добра. У зносінах з дзіцем паспрабуйце прытрымлівацца наступных суадносін: рабіце шэсць станоўчых каментарыяў на адзін негатыўны. І памятайце, што калі ў дзяцей ёсць выбар паміж адсутнасцю ўвагі ці негатыўнай увагай, яны будуць шукаць негатыўную ўвагу: «Лепш няхай мама на мяне крычыць, чым не звяртае ўвагі».
4. Спусціцеся на ўзровень вашага дзіцяці
Калі вы набліжаецеся да дзіцяці, вы можаце настроіцца на тое, што яно адчувае ці думае. Блізкасць таксама дапамагае яму засяродзіцца на тым, што вы гаворыце пра яго паводзіны. Калі вы знаходзіцеся побач са сваім дзіцем і прыцягваеце яго ўвагу, вам не трэба прымушаць яго глядзець на вас.
5. Выкарыстоўвайце актыўнае слуханне
Калі ваша дзіця вам нешта расказвае, праяўляйце сваю зацікаўленасць у зносінах з ім наступнымі спосабамі: глядзіце на яго, ківайце, абагульняйце пачутае або выказвайце здагадкі пра яго пачуцці. Напрыклад: «Відаць, табе сумна з-за таго, што ты прайграў сястры». Калі вы дэманструеце шчырую зацікаўленасць у зносінах з дзіцем, гэта дапамагае яму справіцца з напружаннем і моцнымі эмоцыямі, такімі як расчараванне ці крыўда, якія часам прыводзяць да непажаданых паводзін. Такое ўзаемадзеянне дазваляе дзецям зразумець, што іх пачуцці значныя для вас і вы гатовы падтрымаць іх у складаныя моманты.
6. Выконвайце абяцанні
Калі вы выконваеце свае абяцанні, добрыя ці дрэнныя, ваша дзіця вучыцца давяраць вам і паважаць вас. Яно будзе ўпэўнена, што вы яго не падведзяце, калі паабяцалі нешта добрае, а таксама паспрабуе мяняць свае паводзіны, ведаючы пра магчымыя наступствы. Таму перш чым паабяцаць, што пойдзеце на прагулку пасля таго, як дзіця збярэ свае цацкі, пераканайцеся, што на вуліцы не ідзе дождж. Калі вы кажаце дзіцяці, што выйдзеце з магазіна, калі яно не перастане бегаць, будзьце гатовыя неадкладна сысці.
7. Стварыце спрыяльнае асяроддзе для добрых паводзін
Навакольнае асяроддзе вашага дзіцяці здольна ўплываць на яго паводзіны, таму вы можаце арганізаваць абстаноўку так, каб спрыяць добрым паводзінам. Спусціцеся на ўзровень дзіцяці і паглядзіце навокал. Пераканайцеся, што ў яго прасторы ёсць шмат бяспечных і цікавых рэчаў, з якімі дзіця можа пагуляць; далікатныя і небяспечныя для яго прадметы прыбярыце далей. З вашымі акулярамі вельмі весела гуляць — дзецям складана запомніць, што іх нельга чапаць. Захоўвайце далікатныя і каштоўныя рэчы па-за полем зроку дзяцей — так вы паменшыце верагоднасць узнікнення праблем.
8. Устанаўлівайце прыярытэты
Перш чым умяшацца ў дзейнасць вашага дзіцяці, асабліва калі верагоднасць адмовы або асуджэння вельмі вялікая (вы можаце сказаць «нельга» ці «стоп»), спытайце сябе, ці сапраўды гэта неабходна рабіць. Зводзячы да мінімуму інструкцыі, просьбы і адмоўныя каментарыі, вы змяншаеце верагоднасць канфліктаў і з’яўлення адмоўных пачуццяў. Правілы важныя, але выкарыстоўвайце іх толькі тады, калі гэта сапраўды мае значэнне.
9. Будзьце паслядоўнымі ў дзеяннях
Саступіўшы дзіцяці, калі яно ные ці штосьці ад вас патрабуе, вы можаце выпадкова прывучыць яго дамагацца свайго такім спосабам. «Не» не азначае «можа быць», таму не гаварыце гэтае слова, калі не маеце яго насамрэч на ўвазе.
10. Рабіце рэчы простымі і пазітыўнымі
Калі вы даяце выразныя інструкцыі простай мовай, ваша дзіця разумее, чаго ад яго чакаюць, напрыклад: «Калі ласка, трымай мяне за руку, калі мы пераходзім дарогу». Станоўчыя правілы звычайна лепшыя, чым адмоўныя, таму што яны накіроўваюць паводзіны вашага дзіцяці ў станоўчы бок. Напрыклад: «Калі ласка, зачыні ўваходныя дзверы» лепш, чым: «Не пакідай ўваходныя дзверы адчыненымі».
11. Дзяліцеся адказнасцю і наступствамі
Па меры таго, як ваша дзіця становіцца старэйшым, вы можаце ўскласці на яго больш адказнасці за паводзіны. Таксама часам варта даць яму магчымасць адчуць іх натуральныя наступствы. Напрыклад, калі ваша дзіця павінна было самастойна сабраць партфель у школу і забылася свой сшытак па матэматыцы, то яму давядзецца перапісаць класную работу дома ў дадатак да хатняга задання.
У іншых выпадках вам трэба паведаміць дзіцяці пра рэальныя наступствы непрымальных або небяспечных паводзін. Часам інфармацыю пра гэта неабходна паўтараць некалькі разоў, каб пераканацца ў тым, што вы правільна і даходліва ўсё патлумачылі.
12. Не паўтарайце многа разоў адно і тое ж
Калі вы занадта часта кажаце свайму дзіцяці, што яму рабіць ці чаго не рабіць, яно можа проста перастаць звяртаць на вас увагу. Лепш пры звароце да дзіцяці пакажыце, што вы хочаце супрацоўнічаць з ім і даяце яму апошні шанец, нагадайце пра наступствы яго адмовы. Затым пачынайце лічыць да трох.
13. Зрабіце так, каб ваша дзіця адчувала сябе важным
Даручыце дзіцяці некалькі простых спраў, з якімі яно можа самастойна справіцца, каб дапамагчы сям’і. Дзякуючы гэтаму дзіця адчуе сябе важным. Калі вы ўвесь час будзеце ствараць умовы для выканання дзіцем пэўных хатніх спраў, яно хутчэй асвоіць новыя навыкі, адчуе сябе больш упэўнена і зможа крыху палегчыць вашу хатнюю працу. Напрыклад, калі вы даручыце дзіцяці накрыць стол да сямейнага абеду, а затым пахваліце яго перад усімі і падзякуеце за дапамогу, то наступны раз яно гэта зробіць з вялікім задавальненнем. Не забывайце хваліць дзіця не толькі за паводзіны, але і за прыкладзеныя ім намаганні — гэта дапаможа павысіць яго самаацэнку.
14. Рыхтуйцеся загадзя да складаных сітуацый
Бываюць выпадкі, калі цяжка сумясціць клопат пра дзіця і неадкладныя справы. Абдумаўшы папярэдне некаторыя складаныя сітуацыі, вы зможаце спланаваць свае паводзіны загадзя. Напрыклад, дзіцяці неабходна здаць аналіз крыві. Папярэдзьце яго загадзя пра тое, што запланавана такая працэдура, ці прайграйце з ім гэтую сітуацыю дома. Пагаварыце з дзіцем пра тое, для чаго неабходна здаваць кроў. Хутчэй за ўсё, раніцай яно будзе гатова да таго, пра што вы яго папярэджвалі.
15. Захоўвайце пачуццё гумару
Пачуццё гумару дапамагае захаваць лёгкасць паўсядзённага жыцця дзяцей. У гэтым пытанні на дапамогу вам прыйдуць песні, гумар і весялосць. Напрыклад, вы можаце прыкінуцца страшным казытлівым монстрам, якому патрэбны цацкі, паднятыя з падлогі. Жарты, якія прымушаюць вас абаіх смяяцца, — гэта выдатна! Імкніцеся пазбягаць насмешак у адрас вашага дзіцяці, бо маленькіх дзяцей лёгка пакрыўдзіць жартамі.