Выкарыстанне тайм-аўта для кіравання паводзінамі дзіцяці

Адпраўляць дзіця на тайм-аўт у адказ на непрымальныя паводзіны — значыць пазбаўляць яго на некаторы час цікавых заняткаў і ўвагі. Выкарыстанне тайм-аўта як элемента вашай стратэгіі па кіраванні паводзінамі можа быць вельмі эфектыўным спосабам дапамагчы дзецям зразумець розніцу паміж прымальнымі і недапушчальнымі паводзінамі.
Body

Што такое тайм-аўт

Тайм-аўт — гэта сітуацыя, у якой вы спыняеце цікавы для дзіцяці ў дадзены момант занятак і не ўдзяляеце яму ўвагу на працягу кароткага перыяду часу.

Тайм-аўт можна выкарыстоўваць для кіравання паводзінамі дзіцяці, калі яны непрымальныя.

Стратэгія тайм-аўта лепш за ўсё працуе, калі паміж бацькамі і дзіцем наладжаны цёплыя, добрыя адносіны, а таксама пры спалучэнні з іншымі метадамі кіравання паводзінамі, напрыклад з прадухіленнем непажаданых паводзін (адцягненне ўвагі; падтрыманне дастатковай занятасці дзіцяці) і заахвочваннем да прымальных паводзін.

Як працуе тайм-аўт

Пры прадуманым падыходзе тайм-аўт можа стаць выдатным сродкам навучання дзяцей таму, як можна і як нельга сябе паводзіць. Аднак важна правільна яго выкарыстоўваць. Дадзены артыкул закліканы дапамагчы вам належным чынам прымяняць гэтую стратэгію.

Нават маленькія дзеці ў стане зразумець, што калі яны дрэнна сябе паводзяць, то могуць на кароткі час пазбавіцца як зносін з іншымі людзьмі, так і цікавых рэчаў. Тайм-аўт таксама дае вашаму дзіцяці магчымасць падумаць пра тое, што адбылося і як наступным разам можна паводзіць сябе інакш.

Да таго ж тайм-аўт у меншай ступені выклікае ў дзяцей пачуццё гневу, сораму ці страху ў параўнанні з іншымі метадамі выхавання, такімі як цялесныя пакаранні.

Тайм-аўт добра працуе, калі вашы адносіны і сумеснае баўленне часу з дзіцем напоўнены цеплынёй і любоўю і калі вашы чаканні ў адносінах да яго паводзін адпавядаюць узросту дзіцяці. Калі паводзіны дзіцяці ці іншыя акалічнасці вашага жыцця ўплываюць на тое, як вы да яго ставіцеся, пагаварыце са сваім урачом ці іншым спецыялістам (псіхолагам, педагогам).

Час на супакаенне і тайм-аўт

Існуюць два тыпы падобнай стратэгіі: час на супакаенне і тайм-аўт.

Час на супакаенне

Час на супакаенне — перыяд, на які вы перарываеце нейкую сітуацыю, але не адпраўляеце дзіця ў іншае месца. Напрыклад, калі вы знаходзіцеся ў парку, вы можаце сказаць дзіцяці пасядзець пад дрэвам пяць хвілін і супакоіцца. Калі вы дома, можна папрасіць дзіця сесці ў крэсла ў тым жа пакоі, у якім знаходзіцеся і вы.

Калі ваша дзіця не хоча ціха сядзець у тым жа пакоі, можна прапанаваць тайм-аўт у іншым.

Тайм-аўт

Калі дзіця дрэнна сябе паводзіць, яно адпраўляецца на тайм-аўт у загадзя абумоўленае для гэтага месца, напрыклад у вольны пакой ці калідор. Звычайна месца для тайм-аўта — гэта бяспечны і «сумны» пакой або месца без цацак і гульняў.

Вы можаце пакінуць гэты пакой адчыненым, але калі ваша дзіця паспрабуе выйсці раней, чым вы яму дазволіце, зачыніце дзверы да завяршэння тайм-аўта. Гэта дапаможа пазбегнуць сваркі паміж вамі і вашым дзіцем.

Рашэнне зачыніць дзверы слушнае, калі тайм-аўт правакуе вельмі гучныя ці агрэсіўныя паводзіны як з боку вашага дзіцяці, так і з вашага. Але калі вам трэба прыглядаць за дзіцем падчас тайм-аўта, лепш пакінуць дзверы адчыненымі.

Памятайце, тайм-аўт не заўсёды з’яўляецца выхадам з сітуацыі. Часам нездавальняючыя паводзіны ўзнікаюць з-за таго, што ваша дзіця дрэнна сябе адчувае, у вашай сям’і ўзнікла праблема ці па якой-небудзь іншай прычыне, уключаючы пэўную стадыю развіцця вашага дзіцяці. Памятайце пра гэта, выбіраючы стратэгію кіравання паводзінамі свайго дзіцяці.

Укараненне стратэгіі тайм-аўта ў сям’і

Вось некалькі пытанняў, над якімі варта падумаць, перш чым пачаць выкарыстоўваць стратэгію тайм-аўта.

Якія стратэгіі захавання спакою вы карыстоўваеце?

Перш за ўсё, калі вы выкарыстоўваеце тайм-аўт, важна захоўваць спакой. Калі вы заўважылі, што адчуваеце стрэс, паспрабуйце зрабіць некалькі глыбокіх удыхаў, каб расслабіцца і фізічна, і разумова.

Колькі гадоў вашаму дзіцяці?

Тайм-аўт можа быць карыснай стратэгіяй для кіравання паводзінамі дзіцяці 3–8 гадоў. Дзеці ва ўзросце да 3 гадоў звычайна не гатовыя да тайм-аўта, таму ў дачыненні да іх лепш выкарыстоўваць іншыя падыходы па кіраванні паводзінамі, апісаныя ў іншых артыкулах.

Калі ваша дзіця падрасце, вы можаце пачаць далучаць яго да складання сямейных абмежаванняў і правіл.

Ці зручны зараз час для гэтага?

Часам дзеці пачынаюць непажадана сябе паводзіць, калі ў іх жыцці адбываюцца змены, напрыклад з’яўляецца маленькі брат ці сястра, калі сям’я пераязджае ў іншае жыллё ці дзіця пачынае наведваць яслі, сад або школу. Нават глабальная пандэмія выклікае стрэс у сем’ях і ўплывае як на дзяцей, так і на дарослых.

У падобных сітуацыях можна даць дзіцяці час прыстасавацца да змен, а самім падумаць пра спосабы заахвочвання пазітыўных паводзін.

Над якімі паводзінамі вы хацелі б папрацаваць?

Падумайце пра паводзіны вашага дзіцяці і пра тое, што вы хацелі б выправіць, напрыклад, каб яно не білася ці не сварылася. Майце на ўвазе, што лепш за ўсё працаваць над змяненнем канкрэтнага ладу дзеянняў, а не розных праяў адразу. Калі праблема будзе вырашана, можна пераходзіць да іншых момантаў, як, напрыклад, выпраўленне звычкі раскідваць цацкі.

Колькі часу адводзіць на супакаенне і тайм-аўты?

Эфектыўнасць метаду не звязана напрамую з яго працягласцю. Рэкамендаваны арыенцір — не больш за адну хвіліну на кожны год узросту дзіцяці, максімум пяць хвілін, напрыклад: максімум тры хвіліны для трохгадовага дзіцяці і максімум пяць хвілін для дзяцей ва ўзросце 5–8 гадоў. Можна выкарыстоўваць таймер, каб сачыць за часам.

Ці будзеце вы рабіць папярэджанне перад тым, як адправіць дзіця на тайм-аўт?

Гэта залежыць ад сітуацыі і вашага дзіцяці. Магчыма, вы захочаце даць яму шанец змяніць свае паводзіны, перш чым выкарыстоўваць тайм-аўт. Ці вы вырашыце, што пэўныя паводзіны, такія як бойка ці кусанне, неадкладна прывядуць да тайм-аўта.

Вырашыўшы рабіць папярэджанні да тайм-аўта, абавязкова выконвайце абяцанае, калі паводзіны вашага дзіцяці не мяняюцца. У адваротным выпадку стратэгія не спрацуе.

Як вы растлумачыце сутнасць тайм-аўта дзіцяці?

Калі вы раней не выкарыстоўвалі гэтую стратэгію, вам трэба будзе растлумачыць, якія паводзіны прывядуць да тайм-аўта і што менавіта будзе адбывацца. Лепшы час для такой размовы — калі вы абое спакойныя. Маленькім дзецям таксама спатрэбяцца напаміны і дадатковая дапамога, каб зразумець сувязь паміж іх паводзінамі і тайм-аўтам.

Дзецям малодшага ўзросту можна з дапамогай мяккай цацкі, лялькі ці нават іншага дарослага паспрабаваць растлумачыць, што і як будзе адбывацца.